Маёр разгублена глядзеў на яго.
— Але ж загадана ў шэсць трыццаць.
— Загад аддаваўся ноччу, калі было зусім цёмна. Але ж вось не развіднела па загаду.
Ветэрынар збянтэжана змоўк, пярэчыць яму не было чым, але і ігнараваць перанос тэрміну атакі ён таксама не мог і разгублена пазіраў на далонь з пакладзеным на яе гадзіннікам.
Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.
— Скажы, што камбат пайшоў у роты, — сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.
— Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.
— Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.
Валошын узняў бінокль.
— Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростак-вус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.
— Ага, бачу. Учора мае засеклі.
— Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.
— Во яго мы і прыхлопнем, — упэўнена сказаў Іваноў,— У першую чаргу.
— Далей усё па траншэі. Там кулямётаў пяць-шэсць.
Трэба накрыць.
— Паспрабуем.
— Ну і спіраль Бруно. Хоць бы па адным пападанні на роту.
Не адрываючыся ад бінокля, Іваноў скамандаваў тэлефаністу:
— Батарэя, к бою!
— Батарэя, к бою! — як рэха, тэнарам адгукнуўся тэлефаніст і яснымі вачмі з-пад ссунутай на вуха шапкі ўставіўся ўгару на камбата — чакаў новыя яго каманды.
— Па кулямёту… Гранатай, узрывальнік асколачны… Зарад чацвёрты… Рэпер номер першы, лявей ноль сорак. Прыцэл сорак восем. Першаму адзін снарад — зарадзіць!
Тэлефаніст перадаў усё да апошняга слова, некалькі секунд пачакаў і нарэшце ўзняў да камбата ўсё той жа поўны гатоўнасці позірк сініх вачэй.
— Першая гатова! — амаль праспяваў ён.
— Ну што? — запытальна зірнуў на камбата Іваноў.— Я гатовы.
Валошын апусціў бінокль і рашуча працягнуў руку да трубкі. Чарнаручанка зразумеў і папрасіў даць дзесятага.
— Я гатовы! — сказаў камбат, як толькі пачуў у трубцы мікрафоннае шчоўканне клапана.
Камандзір палка са стогнам закрычаў нешта, але камбат, апярэдзіўшы яго, ускінуў левую руку ў напрамку да Гутмана.
— Гутман, ракету!
Гутман быў напагатове і, хруснуўшы курком нямецкай ракетніцы, узняў яе над галавой.
Валошыну здалося, што зялёны букет ракеты пырхнуў у цьмянае неба на імгненне раней, чым хлопнуў стрэл ракетніцы, і прыгожа расквітнеў у вышыні над чэзлым кустоўем балота.
— Агонь! — нягучна скамандаваў Іваноў.
Праз секунду ззаду пругка ўдарыла, слаба аддаўшыся за лесам, і першы гаўбічны снарад, распорваючы тугое паветра, прайшоў над галовамі. Пасля на некалькі секунд ягоная хада недзе заціхла, нібы згубілася ў небе, але вось на самай макаўцы вышыні ля траншэі абвальна грымнуў і раскаціўся разрыў. Вецер падхапіў воблака пылу і хутка панёс яго коса па схіле…
Байцы таропка павыскоквалі з сваіх акопчыкаў і, прыгінаючыся, з прытоенай страхавітасцю на тварах, сыпанулі з абмежка да балота. На працягу некалькіх секунд камбат бачыў амаль увесь батальён, за выключэннем хіба захінутай пагоркам роты Кізевіча, затым балотны хмызняк праглынуў усіх. Першы даволі дружны рывок падаваў надзею, цяпер бы яшчэ пару такіх рыўкоў, і батальён быў бы на схіле. Але камбат ведаў, што неўзабаве ўдараць немцы і ўсё можа скончыцца іначай.
Іваноў, не адрываючыся ад бінокля, перадаваў каманды, і ўгары цераз іх галовы з трэскам і стогнам ішлі цяжкія гаўбічныя снарады, якія з магутным глыбінным грукатам абрыналіся на вышыню. Цяпер ён біў па траншэі — з бліндажом і кулямётам, напэўна, было ўжо скончана. Немцы маўчалі, і Валошын хацеў быў сказаць камандзіру батарэі, каб той зрабіў паўзу — нашто дарма біць па аціхлай траншэі? Але толькі ён падумаў пра тое, як на вышыні апантана засакатаў кулямёт. Валошын трошкі падвярнуў акуляры бінокля і ўбачыў за балотам у самым пачатку схілу некалькі шэрых прыгорбленых постацей, якія з натугай беглі па схіле ўгору. Хтось з іх там упаў, падняўся, наперад вырваўся адзін у ватоўцы з кароткім аўтаматам у руках, і Валошын пазнаў у ім Нагорнага. Пакуль роты пад прыкрыццем артагню перабягалі балота, Нагорны атакаваў траншэю.
— Паша, ты бачыш? — крыкнуў камбат. — Вунь мае вырваліся! Хутчэй накрый кулямёт! I праходы, праходы ў спіралі…
— Дзе ж ён? От чорт, не згледзець…
Кулямёт хлёстка біў па ўзводу Нагорнага, кулі з працяглым віскам несліся з вышыні над балотам, але кулямётнай пазіцыі згледзець не ўдавалася. Камбат да болю ўціскаў акуляры бінокля ў вачніцы, пакуль не пачуў, як ззаду задудукалі абодва яго ДШК, і цераз траншэйку і кустоўе да вышыні напяліся дымныя, прыкметныя ў небе струмені буйнакаліберных трас. Валошын падумаў, што Ярашчук бачыць цэль, і скіраваў позірк следам за трасамі, але прыкмеціць, дзе яны канчаліся, было немагчыма. Дымна-трасірныя чэргі імчаліся ў кірунку да вышыні і бясследна знікалі недзе на яе вяршыні.
Читать дальше