Ягор мыўся, а маці тым часам таропка збірала на стол паесці, бо сын добра-такі згаладнеў у лесе. Ён скінуў намерзлыя пасталы з анучамі, развешаў у запечку — хай сушацца. Там жа знайшоў суконныя панчохі і дастаў з-пад ложка свае юхтовыя боты. Боты былі ягоным клопатам. У такі час на працы ў полі ці ў лесе звычайна служылі пасталы з сенам на сподзе, але на пагулянку трэба былі боты. Толькі ягоныя, відаць, адгулялі сваё — вось-вось гатовы былі ашчэрыць зубы, хоць ён і падбіваў іх не адзін раз. Боты патрэбны былі новыя, але дзе возьмеш новыя — у краме не купіш, трэба шыць, але прыватных шаўцоў вывелі, а ў арцель патрэбна даведка пра тое, што ўсё у гаспадарцы сплочана. На жаль, у гаспадарцы было далёка не ўсё сплочана. Ягор пра боты нават не заікаўся пры бацьку. Пакуль ён абуваўся на лаве, маці кідала на яго незадаволеныя позіркі і не пыталася, не дакарала, толькі скупа зазначыла: «Пойдзеш?» Ён не адказаў, хоць ужо пэўна ведаў, што пойдзе. Учора маці бурчэла: «Во акруціла, дык акруціла!» Гэта — пра Настачку. Ягор маўчаў, хоць адчуваў, што ніхто яго не абкручваў, тым болей такі матылёк, як Настачка, і калі ён пахінуўся да яе, дык па чыстае свае волі. Настачка тут ні пры чым. Проста пра гэты вечар ён думаў увесь дзень у лесе, пакуль варочаў там мерзлае калоддзе, і цяпер надышоў яго час. Настачка чакае. Прыкра, што сястры Ніны недзе не было дома і ён не ведаў, ці будзе сёння вечарына ў Суботкаў, якія мелі прастарнейшую хату і пускалі маладых з гармонікам. «А дзе ж Нінка?» — папытаўся ён, нацягваючы на крутаватыя плечы чорную сацінавую сарочку з белымі гузікамі на каўняры. Быў ён хлопец нішто сабе, высокі і чырванашчокі, меў тады дзевятнаццаць гадоў, марыў пра вайсковую службу і ўжо ўступіў у мясцовую ячэйку камсамола. «А ў Суботкаў», — сказала маці. «Што, скокі?» — «Якія скокі — начальнік з раёна прыехаў. Сход ідзе. I бацька там, і Ніна». Сход дык сход, падумаў Ягор, сходаў на тым часе хапала, лічы, кожны тыдзень ішлі ў вёсцы сходы. Усё ж ён трохі паморшчыўся, прычэсваючы мокрыя віхры перад цьмяным люстэркам. Краёчкам свядомасці сцяміў, як бы той сход не парушыў увесь яго сённяшні план.
Мабыць, тады ён адчуў, хоць і няпэўна, але па сутнасці амаль дакладна. Той сход не толькі парушыў яго вечаровы намер, але і перайначыў усё жыццё, надаўшы таму кірунак, які Ягору і не сніўся.
Не паспеў ён яшчэ дасёрбаць свой крупнік акрай стала на разасланым чыстым настольнічку, як у хату ўбегла Нінка. За ёй нязграбна сунуўся яшчэ нехта, каго ў вечаровых прыцемках не адразу было і пазнаць. Але пазнаўшы, Ягор зразумеў: па яго. I праўда, то быў сельсавецкі сакратар Пракапчук, які адразу з парога загаварыў бы нават устрывожана: «Во добра, заспеў. А то Ніна кажа: у Староўку браток лупане… Дык гэта, знаеш, патрэба да цябе…» — «Ну?» — «Такое ну — трэба пасля сходу старшыню РВК у раён адвезці…»
Ягор аж абурыўся ўнутры, хоць знешне пастараўся тое ўтаіць, не сказаў нічога. Толькі падумаў: прыехаў з лесу, не паспеў павячэраць, заўтра выхадны, Настачка…
Памаўчаў, апанурана буркнуў: «А што ён? Бясконны…» — «Не бясконны, але возчык ягоны падупаў, ехаць не можа…» — «А, падупаў!» — хмыкнуў Ягор. «Ну, набраўся, спіць у Залескіх. Дык выручы ўжо, бо ж камсамолец…»
Тое, што ён камсамолец, Ягор чуў не ўпершыню, і тое заўжды азначала, што ён павінен штосьці для каго зрабіць: ці ўслужыць каму, ці падзяжурыць у сельсавеце, ці з’ездзіць куды. Не тое, каб яго камсамольская прыналежнасць надавала яму гонару, але неяк абяззбройвала ў такі момант, і ён не меў як адмовіцца. Мусіў слухацца. Як бы там ні было, паход у Староўку адкладваўся. Павячэраўшы, Ягор надзеў сваю рудую суконную паддзёўку з аўчынным каўняром і пайшоў на сход. На падворку ў Суботкаў стаялі мужчыны, курылі, тут жа ля хляўка прыткнуўся сіні з чырвонымі аглоблямі старшынёў вазок, над якім укрыты папонай жаваў сена вараны конік. Ягор абышоў гэтага рахманага, мабыць, не старога яшчэ каня з белай плямай на лбе, які падазрона скасавурыўся на яго, выцягваючы з вазка мурожныя жменькі. Відаць, нешта адчуў — новага гаспадара, ці што? Ці мо тое, што цяпер іх двух лес звяжа на доўгія два гады неспакойнага, поўнага трывог і спадзяванняў жыцця.
Ягор у той раз нават не зайшоў у хату на сход, пакурыў з мужчынамі на ганку, а як з хаты хлынуў на падворак люд, узяўся за вупраж, што ляжала тут жа ў перадку. Ён запрагаў каня, адчуваючы пэўную няёмкасць ад таго, што браўся за чужую справу, і ўсё паглядваў цераз плячо на ганак, дзе ўжо стаяў, гамонячы з прыліплымі да яго мужчынамі, старшыня РВК Заруба. Таго Зарубу Ягор бачыў усяго некалькі разоў — на сходах у вёсцы ды адзін раз у раёне каля сталоўкі, але размаўляць з ім не даводзілася ні разу. I цяпер, як ягоны сядок падышоў да вазка, Ягор сціпла пажадаў яму «добры вечар» і пачаў выкіроўваць каня з падворка.
Читать дальше