…Тое сталася ў адну з даўніх ужо даваенных зім. Цімошкін вучыўся тады ў шостым класе, Грышка хадзіў у дзевяты. Вучыўся Блішчынскі добра, лічыўся актывістам усіх школьных спраў, быў членам вучкома і незадоўга перад тым уступіў у камсамол. На сходах ці мітынгах ён часта выступаў «ад імя школьнікаў» і палка чытаў з паперкі загадзя складзеныя прамовы. У ліку яго сябрукоў у той час з’явіліся болей дарослыя местачковыя хлопцы, з імі ён вадзіў шмат якія свае пасталелыя справы, і іхняя дружба з Цімошкіным ужо ледзьве ліпела. Цімошкін разумеў, што рабіўся не патрэбны яму, і дужа сабой не набіваўся, толькі ў школу яны хадзілі ўсё ж разам. Звычайна Цімошкін заходзіў да яго ўранку, чакаў, пакуль ён прыбярэцца, паснедае, і тады наўпрасткі, цераз замерзлае балота, яны ішлі ў мястэчка.
Аднойчы, перайшоўшы ўжо тую балацявіну, яны выбраліся на добра ўезджаны санямі гасцінец і паціху ішлі сабе па саннай дарозе. I вось каля адзінокай прыдарожнай вярбы Цімошкін наступіў на якісь кашалёк. Перад тым іх абмінула двое саней з незнаёмымі людзьмі, што ехалі, пэўна, на кірмаш у мястэчка. Знаходка, вядома, іх зацікавіла, у кашальку аказаўся пашпарт, нейкія паперы, пяцьдзесят рублёў грошай. На хаду перагледзеўшы гэта, Грышка сунуў кашалёк у кішэню. Цімошкін сказаў, што трэба занесці яго ў міліцыю або аддаць у настаўніцкую, але Грышка на тое толькі засмяяўся і пакпіў над наіўнасцю сябра. На вялікім перапынку ён з таямнічым выглядам паклікаў Цімошкіна з школы і завёў яго ў краму. Там Грышка купіў цукерак, папярос, даў меншаму сябру пяць рублёў грошай і сказаў, што, каб усё было шыта-крыта, дакументы трэба спаліць. У Цімошкіна тады немаведама што рабілася на душы, — ён і баяўся і ненавідзеў сябе і Грышку, але хітраватая самаўпэўненасць Блішчынскага неяк збівала яго з тропу. Цімошкіну стала боязна паліць дакументы, ён заплакаў, і яны ўрэшце дамовіліся, што кашалёк з дакументамі і рэштаю грошай аддадуць у міліцыю.
Але Грышка, разважыўшы, змяніў тое рашэнне. На другім перапынку ён зноў прыбег да Цімошкіна і сказаў, што аднёс у міліцыю толькі кашалёк ды пашпарт. Цімошкін спалохаўся, а ён толькі смяяўся, кажучы, што ўсё будзе як найлепш, адно трэба маўчаць пра грошы.
I вось праз дзень ці два ўранку, перад самым званком на заняткі, у калідоры з’явіліся нейкі дзядзька ў кажушку, дырэктар, класны кіраўнік — усе яны рушылі ў дзевяты «Б», дзе вучыўся Блішчынскі. У Цімошкіна сэрца ёкнула ад страху, што іх выкрылі. Ён ужо хацеў уцячы, каб схавацца, але, перш чым зрабіць гэта, праз адчыненыя дзверы з класа пачуў, як дзядзька дзякаваў Грышку. Аказваецца, ён махнуў, як кажуць, рукою на свае 50 рублёў, яму даражэй былі дакументы, і як узнагароду за «добры» ўчынак ён даў Грышку траяк. Пасля пра гэты высакародны ўчынак Блішчынскага напісала насценная газета, настаўнікі хвалілі хлопца, а вучні глядзелі на яго, бы на якога героя. Ідучы ж у той дзень дадому, Грышка курыў папяросы «Чырвоная зорка», пасмейваўся і выхваляўся. Абураны і збянтэжаны, Цімошкін кінуў тады яму тую пакамечаную пяцёрку і выказаў усе свае набалелыя крыўды. Блішчынскі зазлаваў, сказаў, што ён — дурань, загадаў маўчаць і прыгразіў расправай.
Некалькі дзён пасля таго Цімошкін хадзіў бы ў тумане. Уночы ўскокваў з ложка, крычаў і плакаў, напалохаў бацькоў, і яны думалі, што ён захварэў. Нямала разоў падыходзіў ён да дзвярэй настаўніцкай, але так і не адважыўся ўвайсці туды, каб расказаць, як усё тое здарылася. Блішчынскі ж здагадваўся пра яго пакуты, але не размаўляў і паводзіў сябе пагрозліва-холадна. Добра далася хлопцу ў знакі тая яго падаткасць на дарозе і ў краме.
Незадоўга да пачатку вайны Грышка з бацькамі перабраўся жыць у мястэчка. У Цімошкіна тым часам з’явіліся лепшыя сябры, і ён упершыню зведаў сапраўдную хлапечую дружбу. З Грышкам яны тады сустракаліся рэдка. Яшчэ праз год Блішчынскі скончыў дзесяты клас і паступіў у медыцынскі інстытут. Да таго часу непрыязь Цімошкіна да яго ўжо прытупела, але, як і раней, Валодзя лічыў Грышку нягоднікам.
Калі пачалася вайна і ў мястэчку з’явіліся немцы, прывалокся з горада і Грышка. Нейкі час ён сядзеў на матчынай шыі, швэндаўся па мястэчку і прыглядаўся да новых парадкаў. Бацька яго, мабілізаваны ў пачатку вайны, недзе прапаў (можа, адступаў на ўсход, а можа, і загінуў), а да маткі неўзабаве прыстаў прымак з акружэнцаў. Пад зімку, калі пачала стварацца паліцыя, Блішчынскага прымака таксама ўцягнулі ў гэтую зграю наймітаў. Паліцай з яго быў дрэнны, ён без просыпу піў самагонку, двойчы п’яны губляў вінтоўку, і начальства выганяла яго са службы. Але паліцыянты былі патрэбны, і яго бралі зноў. Зімой жа ў мястэчку арганізавалася інтэнданцтва; школу і ўсе лепшыя будынкі немцы занялі пад склады. У памяшканні сельмага нейкія прыезджыя паслугачы адкрылі майстэрню па рамонту амуніцыі і малярню, якая фарбавала розныя вайсковыя рэчы і пісала шыльды. Гэтыя шыльды і розныя аб’явы на нямецкай і беларускай мовах вазамі развозіліся па ўсёй акрузе, і вось у гэтай малярні пад вясну апынуўся і Грышка Блішчынскі.
Читать дальше