Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі — поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі — саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на ветры тонкае голле, жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў, — з парэпанай ад старасці, счарнелай карою, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі нарастаў, з пазабіванымі ў бакі чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашастаўшы ботамі па ржышчы, накіраваўся ў поле.
— А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? — запытаў ён, уступіўшы сваёй нечаканай цікаўнасці.
Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як да малога, і вытлумачыў:
— О не. Гэтая пяціметровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасць і ў часы Рэнесансу амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.
Старшына падумаў.
— Кажаш, з мармуру? А чым жа ён такую аграмадзіну высек? Можа, якой машынай?
— Ну што вы?! — здзівіўся Фішар, сігаючы побач з Карпенкам. — Хіба можна машынай? Толькі рукамі, вядома.
— Ого! Гэта ж колькі часу трэба было дзяўбці? — у сваю чаргу здзівіўся старшына.
— Два гады, з памочнікамі, вядома. Трэба сказаць, што ў мастацтве гэта яшчэ не вялікі тэрмін, — памаўчаўшы, дадаў баец. — Рускі мастак Аляксандр Іванаў, напрыклад, працаваў над сваім «Месіяй» амаль 22 гады, француз Энгр пісаў «Крыніцу» 40 год.
— Глядзі ты! Відаць, трудна. А ён хто такі, што зрабіў гэтага Давыда?
— Давіда, — рупна паправіў Фішар. — Ён італьянец, ураджэнец Фларэнцыі.
— Што — мусалінец?
— Ды не. Ён жыў даўно. Гэта славуты мастак Адраджэння. Найвялікшы з вялікіх.
Яны яшчэ прайшлі далей, Фішар ужо трымаўся побач, і Карпенка скоса разы два зірнуў на яго. Худы, з запалымі грудзьмі, у кароткім, падпяразаным пад хлясцік шынялі, з забінтаванай шыяй і зашчаціненым тварам, баец меў вельмі ніякаваты выгляд. Адны толькі чорныя вочы пад тоўстымі шкельцамі акуляраў цяпер неяк ажылі і свяціліся адбіткам далёкай стрыманай думкі. Старшына падзівіўся тайком з таго, што вось за гэткім несамавітым выглядам хаваецца адукаваны і, здаецца, неблагі чалавек. Праўда, Карпенка быў упэўнены, што ў ваеннай справе Фішар не многа варты, але ў глыбіні старшыновай душы нешта ўжо расслабла і падабрэла да гэтага байца.
Праз сотню крокаў ад дарогі Карпенка спыніўся на ржышчы, паглядзеў у бок вёскі, азірнуўся назад. Пераезд у нізіне ўжо ледзьве шарэў у вячэрнім паўзмроку, але адгэтуль яшчэ быў відзён, і старшына падумаў, што месца для сакрэту тут будзе здатнае. Ён прытупнуў абцасам аб мяккую зямлю і, пераходзячы на звычайны свой камандзірскі тон, загадаў:
— Вось тут. Капай. Ноччу спаць ні-ні. Глядзі і слухай. Пойдуць — страляй.
Фішар зняў з-за пляча вінтоўку і, аберуч узяўшыся за кароткі тронак старшыновай лапаткі, няўмела калупнуў іржышча.
— Эх ты! Ну хто так капае! — не стрываў старшына. — Дай сюды.
Ён выхапіў у байца лапатку і, лёгка ўразаючыся ёю ў рыхлую зямлю нівы, спрытна растрасіраваў адзіночную ячэйку.
— Вось на. Так і капай. Ты што — кадравай не служыў?
— Не, — прызнаўся Фішар і першы раз шчыра ўсміхнуўся. — Не давялося.
— Яно і відаць. А цяпер вось гора з вамі, гэтымі…
Ён хацеў сказаць «вучонымі», але змоўчаў, не жадаючы ўкладваць у гэтае слова свой былы з’едлівы сэнс. Пакуль Фішар не дужа ўмела калупаўся ў зямлі, Карпенка прысеў у ржышчы і, тулячыся ад ветру, пачаў скручваць цыгарку. Вецер выдзьмуваў з паперкі тытунёвую пацяруху, старшына ашчадна прытрымліваў пальцамі і паспешна загортваў яе.
Прыцемкі тым часам усё шчыльней атульвалі зямлю, увачавідкі зацягваўся змрокам пераезд з будкай і паламаным шлагбаумам, раствараліся ў ночы далёкія стрэхі вёскі, толькі па-ранейшаму несціхана і трывожна шумелі ля шляху бярозы.
Захінаючы ад ветру трафейную запальніцу, старшына згорбіўся, каб прыкурыць, але раптам яго твар уздрыгнуў і трывожна насцярожыўся. Высунуўшы з каўняра жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд, Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы на ржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе. На ўсходзе за лесам, што быў за іх пераездам, прыглушаная ветрам, зладна раскацілася ўдалечыні хуткастрэльная кулямётная чарга. Неўзабаве на яе адгукнулася другая, радзейшая, відаць, з нашага «максіма», а затым слабым далёкім водсветам, парушыўшы вячэрні змрок, загарэлася і пагасла мігатлівая чарада ракет.
Читать дальше