— Ерунда, чаго там! Пяць хвілін! — чуецца зводдаль, і Папоў, пэўна, не ведаючы, што зрабіць, нерухома застаецца на брустверы. Лёшка змаўкае, пасля ўдалечы за кукурузнымі кучамі чуецца ціхенькі радасны смех Люсі.
І ад гэтага смеху вострая зайздрасць пранізвае мяне. Я разумею, што Задарожны нядобры салдат, што нельга гэтак, як ён, не слухаць камандзіраў, хоць бы і часовых, такіх, як Папоў, але пачынае здавацца, што гэтая яго характэрная непаслухмянасць робіць хлопца дужэйшым, больш сталым і смелым, чым я — дысцыплінаваны малады франтавік. Я разумею недарэчнасць майго жадання, але ўсё ж мне горыччу робіцца гэтая мая рупнасць і хочацца Лёшавай непаслухмянасці, яго самастойнасці, яго, можа, і не заўжды разумнай, рашучасці. Я згадваю ў ім нейкую ўладарную сілу перад жанчынамі, і думаецца цяпер, што ўсё тое, у шпіталі, аб чым расказваў Лёшка, так і было на справе. І яшчэ здаецца мне, што ён паволі і ўсё болей падабаецца Люсі, і падабаецца менавіта тым, чаго не хапае мне або Крывёнку, — грубаватаю мужчынскаю мажнасцю, самавітасцю, упэўненасцю ў сабе і, вядома, сваёй мужчынскаю дужасцю. І я зайздрошчу яму. Я хачу як мага пасталець, набыць усё тое, што ён ужо мае, як найхутчэй перажыць дваццаты свой год. Невялікія мае гады здаюцца мне зусім яшчэ хлапечым узростам — мне трэба сталасці, самавітасці, фізічнае дужасці, і ў гэтым сэнсе Задарожны раптам вырастае ў пакутны, чымсьці непрыязны, але і жаданы мой ідэал.
Я ведаю Лёшкава жыццё (ён ніколі нічога не тоіць ад іншых), ведаю, што ён былы футбаліст, грубаваты, фанабэрлівы і не дужа таварыскі хлопец. Здаецца, ён залішне самаўпэўнены; гэта, вядома, ад таго, што яму заўжды шанцавала ў жыцці, можа, і не вельмі, але ва ўсякім разе больш, чым мне ці Крывёнку. Ліха звычайна мінала яго — мінала, калі ён яшчэ да вайны жыў у Новарасійску і рана пачаў бадзяцца па прыстанях, кірмашах і розным гарадскім завуголлі. Аднойчы, як ён расказваў нам, кампанія гэткіх жа, як і ён, свавольнікаў з цэментнага завода злавіла аднаго флоцкага, з якімі яны заўсёды вялі вайну, і добра дала яму ягонаю ж шырокаю дзягай з бляхаю. Біў яго і Лёшка, але калі, нейкі час счакаўшы, флоцкія дзеля помсты «зацапалі» іх у парку, дык дастаў ножыка ў бок ягоны сябар. Лёшка ж выйшаў з гэтага здарэння сухі.
Шанцавала яму і пасля, у вайну. Трапіўшы пад Варонежам на фронт, ён, аднак, не дайшоў да перадавой, а нейкім выпадкам апынуўся ў ахове якогась генерала ў штабе. Генерал, відаць, не быў страявым камандзірам і не дужа любіў раз’язджаць па перадавой, таму Задарожнаму разам з пяцёркаю іншых, што ўваходзілі ў яго світу — два ардынарцы, шафёр, кухар і цырульнік, — заставалася толькі дбаць пра бытавыя зручнасці і бяспеку начальніка. Гэтае шанцаванне прадаўжалася аж да таго нешчаслівага ранку, калі генеральская машына выпадкам наляцела на супрацьтанкавую міну, пакінутую немцамі на ўзбочыне тылавой дарогі. Адных пахавалі, адправілі ў шпіталь генерала, а аглушаны Лёшка, пасланяўшыся са два тыдні ў санбаце, трапіў урэшце ў стралковы полк. Тут ён дзеля важнасці аб’явіў сябе танкістам, але паколькі танкаў у палку не было, яго паслалі ў процітанкавую батарэю, бо, каб цягаць гарматы, патрэбна была сіла, а Задарожны, здаецца, трохі накапіў яе на генеральскіх харчах. Спачатку ён трошкі фанабэрыўся, не дужа слухаўся Жаўтыха, зусім не прызнаваў Папова, усё любіў успамінаць, як «мы з генералам ехалі…» або «мы з генералам разважылі». Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з генералам» подзвігі.
Маўклівая і трывожная ноч плыве над затоенай, прыціхлай зямлёй. Час ужо, мусіць, пераступае за поўнач, коўш Вялікай Мядзведзіцы пераварочваецца на хвост, вялізным сваім чарпаком задзіраецца ўгору, месяц узабраўся ў самую высь і свеціць на поўнае вока. Пад кукурузнымі кучамі туляцца кароткія і зусім чорныя глухія цені. Часам здаецца — нехта шмыгае там ад кучы да кучы, позірк сам сабою напружваецца, але я ведаю: колькі ні ўглядайся — нічога не ўбачыш — гэта здаецца. На перадавой ціха, нават вельмі ціха, немцы маўчаць. Чорныя гарбатыя пагоркі, нібы хрыбціна распластанага на зямлі волата, ледзьве шарэюць на гарызонце. Маторны гул неўпрыцям неяк заціхае ці, можа, аддаляецца куды; у начную цішу ўрываюцца далёкія і блізкія выпадковыя гукі — недзе ззаду ў вёсцы трывожна ржэ конь, у траншэі наперадзе лязгае нешта, пэўна, перазараджаюць кулямёт, зводдаль угары гудзе і сціхае самалёт, — мабыць, начны разведчык. Папоў ідзе ў акоп і грукае там, — мусіць, нешта шукае. Лук’янаў маўчыць з таго часу, як яму нагрубіў Лёшка, і нерухома сядзіць на чорным брустверы.
Читать дальше