— Давай сюды! Дзмітры, а ну памагні!
Міця з. паслухмянай гатоўнасцю ўскочыў ад агню, але тут жа, зразумеўшы, што ад яго патрабуецца, у панылай нерашучасці спыніўся воддаль. Сцёпка вылез з магілкі.
— Чакайце! Што ж, так і закопваць?..
Ён выцер аб траву цясак і, агледзеўшыся ў мільготкім паўзмроку, падышоў да маладой ялінкі, голле якой тырчала з цемры на прагаліну.
Праз хвіліну Сцёпка сабраў у ахапак лапкі, якія ён насек затупленым цесаком, і зноў скочыў у магілу. Тут было цесна і няўпраўна, але, прытоптваючы ў цемры, Сцёпка як-колечы выслаў лапкамі дол. Потым, заціскаючы ў сабе дужа ўзмацнелы напаследак жаль, з некалькіх лапак змайстраваў узвышак пад голаў — нібы рыхтаваў Маслакову пасцель. Пасцель назаўжды, на вечны сон.
— Ну, гатова там? — не трываў Брытвін. — Давай усе сюды.
Ён адкінуў мокры Данілаў кажух, і ўдвух са Сцёпкам яны ўзялі пад пахі нябожчыка.
— Дзмітры, бяры за ногі! — распараджаўся Брытвін. Міця абшчапіў дзве босыя ступні ног.
— Узялі!
Маслакоў, здаецца, і яшчэ пацяжэў: утрох яны ледзьве паднялі яго прагнутае ў паясніцы, яшчэ не закалянелае цела і цяжка патупалі да магілы. Там, вязнучы ботамі ў свежай зямлі, пасталі ўздоўж вузкай шчыліны ямы і пачалі апускаць. Гэта было нязручна, цяжкае цела імкнула выкаўзнуць у яму. Сцёпка прытрымліваў яго за сцюдзёную, не дужа гнуткую ўжо руку. Апускаючы, перабраў пальцамі да кісці, па-ранейшаму перавязанай брудным бінтом, і, ухапіўшы за яе, ажно спалохаўся: здалося — прычыніў боль. Тут жа зразумеў марнасць свайго спалоху, але за перавязаную далонь болей не ўзяўся — укленчыўшы на жвіры, апускаў цела ўсё ніжай, аж пакуль не адчуў, што яно мякка легла на спружыністыя лапкі.
— Ну во! — выпрастаўся Брытвін. — Давай загартаць!
— Чакайце!
Нагнуўшыся ў чорны зеў магілы, Сцёпка аднаруч па-запіхваў туды рэшту яловых галін, накрыў найбольш твар нябожчыка, і яны з незразумелай палёгкай пачалі дружна гарнуць зямлю. Сцёпка гроб рукамі, Брытвін ботам, Міця, таксама ўкленчыўшы, аберуч выграбаў з травы рэшткі накапанай зямлі. Вогнішча іх ужо дагарала, ледзь-ледзь свецячы па кустоўі дробнымі язычкамі агню.
— Ну, так! Даканчвай, а мы ў агонь падкладзём, — выціраючы аб траву рукі, сказаў Брытвін. — Дзмітры, а ну пашукай дзе дравішак!
Міця адразу ж падаўся на ўзровак, а Сцёпка тым часам завяршыў магілку.
На палянцы стала пуста і ціха, яна нібы папрасторнела цяпер без каня, без Маслакова, з невялічкім вогнішчам на краі, ля абрыву. Зрабіўшы ўсё, што можна было зрабіць у адносінах да мёртвага, Сцёпка адчуў сябе такім адзінокім, такім няшчасна-непатрэбным на гэтым свеце, як, мабыць, не адчуваў ніколі. Адзінае, што тут яшчэ вабіла яго, быў касцёр, хлопец падышоў да Брытвіна.
— Што, да ранку тут будзем?
— Пабудзем, да.
— А потым?
— А потым паспрабуем грымнуць, — сказаў Брытвін, стоячы на кукішках і зграбаючы ў доле недагаркі, якія ён кідаў у вогнішча. Спакваля на вуголлі весела заскакалі агеньчыкі, зблізку асвятліўшы сухі, нібы прасмалены, твар ротнага.
— Як гэта — грымнуць?
— Пабачыш як. План адзін маю.
Сцёпка пачакаў яшчэ, не дапытваючыся, думаў: скажа сам. Але той не сказаў, затаіў, што ўвогуле было ў ягоным характары, і Сцёпка змоўк, не ведаючы яшчэ, ці можна прымаць усур’ёз трохі саманадзейныя словы гэтага чалавека.
— Такі план маю, што ахнеш! Калі выгарыць, вядома. Сцяпан паныла моўчкі сядзеў, спадылба паглядаючы на Брытвіна і баючыся яшчэ паверыць яму.
Міця нешта бавіўся з галлём — спярша чуваць было яго шастанне па ўзроўку, а потым і яно сціхла. Сцяпан паглядзеў туды, услухаўся і трохі занепакоена сказаў:
— Каб не збег. Паглядзець мо?
— Не збяжыць. Цяпер ён да нас як прывязаны. Сцяпан не паверыў — так ужо і прывязаны! Зрэшты, наўрад ці ён пабяжыць, пакінуўшы тут каня. I сапраўды, неўзабаве наверсе зашумела, зашорхала, і з цемры паказаўся сам Міця, які валок звязанае вяроўкай бярэма галля. Брытвін з трохі не ўласцівым яму ажыўленнем узрадаваўся:
— От здорава! Цэлы воз! Такі і на кані не ўвязеш! Міця быў яўна падахвочаны пахвалой: маленькі і з выгляду трохі слабаваты на свае пятнаццаць год, ён, аднак, аказаўся на дзіва старанным у працы. Люба было глядзець на вялізнае бярэма, якое ён па-гаспадарску ўпарадкаваў побач і акуратна зматаў вяроўку.
— На каня я воз во які кладу! — падняў ён руку вышэй свайго росту.
— Харашо, харашо. А каня як завуць?
— Каня? Рослік. Двухлетак ён, малады яшчэ, але ладны конік. А разумны які!
— Ну?
Читать дальше