— Во бачыў? — сур’ёзна зазначыў Гуж Петраку. — Знаеш, што немцы з такімі робяць?
— Ну чуў… Але гэта…
— Вешаюць! Вешаюць на тэлефонных слупах! — прыстукнуў ён цяжкім кулаком па стале. Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы, паліцай, мусіць, заўважыў гэта і задаволена адкінуўся да сцяны.
— Ды яна так, не са злосці, — паспрабаваў апраўдаць жонку Пятрок.
— Ад чаго ж тады? Скажаш, ад добрасці? Камуністка яна, — аб’явіў раптам Гуж.
— Ды не… Яна языком толькі.
— Во-во, языкатая, — нядобра пагадзіўся Гуж. — Не выдралі яшчэ. Дык выдзеруць. У немцаў гэта раз-два.
Пятрок не ведаў ужо, што сказаць, каб як бараніць жонку, якую вельмі хутка нават маглі загубіць гэтыя двое. Сама яна не паберажэцца — скарэй наадварот. Але Гуж нечакана абвясціў:
— Скажы мне дзякуй. Маёй дабраце. А то б даўно ўдаўцом стаў. Панятна?
— Дык то — дзякуй.
— Во-во!
Што ж, Пятрок зразумеў: на гэты раз быццам пранесла. Можа, не возьмуць. Пакуль што. Калі гэта дурніца зноў не налезе на іх паліцэйскі ражон.
— Але «дзякуем» не абыдзешся. Ці ты думаеш, я цябе буду пакрываць і яшчэ паўлітэркі насіць? Гэта ты мне насіць должан, — зноў узяўся за сваё Гуж.
— Дык я б з гатовай душой. Але…
— Гарэлкі няма? А ты дастань! Купі! Выменяй! Для радні не можаш пастарацца? Я ж табе не чужы?
— Не чужы, ага…
«Каб ты згарэў, аднак, сваячок гэты», — зацята думаў пры сабе Пятрок, адчуваючы, што новая паваротка ў гаворцы не лепшая за ранейшую. Дзе ён возьме яму гарэлкі? У лаўцы не купіш, у суседзяў не пазычыш. Некалі, праўда, спрабаваў гнаць самагон, але і начыння таго даўно ўжо няма. Зноў жа, як было пярэчыць гэтаму жываглоту — неяк трэба выкручвацца. Як толькі?
— Я да цябе яшчэ завітаю. Чуеш?
— Чую, анягож. Ды толькі…
Ён не знайшоў, як скончыць, калі ўвайшла Сцепаніда, прынесла гуркоў і капусты, моўчкі паставіла ўсё на стол.
— Мусіць, немцы слабавата кормяць? — з прыхаванай з’едлівасцю запытала яна. Гуж нядобра вырачыў вочы.
— А табе што? Ці вельмі не падабаюцца немцы?
— Як скуллё на задніцы!
— Сцепаніда!!! — ускочыў Пятрок. — Маўчы!
— А я і маўчу!
— Маўчы!!! Знаеш… Вот ён па-родственнаму! Па-добраму, а ты! Знаеш?..
— Ладна, — сказала яна да Петрака. — Ужо выпіў, дык і гатоў зад лізаць. Дужа ты, аднак, быстры…
Апошнія яе словы ўжо даляцелі з сенцаў, бразнулі дзверы, і Пятрок вінавата пракашляўся. Ён чакаў і баяўся, што цяпер скажа Гуж.
— Баба, вядома… Што зробіш?
— Што зробіш? — злосна падхапіў паліцай. — Пута вазьмі. Каторае тоўстае, новае, з кастрой! І путам! А то пяньковай пятлі дачакаецца. Папомніш мяне!
Пятрок панура маўчаў, седзячы пры стале. Кучку накрышанай табакі ссунуў на ражок стала і невідушча падмятаў даланёй табачныя крошкі, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж — есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе!
— Прыязджаў важны чын, — ужо спакайней паведаміў Гуж. — Называецца па-нямецку зондарфюрар. Загадаў усё ў полі ўбраць.
— Счытай, усё ўжо ўбралі, — уставіў Пятрок.
— Не ўсё. Тое, што ўбралі, нікуды не дзенецца. Пападзе ў нямецкі засек. Але бульба! Бульба засталася. Во і яе выкапаць. І здаць. Для германскай арміі. Паняў? Як пры Саветах.
«Чорта ты яе з поля возьмеш для германскай арміі, — падумаў Пятрок. — Няхай яна пагніе там!»
У бутэльцы яшчэ трохі заставалася, Гуж выліў рэшту ў шклянку і моўчкі перакуліў шклянку ў рот. Крактануў, выцер пяцярнёй тлустыя ад сала вусны.
— І яшчэ во што! Тут, мабыць, заходзяць розныя?.. З лесу каторыя. Бандзіты! — зноў уставіўся ён на Петрыка, якому стала не па сабе ад гэтага яго позірку. — Не было такога? Ладна, паверу. Але помні: калі хто — адразу ў паліцыю. У мястэчка ці ў Выселкі. Але каб зараз жа. Паняў? А то за ўкрывацельства, знаеш? У мястэчку быў?
— Быў, ну.
— Чытаў прыказ? Расстрэл і канфіскацыя імушчаства. Немцы, яны не чыкаюцца. Паняў?
Пятрок паныла ўздыхнуў — што ж зробіш? Кругом нявыкрутка. Кругом кара, расстрэл, канфіскацыя. Як тут жыць будзеш?
Гуж, не спяшаючыся, вылез з-за стала і, сытна ікаючы, нацягнуў на плечы рудую скуранку.
— Яешня адмяняецца! — з нечаканай добрасцю аб’явіў ён Петраку. — Другім разам. Можа, калі на днях. Так што рыхтуйся!
Пятрок сядзеў на ўслоне, паныла падпёршы галаву рукамі, і невідушча глядзеў на стол, дзе тоўстыя восеньскія мухі поўзалі па тлустай ад сала сталешні. Ён не прыбіраў посуд, не дакранаўся ні да агуркоў, ні да сала, Сцепаніда таксама не падыходзіла сюды — яна сварылася ад парога.
Читать дальше