Але як толькі крышачку глушэюць, аддаляюцца выбухі, першы з сіплаю лаянкаю пачынае выкарабквацца з зямлі Жаўтых. Уверсе па-ранейшаму скуголіць, раве, вые… Наваколле рвецца і разлятаецца, «скрыпуны» за пагоркам задышліва, ашалела скрыпяць, зямля ўсё тузаецца, неба над намі чорнае ад пылу і дыму, але разрывы трошкі аддаляюцца, і тугія камякі перастаюць малаціць нашы спіны.
«Выжылі! Уцалелі!» — узгараецца гатовая вось-вось згаснуць слабенькая радасць, але душу точыць трывога. Плюючыся і міргаючы, я разварушваю навокал зямлю. Потны, страшны, шэры ад пылу, Жаўтых доўга не можа выграбці з-пад грудоў ногі, затым устае на калені; аслабела варушыцца ў куце Лук’янаў, атрэпваецца побач Крывёнак. Здаецца, усе цэлы — нам пашэнціла. І ў тое ж імгненне, калі я думаю гэта, быццам кінжалам у спіну, уразаецца ў свядомасць чамусьці заіклівы Лёшкаў крык:
— К-к-к-амандзір!.. К-к-к-камандзір!.. Танкі!!!
— Т-т-танкі! Т-т-танкі! Глядзі!!! — крычыць ён, то высоўваючыся з акопа, то зноў прысядаючы. Жахлівасць гэтай навіны чамусьці не адразу даходзіць да маёй свядомасці, мяне больш здзіўляе, што Задарожны заікаецца, і нават узнікае кароценькая радасць: «Ага! Збаяўся!» Я зараз жа ўскокваю, на секунду выглядваю з-за разбуранага, раскіданага бруствера. Па схіле пагорка на нас у дымным грукаце шпарка коціць уніз касяк рабавата-жоўтых танкаў.
Побач на момант мярцвее Жаўтых; хуценька міргаючы звузелымі ад пяску вачмі, ён, быццам не верачы, некалькі секунд пазірае на танкі і выскоквае з акопа. За ім па прыступках вылятае Папоў; за ім я, ззаду тупацяць астатнія. Прыгнуўшыся, цераз закіданую грудамі пляцоўку мы рынаем у сховішча да нашай гарматы.
Я ўчэпліваюся за станіны, якія хапае за сашнікі Крывёнак. Жаўтых з Паповым напінаюцца ўнізе ля колаў. Гармата рушыцца, але ўкрыццё ў доле завалена камамі зямлі з разварочанага мінаю бруствера, гармата ідзе бокам, і Жаўтых лаецца:
— А ну вярні, вярні станіны!.. Лазняк, чуеш, такую тваю…
Я і сам ведаю, што трэба паварочваць станіны, і напружваюся што ёсць сілы, але спяшаюся, і ўсё ідзе неўпапад. Як-кольвечы мы ўсё ж вывалакваем гармату на пляцоўку, заносім станіны, Жаўтых, прыгнуўшыся, кідаецца сюды-туды, як запёрты ў клетку тыгр; нізка схілены вусаты яго твар люты і страшны, на лапатках мокрыя плямы ад поту.
Танкі б’юць па пяхоце, б’юць амаль не спыняючыся. У паветры грыміць і грукоча, паднябессе стогне, цяжкі жалезны гул паўзе па абшары. Мы кідаем станіны, я хапаюся за стопары. Задарожны ззаду так ірве правіла, што ледзь не збівае мяне з ног станінай. Левай рукой я адкрываю затвор, ён зараз жа лязгае — сам Жаўтых з імпэтам усаджвае ў ствол бранябойны.
Танкі на пярэдняй траншэі. Я коратка выглядаю з-за шчыта, адзін гарыць, пэўна, падпалены пяхотай, адзін шпарка імчыць чамусьці ўздоўж траншэі; некалькі пехацінцаў бягуць сагнуўшыся па полі ў тыл. Ад пылу, грукату выбухаў і лютай кулямётнай траскатні мы нямеем. Жаўтых нешта крычыць, Папоў упіваецца ў прыцэл, і неўзабаве рэзкі стрэл бранябойнага глушыць нас. Гармата тузаецца, балюча штурхае ў плячо, я падаю, — гэта хлопцы не паспелі ўперці ў зямлю станіны.
— Сашнікі! — крычыць Жаўтых, нізка прыгнуўшыся за наводчыкам, і кулаком штурхае ў спіну Крывёнка, той хапаецца за правіла станіны і пачынае яе забіваць у ямку. Другі сашнік аслабела ўціскае ў зямлю Лук’янаў, стоячы на каленях. Крыклівая настырнасць Жаўтыха супакойвае: здаецца, калі камандзір тут, благога не здарыцца, ён дагледзіць усё, скамандуе, нам толькі б выконваць.
— Трах! — б’е другі стрэл. Слабенькі чырвоны агеньчык трасёра мільгае ля танка, аб нешта б’ецца ля яго і адлятае ўгору і ўбок.
— Агонь! Агонь! Не марудзь, агонь!
— Гах!.. Гах!.. Гах!.. — б’е гармата, падскокваючы на колах. Трасёры не ўсе відаць — некаторыя снарады без следу знікаюць удалечы. Танкі, ад першай траншэі беручы наўзбоч да дарогі, адзін за адным імкліва паўзуць па нашай абароне. Ужо відаць на бартах іхнія чорна-белыя крыжы, машыны цяжка перакочваюцца на брустверах, узнімаючы ашмоцце пылу; доўгія іх гарматы з пудовымі тармазамі на канцах пагрозліва варушацца і грукаюць стрэламі.
— Агонь! — раве Жаўтых. — Наводзіць лепш!
Папоў малайчына — наш харошы Папоў! Ён, здаецца, адзіны тут, каго не датычаць ні страх, ні хваляванне, ён не спяшаецца, не дрыжыць, цяпер ён нічога ў свеце не ведае і не бачыць, апроч танкаў. «Гах! Гах!» — тузаецца гарматка. «Так, трымайся, Лазняк! Здаецца, надыходзіць твой час, — кажу я сабе ў думках. — Ну ідзіце, гады, ідзіце. Бліжэй! Бліжэй! Яшчэ бліжэй!»
Читать дальше