— Калі пытанняў няма — па месцах! — сказаў камбат, з асаблівай выразнасцю адчуўшы, што ўжо зусім нічога не засталося.
Заставалася дачакацца прызначанай хвіліны і паслаць у неба букет зялёных ракет. Пасля будзе бой.
Камандзіры выскачылі з траншэі і, прытрымліваючы палявыя сумкі, пабеглі да сваіх падраздзяленняў. У траншэі стала вальней, разам з камбатам у ёй застаўся Самохін, дзіўны ў сваёй службісцкай упартасці ветэрынарны доктар, капітан Іваноў з двума сувязістамі. Праз дзверы расчыненага бліндажа засяроджана пазіралі сувязныя — па адным з кожнай роты. Чарнаручанка корпаўся ў сваёй ячэйцы, а Круглоў на брустверы, таропка прыкурыўшы ў Гутмана, сказаў да камбата:
— Пайду, напэўна, у роту Кізевіча. Гляджу, тут камандзіраў хапае.
— Правільна, — адобрыў Валошын, падумаўшы, што ў гэтай самай аддаленай роце прысутнасць лішняга камандзіра будзе дарэчы. — Ідзіце ў дзевятую. Там у выпадку чаго…
— Ясна, — сказаў камсорг і развітальна махнуў рукой. — Ну, хай будзе ўдача.
— Хай, — сказаў камбат і зрабіў крок да Іванова. — Паша, як батарэя?
— Батарэя гатова, — сказаў Іваноў, апускаючы ад вачэй бінокль, праз які ён разглядаў вышыню. — Вось толькі яшчэ не відаць ні д’ябла.
Ён ужо ўладкаваўся на броўцы бруствера, пасадзіў каля ног тэлефаніста, маладзенькага жвавага хлопца ў зялёным шынялі. 3-за палы паўшубка ў капітана тырчэў краёчак блакнота і кніжка табліцы стральбы з закладзеным у ёй алоўкам. Ніякіх артпрыбораў у Іванова пры сабе не было, як заўжды, прыстрэлку ён рабіў на вока, абыходзячыся старэнькім падрапаным біноклем.
— Ага, яшчэ цемнавата, — зірнуўшы на вышыню ў бінокль, пацвердзіў Валошын.
— Яшчэ хвілін дваццаць трэба. Пакуль развіднее. Паблізу відаць, а далячынь уся ў прыцемку. Куды ж страляць? Разрыву не ўбачыш.
— Значыцца, трэба пачакаць, — сказаў лейтэнант Самохін, запіхваючы ў кішэні гранаты. Затым ён закінуў за плячо ППШ і сказаў камбату: — Ну, я — у ланцуг.
— Значыць, бягом, — напомніў на развітанне Валошын. — Дзве перабежкі — і каб на вышыні. Толькі так, не інакш.
— Пастараемся, таварыш капітан, — сказаў лейтэнант і лёгка выскачыў з траншэі.
Унізе зноў зазумерыў тэлефон, і засяроджаны твар Чарнаручанкі зышоўся на ўвазе. Заклапочаным позіркам тэлефаніст пашукаў камбата: «Вас».
Камбат узяў трубку і, ужо ведаючы, якое пачуе пытанне, сказаў бадай што са злосцю:
— Яшчэ не гатовы. Як буду гатовы, далажу!
— Вы зацягваеце час, вы зрываеце тэрмін атакі! — раздражнена загаварыў камандзір палка. — Што за безабразіе, капітан?!
— Што — тэрмін! Мне нічога не відаць! Артылерысты яшчэ не бачаць вышыню.
— Вочы ім працерці, тваім артылерыстам! — загрымела ў трубцы. — Ужо зусім развіднела, відней не будзе!
— Таварыш дзесяты, трэба пачакаць яшчэ хоць дзесяць хвілін, — спакойна сказаў камбат. — Навошта ж паліць у белы свет, як у капейку. Снарады яшчэ спатрэбяцца.
— Вы проста не гатовы. Вы толькі спіхваеце на артылерыстаў! Вы не арганізавалі атаку! — злосна крычаў камандзір палка, і Валошын адчуў, з якім бы задавальненнем ён таксама перайшоў на крык. Але ён з усяе сілы імкнуўся захаваць спакой і не згубіць вытрымкі, якая сёння яшчэ вельмі яму спатрэбіцца.
— Таварыш дзесяты, сапраўды я не гатовы. Як буду гатоў, далажу.
Ён апусціў клапан і перадаў Чарнаручанку трубку, тут жа спаткаўшы ўстрывожаны позірк маёра.
— Гэта хто? Гэта са штаба дывізіі?
— Гэта са штаба палка, — сказаў Валошын. Маёр, памаўчаўшы, дастаў свой тоўсты старасвецкі гадзіннік на срэбным бліскучым ланцужку.
— Засталося чатыры хвіліны, — сказаў ён трошкі дрыготкім ад хвалявання голасам.
— Трэба пачакаць, — сказаў, азірнуўшыся ад бінокля, Іваноў.— Яшчэ зусім кепска відаць!
Камбат адкінуўся да задняе сценкі траншэі, ён думаў. Вядома, пачынаць артпадрыхтоўку, якая б яна ні была, калі яшчэ не відно вяршыні вышыні, было бязглуздзіцай, але ён ведаў таксама, што любая затрымка з атакай дарма яму не абыдзецца. Ужо Гунько спагоніць з яго як мае быць, адвядзе душу за ўсе апошнія няўдачы палка, асабліва калі да іх дабавіцца яшчэ і няўдача ягонага батальёна. Гэта ўжо пэўна. Тым не менш ён рашыў з цвёрдасцю:
— Пачакаем!
Побач у нямым здзіўленні знерухомеў маёр.
— Як? Вы адкладваеце атаку?
— Адкладваю. На пятнаццаць хвілін.
— Я пратэстую. Вы парушаеце загад. Я буду дакладваць.
— Можаце дакладваць, — спакойна сказаў камбат. — Вы бачыце — цёмна. Куды ж страляць? Камандзір батарэі не бачыць цэляў.
Читать дальше