— Можа, нізавошта?
— Не скажу, — адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. — Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.
Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.
— Дурны я чалавек… вось. Шалёны, безгаловы… — казаў Свіст. — Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт — Саратаў… так… — Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку— Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так… Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала… А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так — аскалёпак.
Падрос крыху, зашыўся ў кампанію — дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я — бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем — дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, — дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. — Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось — на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток — Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і — забаў на два дні. Маці шукае — і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.
Пасля пайшоў працаваць. — Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. — Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі — гарчэй за рэдзьку. Уранку — утулкі, увечары — утулкі, учора — утулкі і заўтра — утулкі, зімой і летам — адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі — атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам — Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу — мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка — лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе), а так амаль як і на падшыпнікавым — нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.
Хацеў ужо драла даць з гэтага шчасця, ды аднойчы з’явіўся гэты Фралоў. Кажа, прыходзь у «Паплавок», справа будзе. Прыходжу. Сядзяць у куце пад пальмай — мой Фралоў і яшчэ адзін, дзядзькам Агеем звалі. Што, думаю, за справа? Выпілі, закусілі, нічога не кажуць, яшчэ выпілі, закусілі — маўчаць. Яшчэ і яшчэ. А пасля Агей і кажа: так і так, маўляў, падкінем пару пудзікаў звыш накладной — прадасі? Прадам, кажу, не залежыцца: тавар ходкі. Ну вось, парадачак, хлопец свойскі, цешыцца Агей. А мне з п’янкі і не ўпрыцям, што гэта — першы мой крок быў чорту ў зубы. Добра на душы, смеласць так і прэ, дагадзіць хочацца людзям — вось і згадзіўся. А не ведаў таго, ярына зялёная, што сёння — пару пудоў, а заўтра — дзесятак, а пасля — тонамі падкідваць мне хлябец будуць. Прыйдзе машына, пачнуць згружаць — гэты самы Агей і яшчэ адзін, гляджу на вазе — дзве тоны. А накладную даюць на паўтары. Астатняе — наша. Грошы лішкі — усё ім аддаваў. А яны дзяліліся. Спачатку скрабло ў мяне на сэрцы, думаю — да дабра не дойдзе. Але пасля грошы тыя збілі з панталыку — павалілі кучай. Не прывык столькі мець, што рабіць з імі? Не прап’еш: паўлітэрка шэсць рублёў, і толькі.
— Ну, гэта ты брэшаш, — уставіў Пшанічны. — З грашмі яшчэ ніхто не меў клопату.
— Не меў? — з’едліва перапытаў Свіст. — Што ты разумееш, Мурло, душа капеечная…
— Ладна, годзе вам. Давай далей, — абарваў сварку Карпенка.
— Ага. Ну, тут разгарэлася мая фантазія, захапіўся я фота. Купіў апарат, усякія да яго прычындалы, пачаў псаваць паперу і пласцінкі. Знімаў. I на Волзе, і на Зялёным востраве, і ў парку. Налаўчыўся з часам — нішто выходзіла. Падумаў быў — ці не паступіць мне ў фотаарцель? Сказаў аднойчы Фралову — той толькі зубамі заскрыпеў. Спрабуй, кажа.
Читать дальше