У Цярэшкі ўнутры быццам перавярнулася штось: хоць ён і разумеў, што Срэбнікаў гаворыць праўду, але такая нечаканасць азвалася ў хлопцу гневам. З хвіліну ён пільна і нялёгка спадылба глядзеў на няўдаку Срэбнікава, штосьці рашаючы сам сабе. Памерці, вядома, ён не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю (адзін раз дайшоў амаль да Жытоміра). I тым не менш у жыцці, аказваецца, бываюць моманты, калі мала ўсёй накопленай за гады вытрымкі, каб перажыць адну хвіліну няёмкасці. I ён ступіў да Срэбнікава.
— Дай сюды…
Срэбнікаў здзіўлена лыпнуў самотнымі вачыма, падатна разняў пальцы на ручцы. Цярэшка пераставіў кувалду і раптам закамандаваў насцярожаным, крышку збянтэжаным ад гэтае замінкі голасам:
— Ну, чаго сталі? Бярэм! Чаго чакаць?
Суровы Галадай, нервовы Жук, заклапочаны Янушка з кароткім недаўменнем зірнулі на яго і, унутрана ажывеўшы, падступілі да бомбы.
— Узялі! Жук, вяроўку! Лагі давайце! Куды лагі падзелі? — з ненатуральнаю гаманлівасцю распараджаўся Цярэшка і ў пошуках загадзя прыпасеных палак выглянуў з ямы.
Хлопцы, мусіць, згледзелі, як здрыгануўся ягоны позірк, і адразу абмерлі побач, а Цярэшка, прадчуваючы бяду, паволі выпрастаўся на ўвесь рост і знерухомеў.
Зводдаль ад ямы ў пыльным патоку касых праменняў стаяў камандафюрэр Зандлер. Ён пільна глядзеў сюды, іх позіркі сустрэліся, і Зандлер кіўнуў галавой:
— Ком!
Цярэшка ціха сам сабе вылаяўся, адставіў пад сцяну кувалду і хуценька (марудзіць у такім разе было небяспечна) па адхоне вылез на раскіданую вакол ямы зямлю. Ззаду насцярожана прыціхлі, стаіліся хлопцы.
У пыльным, пустым з гэтага канца цэху (баючыся неўзарванае бомбы, немцы перш-наперш павывалаквалі адсюль станкі) было душна, скрозь з пабітага даху струменілі на дол пыльныя промні паўдзённага сонца. У другім разбураным канцы гэтага вялізнага, як ангар, збудавання, дзе разбірала завалле каманда жанчын з сектара «С», снавалі, варушыліся дзесяткі людзей з ламаччам, насілкамі, па насланых на доле дошках ганялі гружаныя друзам тачкі.
Зандлер стаяў на праходзе, збоч ад вялізнага лапіка святла на бетоннай падлозе, і, заклаўшы назад рукі, чакаў. Цярэшка хуценька збег з кучы зямлі, драўляныя калодкі яго гучна праляскалі і сціхлі — хмурачы шырокія бровы, ён спыніўся за пяць крокаў ад Зандлера, якраз на асветленым месцы падлогі. Эсэсавец, вынесшы з-за спіны адну руку, тузануў пальцамі шырокі казырок фуражкі.
— Ві іст міт дэр бомбэ? [13] Ну, як там бомба? (ням.)
— Скора. Бальд, глейх [14] Хутка. (ням.)
, — ваўкавата адказаў Іван.
— Шнэлер гінаустраген! [15] Хутчэй выносьце! (ням.)
Зандлер падазрона зірнуў у бок ямы, з якой тырчалі насцярожаныя галовы хлопцаў, пасля выпрабавальна — на Івана; той стаяў, па-салдацку падабраўшыся целам, гатовы да ўсяго: мішэні на куртцы вымушалі яго чакаць рознага. Вачыма ж ён пільна ўглядаўся ў паголены, прыемна загарэлы твар немца, мабыць, ненамнога старэйшага, чым ён, поўнага ўсведамлення ўлады і арыйскае годнасці. I ў той жа час бакавым насцярожаным позіркам хлопец пільнаваў кожны рух ягоных пагрозлівых рук. Воддаль, на другой палавіне цэха, дзве жанчыны ў паласатым убранні паставілі на дол насілкі і, мабыць, зацікаўленыя, пужліва чакалі, што будзе далей. Але немец, слізгануўшы позіркам па Іванавай падабрана-настырчанай постаці, якая знешне выражала гатоўнасць да дзеяння, відаць, зразумеў гэта па-свойму і не выказаў падазронасці. Не маючы якой іншай патрэбы да гэтага флюшункта, ён ступіў да яго свежазапыленым ботам.
— Чісто! — недарэчна зблытаўшы націск, кіўнуў ён на бот.
Іван, вядома, зразумеў, чаго ад яго хацелі (гэта было тут не ўпершыню), але на хвіліну трохі разгубіўся ад нечаканасці і якую секунду прамарудзіў. Аднак Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на сківістым твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Гэта было зняважліва, абразліва, у душы ён з усяе сілы зацяў, быццам каленам прыдушыў, непакорлівы, такі недарэчны тут гнеў.
Нізка сагнуўшыся, ён чысціў напятымі рукавамі свае паласатае курткі. Боты былі новыя, хромавыя, відаць, акуратна наваксаваныя ўранку, і хутка галоўка першага стала горача адбіваць сонца. Неўзабаве ён і ўвесь заблішчаў, толькі ў ранце яшчэ засталася рэшта пылу ды на самым наску ніяк не адціралася свежая драпіна. Камандафюрэр тым часам, пстрыкнуўшы запальнічкай, прыкурыў, схаваў у кішэнь партсігар, на Івана дыхнула пахам цыгарэты — гэта пакутна раздражніла абанянне. Пасля ён, здаецца, атрос попел — на стрыжаную хлопцаву галаву пасыпаліся іскры, нейкая недагарэлая парушынка балюча апякла шыю. Гнеўная сіла ахапіла Іванава напятае адчуванне, і хлопец ледзьве стрымліваў сябе, гэтак закарцела ўскочыць, ударыць, збіць з ног, растаптаць гэтага паганца. Але ён чысціў, змагаючыся з сабою і стараючыся як найхутчэй адвязацца ад немца. Толькі той, аднак, не спяшаўся, трымаў выстаўлены бот да таго часу, пакуль ён не заблішчаў увесь ад наска да калена, потым адставіў нагу назад, каб падаць другую.
Читать дальше