Дрыгоцце тым часам робіцца нясцерпным. Здаецца, разваліцца фурманка. Лётчык пад паўшубкам крычыць:
— Сястра! Не магу я! Стойце! Спыніце коней!.. Я не магу…
З перадка ў злой нястрымнасці азіраецца Каця.
— Змоўкні! Змоўкні зараз жа! Што ты енчыш! Не можаш — злазь к чортавай матары!
— Баліць! Баліць жа… У-у-у-у…
— Цярпі!
Мы ўзлятаем на ўзгорак. За ім спуск, там нас ужо не дастаць. Ну, яшчэ хвілінку, паўхвілінкі… Ад напружання я ўпіваюся зубамі ў губу, нібы так лягчэй. Яшчэ трошкі… I тут…
— Тр-р-рах! І-у-у-у-у…
Што гэта?.. Чаму гэта?.. — бянтэжыць мяне недаўменне. Фурманка ўзлятае перадком угору, воз перакошваецца. Нейкая сіла выкідвае мяне прэч і балюча куляе галавой у снег. Побач, узараўшы баразну ў снезе, сунецца рог фурманкі. Здаецца, раздушыць. Але раптам спыняецца ля самага майго пляча.
Я тут жа прахопліваюся, адчуўшы сябе на краі пагібелі. На руках і каленях адскокваю прэч. Фурманка абернута набок. Хтось апантана лаецца. Каця падхоплівае лётчыка. Адзін конь, укленчыўшы на пярэднія ногі, б’ецца галавой аб снег. Другі тузае фурманку ўбок. Яго хапае за аброць старшына.
Але, здаецца, я цэлы і, ускочыўшы, кідаюся да паваленай набок падводы. Юрка, апоўзшы на край, нейкім цудам трымаецца там. Аднак мяне апярэджвае немец. Плячом ён дужа паддае знізу і перакульвае падводу на колы. Наперадзе крык Сахно:
— Рэж пастромкі! Пастромкі!!!
Старшына хапаецца за пастромкі, а Сахно ўвальваецца ў падводу. Немец ужо завіхаецца ля Каці. Удвох яны цераз борт увалакваюць у фурманку лётчыка. На снезе збоч ляжыць ездавы. Галава ў яго… Зрэшты, галавы няма, замест яе адно страхоцце. Лепш туды не глядзець. Старшына чымсь перарэзвае пару тоўстых пастромкаў і хвошча вяроўкай каня. Апошняга нашага каня, які зморана тузае фурманку. Другі, заціхаючы, грабецца на снезе. Яму ўжо не ўстаць.
— Хутчэй! Хутчэй!
Я не ведаю, ці гэта крычыць хто, ці мо гэта рвецца з мае душы. Я толькі кожнаю часцінкай цела адчуваю, што трэба хутчэй, бо вось-вось усмаляць — танкі ўжо даганяюць. Над балкаю гул і лязгат. Гахаюць выбухі, і танкавыя кулямёты захліпаюцца ў агнявой ярасці. Наўкола крыкі і лаянка. Не, гэта не бой — гэта знішчэнне. Да нас падбягае нейкі сяржант у гімнасцёрцы без шыняля. Ягоныя грудзі з ордэнам Славы густа заліты крывёю. Ён задыхана хрыпіць і моўчкі валіцца ў падводу — я толькі паспяваю затуліць Юрку.
Але ўрэшце мы за пагоркам. Тут ужо не пацэляць. Наперадзе, у балцы, праз паўкіламетра сяло. Заснежаныя мазанкі, плятні, ранішнія дымкі з комінаў. I там — дарога. Тут ужо бегуноў болей. Яны, пэўна, думаюць, што ў сяле паратунак, і джгаюць туды з усіх сіл. Але я адразу заўважаю, што ў сяле пуста. Арганізаванай абароны тут таксама няма, тут наогул ужо мала хто і ёсць. Відаць, паддаўшыся паніцы, драпанулі і тутэйшыя. А дарога засталася — добраўпарадкаваная шаша, мабыць, з Кіраваграда. Зоймуць ды перарэжуць — быць тады і большай бядзе… Нахіленая набок, рызыкуючы перавярнуцца, фурманка коціцца па снезе. Да нас бягуць людзі. Нехта зноў увальваецца ў воз, некалькі параненых чапляюцца за барты. Пажылы баец у расшпіленым шынялі, аслабела трухаючы побач, глуха і моўчкі плача без слёз. Яго шчаціністы падбародак сутаргава тузаецца. Старшына, не перастаючы, лупіць коніка. Мы мінаем адну групу і некалькі адзіночак і яшчэ, мабыць, чалавек з дзесяць. I тады Сахно рашуча саскоквае на снег.
— Ану, стой! Стой! — крычыць ён на байцоў і выцягвае з кабуры пісталет. — Назад! Пастраляю ўсіх, як сабак! Назад!
Кінуўшы лейцы Каці, саскоквае з падводы і старшына. Ён таксама пачынае крычаць «стой», некага даганяе і ў каршэнь штурхае да капітана. Сахно падаецца ў другі бок. Зводдаль па схіле пагорка бяжыць некалькі чалавек, і ён, не цэлячыся, бахае туды з пісталета. Уцекачы спачатку спыняюцца, пасля, разбрыўшыся, ідуць уніз. Ля старшыны набіраецца дзесятка паўтара выпадковых людзей.
— На бугор! Марш на бугор! — крычыць Сахно і паказвае ў поле рукой.
Ад групы аддзяляецца старшына.
— Братва, ану бягом! У каго гранаты — ка мне! Мы ім пакажам кузькіну маць!
Зморана і не дужа рашуча яны бягуць на пагорак. Сахно яшчэ кагосьці спыняе і гоніць за ўсімі. Некага б’е рукаяткай пісталета па шыі. Што ж, можа, гэтак і трэба. Спадзявацца цяпер няма на каго. Ніхто тут нас не абароніць. Толькі самі сябе.
У нейкім бяздумным парыве я таксама саскокваю з падводы. Саскокваю і прысядаю на адну нагу. Мусіць, усё ж паспяшаўся. Але чорт з ім! Гінуць дык гінуць — на полі бою. На маё месца зараз жа нехта залазіць.
Читать дальше