Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе — для ствала. У гэты час на агнявой з’яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе — на свежы, толькі што выкінуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з’яўляецца ў маім нутры.
— Усё ж капаем? — кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем. — Ну і ну!
Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы — ён праразае шчыліну.
— Прыйшоў, дармаед?! — пагрозліва пачынае Жаўтых. — Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што — ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!
Але Задарожны не адказвае і не бянтэжыцца ад такой сустрэчы, — ён нават усміхаецца — мне зблізку відаць, як бліскаюць у яго роце шырокія чыстыя зубы.
— Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высокіх матэрыях! — спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.
— Глядзі ты! — амаль крычыць камандзір. — Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты нягоднік! А ну марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?
Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.
— Усё ерунда, браткі! — нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб’яўляе ён. — Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!
Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук’янаў, нават Жаўтых і той на момант перастае крычаць і нібы слупянее.
— Капітуляцыя! — смяецца Задарожны, адзначыўшы наша здзіўленне. — Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..
— Паганец! — сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы. Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.
— Бяры рыдлёўку, і капаць! — паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу, — я ж прагну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спяшаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.
— От насовачка на памяць, глядзі! — бессаромна хваліцца ён. — Заўтра прыйдзе зноў. У адно месца. Хоць жаніся цяпер. Законна! Хе-хе.
Хлопцы капаюць сабе, роўна блішчыць у небе месяц, а ва мне раптам узгараецца нейкае сляпое шаленства. Чорная хваля гневу кідае мяне з яміны, я падскокваю да задаволена-ўціхаміранага Задарожнага і з усяго маху моцна б’ю яго кулаком у твар — раз, другі, трэці.
— Ух! — ускрыквае Лёшка і з дзівосным спрытам ускоквае на ногі. Прыгнуўшы па-бычы голаў, ён адразу рынаецца на мяне, б’е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.
— Стойце! Стой!!! — крычыць недзе Жаўтых. — Ашалелі, сабакі!
Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б’е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» — крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.
Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.
Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся, — здаецца, я даў яму — хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.
— Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? — таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.
— Лошка! Лошка! Не трэба! — угаворвае Папоў.
— Якога д’ябла! — са знарочыстай строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім. — Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?
Лук’янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.
Я аддыхваюся і маўчу. Я не скажу завошта — хай здагадаецца ён, калі здольны на гэта, а іншым не трэба і ведаць. Мне толькі крыўдна трохі, што, здаецца, мне болей, чым яму, перапала ў гэтае бойцы, а так усе яны — і Лёшка, і Люся, і іншыя, хто заадно з імі, — няхай яны ідуць да д’ябла.
Читать дальше