Первая болванка попала в бензобак,
Вылез я из танка, сам не знаю как…
Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить…
В танковой бригаде мне уж не служить.
— Ану, спыні сваю трэнькаўку! — строга кідае да прыпечка Каця.
Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:
— Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць.
Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.
А назавтра утром ведут в особотдел:
«Что же ты, мерзавец, в танке не сгорел?» —
зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.
— Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?
— Нэмножько, — раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.
Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.
— Ану, ану! Ізабразі-ка… Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! — нечакана вырашае ён і аддае гітару.
Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:
— Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!
Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.
— Ладна, ціха… Я яго сам. Вы пачакайце…
Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.
Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго — усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць — прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. З дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.
I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне:
Синенький скромный платочек
Падал с опущенных плеч…
Вось дык дзіва! Вось табе і немец! Грае наша, рускае, як самы заўзяты русак. I параненыя, глядзі ты, пасціхалі ўсе, ніводзін не вякне ні слова — слухаюць. Сяржант з самага пачатку, відаць, страчвае свой пагрозлівы намер. Нехта ў куце сцішана ўздыхае, пасля ўсхліпвае — ага, плача! Гэта, здаецца, абпалены. Ну, але што ж зробіш! Што мы ўсе тут, у гэтай хаце, можам зрабіць, апроч як трываць свой боль. Хто большы, хто меншы, хто на дзень-два, хто на доўгія месяцы. Апёкі ж будуць балець да самага канца, пакуль не зажывуць — няма горшага болю, чым ад апёкаў. Цяпер нам адно — трэба звыкацца з болем, думаю я. Там, у стэпе за Кіраваградам, наступаюць, акружаюць, адбіваюць атакі, вызваляюць сёлы і станцыі, а мы тут — суцэльная канцэнтрацыя болю. Як толькі дагэтуль не дадумаліся выкарыстоўваць яго энергію, акумуіраваць, кансерваваць, ператвараць у іншыя віды? Колькі яе, нечалавечай і пакутнай, прападае бясследна ў гэтай вайе! На жаль, цяпер, як і тысячы год на зямлі, пакуты — асабістая справа кожнага, бескарысная трата вялізных людскіх намаганняў. Таму плач, баец, не саромся. Кажуць, ад плачу стане лягчэй! I не чапляйся да немца. Чорт з ім, хай жыве, усё ж і ён — чалавек. Вунь як іграе…
Немец тым часам канчае іграць. Сяржант збянтэжана падаецца назад, ямчэй умошчваецца на ложку ў нагах параненага і ссоўвае на лоб пакамечаную, з растапыранымі вушамі шапку.
— Здорава, шэльма! Нічога не скажаш!
— Добра шпарыць… — стрымана адабраюць у куце.
Немец лёгенька кранае пальцамі струны, спрабуючы іх гучанне. Сяржант падабрэлымі вачыма разглядвае яго зверху. Відаць па ўсім, гэтаю ігрой немец пахіснуў у ім прывычную грубаватую самаўпэўненасць і абудзіў пачуццё звычайнай чалавечай цікавасці.
Читать дальше