Амаль год чорнай і белай фарбаю мазаў ён на фанеры, блясе і дошках крывулястыя гатычныя літары, свастыкі, стрэлкі і розныя знакі, да якіх былі вялікія аматары немцы. Амаль два гады атрымліваў ён нямецкі паёк, нейкую плату ў рублях і марках. Праўда, у розных установах і тады працавала шмат усякіх людзей (трэба ж было неяк жыць, карміцца і змагацца), і тут, бадай, папракнуць Блішчынскага нельга. Калі ж у краі разгаралася партызанская вайна і на самое мястэчка ўжо тры разы быў напад партызан, Грышка, відаць, сцяміў, што ў нямецкай майстэрні радасці яму будзе мала. У гэтую пару бадай што ўсе яго равеснікі і нават маладзейшыя хлопцы былі або звязаны з партызанамі, або як маглі памагалі ім. I Грышка надумаў. Калі ён заявіў партызанам, што хоча перайсці да іх, тыя запатрабавалі доказаў ягонай адданасці Савецкай уладзе. Тады ён заманіў дадому прымака-паліцая, які ў той час дняваў і начаваў у камендатуры, баючыся расправы, з ім яшчэ аднаго такога ж недабітка-п’яніцу, добра ўпаіў іх, затым адабраў зброю, звязаў паліцаяў і цераз сувязных пераправіў у лес. Паліцаяў, вядома, расстралялі, а Грышку паверылі, і ён з сякой-такой накрадзенай і адабранай зброяй прыйшоў у атрад. Цімошкін у гэты час таксама быў там і, чуючы, як некаторыя хлопцы хвалілі Блішчынскага, толькі абураўся. Ён згадваў фальш спекулянцкай душы былога сябра і не таіў гэтага, толькі ў блакадны той час не было каму разбірацца ў складаных адносінах гэтых двух партызанаў.
Апроч як пра сябе, ні пра каго ён не дбаў у жыцці. Некалі ў маленстве Цімошкін таксама быў патрэбны яму, каб памагаць пасвіць кароў, наглядаць за кратовымі норамі, у якія ён ставіў пасткі, каб красці ў Цімошкінага бацькі тытунь, які Грышка пасля курыў у полі. Бацька ягоны ў сям’і мала што значыў, дома ўсім распараджалася маці — упартая, сварлівая кабета, якая замуштравала ўсіх — і мужа, і трох дачок, толькі Грышка праз сваю хітрасць не паддаўся ёй. Гэтыя набытыя з маленства ўвішнасць і себялюбства на ўсё жыццё сталі яго адметнаю рысай.
Трапіўшы пасля партызанкі ў запасны полк, Грышка пачаў новае жыццё з таго, што выкрыў аднаго франтавіка-сяржанта, які поначы хадзіў у самаволку. Сяржант — разведчык па спецыяльнасці — быў хлопец разумны і з ордэнам, атрыманым яшчэ ў сорак першым годзе. Звычайна пасля вячэрняй праверкі ён выходзіў з казармы і бег цераз поле на станцыю, дзе яго чакала каханка. Да пад’ёму ён спраўляўся вярнуцца назад на сваё месца на нарах, і ўсё пакуль ішло шыта-крыта. I вось, стоячы днявальным, Блішчынскі аднойчы прыкмеціў самавольшчыка. Нейкі час ён нікому аб тым не дакладваў, маўчаў да сходу, на які прыйшлі нампаліт камандзіра палка, камандзір батальёна і іншыя афіцэры. I тады Блішчынскі, папрасіўшы слова, выступіў з палымянай прамовай наконт парушэнняў вайсковай дысцыпліны. Тады ж ён і выкрыў сяржанта, якога неўзабаве пасадзілі на гаўптвахту, а затым датэрмінова адправілі на фронт. Начальства з таго сходу «заўважыла» Блішчынскага; яго «непрымірымасць» да недахопаў і ўменне прыгожа выступаць многім спадабалася. На другім сходзе хлопцы абралі Грышку сакратаром ротнай камсамольскай арганізацыі.
Пасля ён у вольны ад заняткаў час намаляваў партрэт свайго камандзіра роты. Камандзір, відаць, не дужа што разумеў у гэтым мастацтве, але капітан на партрэце выйшаў прыгажэйшы, маладзейшы і болей зухаваты, чым на самай справе, і сэрца яго не засталося абыякавым да таго падарунка. Неўзабаве радавы Блішчынскі, уладкаваўшыся ў ленпакоі, маляваў партрэты правадыроў, ладзіў наглядную агітацыю, а ўсе іншыя байцы ў гэты час адшліфоўвалі на спякоце самую цяжкую тэму тактыкі — стралковая рота ў наступальным баі.
Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён уехаў на штабной машыне.
Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.
Читать дальше