У зацішку акопа чутна, як непадалёку дзяўбе зямлю Глечык, зрэдку парыпваюць на ветры дзверы старожкі і шуміць, высвіствае сваю восеньскую песню ссохлы быльнёг у канаве. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і, сашчапіўшы рукі, сцішыўся — аддаўся журбоце думак.
Няладна і гаротна склалася жыццё гэтага чалавека.
Першыя ўражанні крыўды ўчэпіста і доўга трымаюцца ў чалавечых пачуццях. Іван як цяпер памятае тое цяжкае галоднае лета, калі бабы з суседняй вёскі Альхоўкі з Вялікадня выходзілі на ўзмежкі — збіралі шчаўе, крапіву, пухлі з голаду дзеці і старыя, чорныя і маўклівыя ад гора, усю вясну хадзілі ў поле паўз хутар альхоўскія мужыкі. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну, рады былі якой жменьцы пазаддзя, каб падмяшаць у травяністую агідную страву, склеіць траўнікі. У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі — даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках сёе-тое яшчэ мелася. У тое лета лёс звёў трынаццацігадовага Івана з вясковым дзецюком Яшкам. I ад таго, што ў свой час Пшанічны памыліўся ў выбары паміж ім і бацькам, усё жыццё пасля ён горка наракаў на сябе.
Аднойчы на нейкае свята — Пятра ці Сёмуху — у дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, трынаццацігадовы Іванка вяртаўся на хутар. Незадоўга перад тым бацькі прыехалі з кірмашу, і ён адвёў на падлесак каня, спутаў і пусціў пасвіцца. Падыходзячы ўжо да высокае брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары, жаласны жаночы голас і рэдкае незадаволенае пакырхванне бацькі. Бацька ў новай святочнай сарочцы і камізэльцы сядзеў на прыступках ганка і пасопваў люлькай, а побач, згорбіўшыся і затуліўшы твар нізка завязанай хусцінкай, стаяла ўдава Міроніха — іх нейкая далёкая сваячка, — яна плакала і нечага прасіла.
У той час як Іван зайшоў на панадворак, якраз наступіла паўза, кабета з просьбай і страхам глядзела на бацьку, прыкрыўшы ражком хусткі рот, а бацька злосна — як адразу заўважыў хлопец — чмыхаў клубамі дыму і маўчаў.
— Ладна, — урэшце азваўся ён. — Хай прыйдзе. Дам з пуд. А заўтра на зорцы каб быў тут. Касы не трэба, касу маю возьме.
Кабета перастала плакаць, высмаркалася і пачала дзякаваць, а бацька ўзняўся і пайшоў з ганка.
Назаўтра ранічкай маці, як звычайна, ласкава разбудзіла Іванку на гары, падала завязаны ў ручнік сняданак — кавалак вяндліны і акраец хлеба. Ён заўсёды ў такую пару насіў бацьку ў поле снедаць, але гэты раз ежы было ўдвая болей, чым калі раней. Іванка здагадаўся, што гэта памагатару. Работнікаў яны наймалі і раней — у касьбу, жніво, малацьбу, але трымалі нядоўга: бацька быў патрабавальны, сам цягавіты ў працы, дужы, і мала хто мог дагадзіць яму.
Выйшаўшы з алешніку, Іван убачыў напалову скошаны лужок і ў канцы яго — бацьку і Яшку Цераха. Але, відаць, нешта там здарылася, бо яны не касілі, а стаялі адзін насупроць другога; бацька адной рукой трымаў зламаную ў шыйцы касу, другой — касільна і злосна пазіраў на Яшку. А дзяцюк, у зрэбнай кашулі, з падкасанымі да калень нагавіцамі, чухаў худыя грудзі і апраўдваўся:
— Дзядзечка Супрон, далібог, незнарок. Замахнуўся, а яна неяк каўзнулася аб камень і адляцела.
— Лайдак пракляты, гультаіна пархатая, — крычаў бацька, трасучы густой зляжалай барадой. — Такую касу спляжыў! Нябось чужое? Га? Каб сваю, то інакш бы глядзеў, басота! Ых ты!
Ён кінуў касу, аберуч схапіў касільна, замахнуўся і, крычучы і ўсё болей звярэючы, пачаў ім біць хлопца па галаве, руках, якія ўзняў той, каб засланіцца.
Іван адчуў, як самлелі ад страху, а болей ад узрушлівай непрыемнасці яго ногі, хлопец баяўся і хацеў закрычаць на бацьку, каб спыніць яго шаленства, яму шкада было ціхага, нядужага дзецюка, аматара рыбнай лоўлі, зайздроснага знаўцу ўсіх навакольных лясных спраў. Але Іван не закрычаў, а памалу ішоў да іх, хоць яму хацелася ўцячы адсюль, каб не бачыць і не чуць нічога.
За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень — стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво. Іван да яго ставіўся добразычліва, пасля таго выпадку на сенажаці ён маўкліва адчуваў і сваю вінаватасць, і таемную невыразную крыўду. Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку. Іван ведаў, што Яшка ненавідзіць гаспадара, гэтая яго непрыязнасць неўзаметку перадалася і маладому Пшанічнаму, ён адчуваў, што бацька — сквапны, злы, несправядлівы чалавек, што гэта нядобра.
Мінула некалькі год. Іван улёг у сялянскую працу і, наперакор сабе, ва ўсім цягнуўся за бацькам, які бязлітасна школіў сына ў няхітрай земляробчай навуцы, што спасціг на практыцы сам. Яшка неўзабаве пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, адслужыў там два гады і вярнуўся ў вёску інакшым — пасталелым і паразумнелым чалавекам. Праз нейкі час ён стаў завадатарам усіх маладзёжных спраў у вёсцы, пачаўшы гэтую сваю дзейнасць з гуртка ваяўнічых бязбожнікаў.
Читать дальше