Недзе тут, у лесе, між негустых таўшчэзных хваін, павінна была трапіцца яму старая дарожка, але ён не стаў шукаць яе, пайшоў наўпрост. Стомлены, згаладнелы, з настылымі мокрымі нагамі, ён не мог адолець у сабе трывожнага неспакою і міжволі імкнуўся наперад — каб толькі хутчэй. Часам нават забываўся на асцярогу і шыбаваў наўпрост, праз хмызняк і кустоўе, хрускаючы апалым суччом; перайшоў беразнячок-падлесак і выбраўся на амаль чысты і голы расцяроб-дзялянку. Дзесьці паблізу была і ягоная дзялянка, дзе ён са шваграм Тамашом пілаваў узімку бярвенне, падлетак Міколка памагаў тады абсякаць суччо. Дзе цяпер той Тамаш?..
Усё ж ён трохі прабег па зарослай травой лесавой дарожцы — ісці спакойна ўжо не ставала сілы, — усё ў ім імкнулася наперад, туды, дзе на ўзлеску павінна было паказацца поле і ягоная асірацелая без гаспадара сядзіба. Канешне, не пустуе, хтось там жыве… А няшчасны гаспадар, здаецца, траціў развагу ад нецярпення, узрушэнне калаціла яго нервовай дрыжакай, так хацелася яму згледзець хутчэй дранкавы дах з чырвоным комінам, саламяныя стрэхі хляўкоў, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай. Як садзіў ды прышчэпліваў, былі яшчэ малыя, са жменькай лісточкаў у суччы, а цяпер… Цяпер, мабыць, ужо стаяць з яблыкамі. Не дзіва, мінула столькі гадоў.
Ён выбраўся на ўзлесак ля старой, знаёмай з дзяцінства раскарэкі-грушыны, травяны дол пад якой быў спрэс абсыпаны свежымі і ўжо гнілаватымі грушамі; безліч іх жаўцела ў пажухлай лістоце. Адсюль ужо добра відаць быў вялізны прасцяг узаранага на зябліва поля. Хведар марудна клыпаў па ўзлеску, усё пазіраючы ўніз, да ручая, дзе ляжаў ягоны сіроцкі надзел. За ім віднеліся ўдалечы крайнія хаты Нядолішча — стрэхі хляўкоў, садкі і платы ля гародаў. На крайнім агародным шнурку, сагнуўшыся, поркалася жанчына ў чырвонай хусціне, мусіць, нехта з Антосевых баб выбіраў бульбу. Але дзе ж ягоная сядзіба, дзе хаты і будынкі? На раўнінным, трохі пакатым пляцы надзелу з слабенькай восеньскай рунню гойдалася на ветры некалькі велікаватых ужо дрэў садка, ніводнай жа будыніны не было побач. Скрозь ляжаў прасцяг голага поля — ад лесу аж да самай сажалкі ўнізе.
Хведар яшчэ ішоў, нязграбна шоргаючы пасталамі ў сухім быльнягу ля ўзлеску, але сілы яго ўсё марнелі, крок рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак ля альховых кустоў і знерухомеў.
Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і на што наракаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? Найперш, каб пабачыць. Ну вось і пабачыў… Ці тут павінен яго хто сустракаць, хто прывячаць — уцекача з таго свету? Ці хоць бы ашчаджаць яго пакінутую сядзібу — мусіць, пайшла на патрэбу іншым. Можа, кудысь перавезеная, дала прытулак добраму чалавеку. З дзецьмі і старымі. Ужо, напэўна, шчаслівейшаму, чым ён. А зямля?.. Зямля во засталася і нават зелянее рунню. Здаецца, і неблагая рунь. Толькі на тым канцы каля сажалкі зачарнелася ад вільгаці, там заўжды ўсё пасеянае вымакала. Некалі ён стараўся там саджаць бульбу, два разы сеяў каноплі. Збажына ж каля сажалкі не радзіла. Але гэтыя цяпер, мусіць, не ведаюць. Засеялі ўвесь прасцяг жытам, думаюць, будзе расці…
Ён сядзеў так, апанураны, у абсалютнай знямозе, і глядзеў на ўсё тое, чаго не бачыў гады і да чаго гэтак імкнуўся. Над полем і вёскай маркатнеў восеньскі адвячорак, з лесу плыў густы пошум ветру, і кудысь ляцелі ўгары раскудлачаныя дажджавыя хмары. На полі і паблізу не было нікога, людзі адно трохі варушыліся ў вёсцы на гародах і падворках, за платамі і парканамі. З канца вуліцы выехалі калёсы з падлеткам, які сярдзіта махаў пугаўём на гнядога кастлявага коніка — з ціхім грукатам калёсы пакаціліся ў раўчук за вёскай. Падлетка Хведар ужо не стараўся і пазнаць, хоць тут, вядома, некалі ведаў кожнага, старога і малога. Але ж мінулі гады, за якія, мабыць, сышлі на той свет старыя, павырасталі малыя. Ці ён пазнае каторага? Але не дай бог, каб тут пазналі і яго. Ці хоць бы заўважылі. Схамянуўшыся, споўз з узмежка, стуліўся, сеў ніжай. Нядаўняе ўзрушэнне патроху міналася, ён ужо болей спакойна стаў пазіраць на знаёмае з дзяцінства поле, палетак азіміны, рэдкія адзінокія дрэўцы на былых межах, кустоўе ў нізінах і каля балотцаў. У тым канцы вёскі зелянела шыракаватая купка хвоек, нешта бялелася пад імі. То былі тутэйшыя могілкі з усёй ягонай раднёй, старымі, дзядамі і прадзедамі — усім яго родам. І шмат якімі вясковымі родамі, што адышлі, аджылі сваё, адпакутавалі. Зайздросная ўсё ж доля, падумаў Хведар: навек разам з усімі, у сваім кутку. А ягоная жонка Гануля, спакутаваная вясковая кабетка, не ашчаслівілася нават і гэткаю доляй — легла ў балотную ямку пад сцюдзёным Котласам. Ці думалася калі. Ці хто чуў тут тую незразумелую назву, якая во стала яе страшным лёсам. Ды ледзьве не стала і яго таксама.
Читать дальше