Ён пасядзеў на чыёйсьці старой, без крыжа, добра, аднак, абкладзенай камянямі магіле, слухаў шэпт старасвецкіх хваін угары, думаў. Дужа дапякала шматдзённая, застарэлая ўжо стома. Каб не даць сабе ўпасці ад знямогі, трэба было ўстаць і ісці. Але куды? У хату да каго не папросішся, тут жа заставацца не было як: на золку яго адразу ўбачаць. Значыць, зноў — у лес. Лес заўжды з міласэрнай гатоўнасцю прымаў яго, не тое што людзі. Тым болей знаёмы ад маленства вялікі Казённы лес, ужо ён дапаможа цяпер бяздомнаму чалавеку.
Раздзел другі. Ноч і спакой
Мабыць, ён недалёка і адышоўся ад узлеску, але сярод дрэў і драбняку-падлеску стала нібы зацішней, нават цяплей быццам, ён узлез у нейкі лісцвяны гушчар і ўпаў у нетаптаную калючую папараць. Ужо не ставала сілы — ні ісці, ні паўзці. Перад тым як заснуць-забыцца, успомніў, што сёння за дзень пратупаў, мабыць, вёрст сорак — ад золку да ночы. Болей ён бы ўжо не прайшоў нават і сорак крокаў.
Прачнуўся ад сцюжы, увесь надта скалеў, здранцвелі да калень ногі, галава была цяжкая, нібы пасля гарэлкі. Не адразу зразумеў, дзе ён, спярша падалося — на тарфянішчы пад Котласам і што спазніўся на працу. Але, расплюшчыўшы вочы, сцяміў: Котлас далёка. Ён — дома. У світальным лесе, на сваёй радзіме. На радзіме ўсіх сваіх продкаў. Гэтая думка трохі падбадзёрыла Хведара, ён устаў на калені і пачаў неяк грэцца — унутраным намаганнем бораючы сцюжу, — як гэта рабіў ужо не першы раз, акалеўшы ўранні. Там, на Поўначы, калеў амаль кожнага ранку, праўда, там не было калі заўважаць тое, там ледзьве паспяваў сабрацца, каб не спазніцца на развод, у тайгу на лесапавал ці на земляныя работы, калі рабіў на тарфянішчы. Там былі строгія нарадчыкі, крыклівыя брыгадзіры, не дай бог было прыпазніцца — заставаўся галодны на ўвесь дзень. А то яшчэ быў і пабіты.
Цела памалу грэлася, а ногі па-ранейшаму як былі акалелыя, так і засталіся, але ногі, напэўна, сагрэюцца на хадзе. Трэба некуды ісці, тут яму сядзець не выпадала. Тут было зусім блізка да вёскі, мабыць, у лес прыгоняць пасвіцца статак, могуць заўважыць. Так, статак тут добра вытаптаў дол, падумаў Хведар, згледзеўшы сляды кароўіх капытоў, а неўзабаве пачуў і галасы, — мабыць, на ржышчы пад лесам гукалі пастухі. Каб не трапіць каму на вочы, ён ускочыў і ціха падаўся кустоўем.
Памалу рабілася цяплей, у лесе ўвогуле было зацішна. За пажаўцелымі верхавінамі бяроз, між бухматых лапаў ялін праглядвала хмарнае неба, і скрозь плыў, то цішэй, то мацней, нудны лесавы шум. Дужа хацелася есці, даўно ўжо надаедна-пуста бурчэла ў жываце. Яно і не дзіва: за ўчорашні дзень у роце не было ні крошкі, ён не меў часу паклапаціцца пра тое — так імкнуўся да роднага кута. Апошнюю скарынку хлеба, здабытую ў прахожай бабкі, зжаваў пазаўчора, бульбянога палетка на поплаве, вядома, не напаткаў, мусіць увесь дзень пасціцца. Учора, аднак, неяк трываў, — можа, ад хвалявання перад хуткім спатканнем не адчуваў і голаду. Але сёння з самага рання проста не меў сілы трываць. Толькі што тут і дзе можна было здабыць з’есці? Да пастухоў не падыдзеш, пастухі могуць пазнаць. На дарогу не паткнешся таксама — можа трапіцца знаёмы, тады ўсё прапала. З незнаёмымі было лягчэй, на выпадак сустрэчы з кім меў даведку, быццам ён — Зайцаў Андрэй Фаміч, ураджэнец Смаленскай вобласці і працуе на Тасьмінскім дрэваапрацоўчым камбінаце рознарабочым. Канешне, Смаленская вобласць зусім не ў гэтым баку, і дзе той Тасьмінскі ДАК, не ведаў і сам Хведар. Даведка, вядома, няблага гадзілася дзе-небудзь у Комі і не дужа — за тысячу вёрст ад яе. Але што было рабіць Хведару? Іншай паперыны ён не меў, а гэтая яму ўсё ж памагла два разы, і то добра.
Ціха, быццам крадком, ступаючы па апалым шархоткім лісці ў кустоўі, ён прайшоў наўкось да ўзлеску ля вёскі. Учора ён бачыў там старую грушыну, пад якой было чым пажывіцца, але тады яму было не да ежы. Сёння ж тыя грушы выклікалі ў яго нейкае нервовае нецярпенне, і ён неўзабаве ўбачыў праз голле прасцяг знаёмага поля пад лесам.
Ля грушыны не было нікога, мусіць, ад жывёлы яе аберагала блізкая азіміна, статак мінаў яе зводдаль ці глыбей у лесе. Хведар хутка назбіраў у кішэні світкі некалькі прыгаршчаў гнілабокіх грушак, смак якіх ён памятаў з дзяцінства, і тут жа з прагнасцю пачаў іх жаваць. Аднак, мусіць, трэба было чаго пашукаць да грушак, аднымі грушамі сыты не будзеш, гэта ён ужо ведаў. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Але тут было жытное, зелянела рунь, бульбу, мабыць, саджалі ў полі за лесам, калі толькі яшчэ не выбралі. Але не павінны выбраць, думаў Хведар. Да кастрычніка наўрад ці выберуць, а верасня яшчэ заставалася з тыдзень, не меней.
Читать дальше