Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці — так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся — заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.
А бацька дайшоў.
Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну — той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы — з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю.
Вельмі яму хацелася падысці да грудка, каб хоць зірнуць на знаёмыя мядзяныя камлі хвой, сухі жвірысты дол, ды ён не пайшоў. Блізка было і жадана, але… Наперадзе, мусіць, чакалі яго і яшчэ болей родныя мясціны, а там, за грудком на дарозе, маглі паявіцца людзі. Свае, знаёмыя, дзеравенцы. Але сустрэчы са сваімі і знаёмымі ён баяўся болей за ўсё.
«Божа літасцівы, чаму ж я такі нешчаслівы? — звыкла падумалася Хведару, як думалася бадай штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. — Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я…» А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў — па-дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу, дзе ж было дапяцца да ўдачы. Але во ці не пашэнціла ўсё ж, калі ўжо зніклі ўсе спадзяванкі. Здаецца, і напраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам і параснікамі, дзе мінулі яго маладыя гады, дзе будучыня колісь паклікала яго да незабыўнага, зманлівага шчасця. Няўжо цяпер яму надарыцца такое? Ад таго грудка па дарозе заставалася тры вярсты да канчатковае мэты яго падарожжа. Няўжо яна спраўдзіцца?
Каб не ісці па дарозе і размінуцца з грудком, трэба было неяк праскочыць па вузенькай голай лагчынцы з ручаём, перайсці па той бок дарогі, бо на гэтым пачыналася балота, па якім ён, мабыць, не пройдзе. Тут ужо ён наскрозь усё ведаў, не трэба было пытацца. Ён і раней ні пра што не пытаўся, хіба дзе ў пастушкоў, аднойчы — у бабкі, што з кійком у руках брыла па дарозе ў полі. І ніколі — у мужчын ці маладых хлопцаў, дзевак, якія хутка маглі яго затрымаць, здаць у міліцыю. На маладых надзеі не было ніякай, тыя цяпер спрэс камсамольцы, выхаваныя ў нянавісці, падазрэнні да кожнага чужога, незнаёмага. А да такога знаёмага, як ён, — тым болей.
Дарогу ён перабег удала, паблізу нікога не было відаць, і, трохі захінуўшыся за кустамі алешніку, даклыпаў да большага лесу. То быў край вялікага Казённага лесу, у якім некалі выдзялялі дрэвы сялянам — на пабудову. Ён і сам пілаваў тут на хату, як будаваўся пасля вайны на сваім толькі што прыдбаным надзеле, які тады наразаў яму сельсавет — дванаццаць дзесяцін — па дзве дзесяціны на душу. А было ў яго тады шэсць душ: ён з жонкай Ганнай, двое старых, сынок Мікалай ды малая дачушка Волечка, якая ў той год нарадзілася. І ён, пагарджаны парабак, патомны беззямелец, стаў уладаром гэткага багацця зямлі з былога панскага прасцягу пад лесам. Помніў, душа яго спявала ад шчасця, белы свет здаваўся несканчона зіхоткім раем. Пабудаваў хату, гумно, хляўкі — зажылі…
Читать дальше