— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.
— Мне ўранку малако на сепаратар везці.
— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.
Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.
— Да, а куды ты малако возіш?
— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.
— У Кругляны?
— Ну.
Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.
— Цераз мост ездзіш?
— Цераз мост. А як жа.
— Ага! I ўчора вазіў?
— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.
— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку, — А што ж у іх, ахрана стаіць?
— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.
— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! А ну ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.
Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.
— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?
— Міця.
— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?
— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.
Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.
— Так-так, — штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі…— ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, а ну, па сакрэту.
Абое яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.
— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?
Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.
— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.
— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?
— Ну.
— Слухай, трэба падскочыць.
Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.
— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту. Брытвін, аднак, абарваў:
— Нічога! Сядай на каня і скачы.
Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця. Даніла на хаду гучней ужо сказаў:
— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!
— Бяры вінтар!
— Што вінтар! Аўтамат каб. Брытвін спыніўся.
— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!
— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.
Брытвін нецярпліва настояў:
— Кажу: дай аўтамат!
Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.
Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:
— I давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.
Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.
— Кажух мокры… Калі б вы далі ватоўку.
— На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.
З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.
Брытвін болей не сеў да вогнішча, ля якога цяпер гаспадарыў Міця, а пастаяў на прагаліне і, калі тупаценне каня сціхла на ўзроўку, падышоў да Сцяпана.
— Ну, ты доўга тут калупацца будзеш?
Хлопец выпрастаўся — магілка была яшчэ мелкаватая, яму да пояса, але Брытвін, прыкінуўшы, вызначыў:
— Хопіць! Давай закопваць.
Ён так і сказаў: не «хаваць» ці «хараніць», а «закопваць». I менавіта ад гэтага слова Сцёпку стала зноў не па сабе, нібы тым самым былы ротны зняважыў Маслакова. Хлопец памаўчаў, думаючы, што, мабыць, трэба б яшчэ паглыбіць: зямля тут сухая і няцвёрдая, ручай куды ніжэй. Але Брытвін падышоў да нябожчыка.
Читать дальше