— Так, так. Хаця гэта ў вас, у царыцы палёў. У нас, у артылерыі, амаль усё па-ранейшаму. Па-даваеннаму.
— У вас што — у вас матэматыка. Функцыі ўглоў адны і тыя ж, у нас і ў немцаў.
— Калі б яшчэ да гэтай матэматыкі болей снарадаў,— уздыхнуў Іваноў.— А то ну што за работа — на кожны стрэл дазвол у камандзіра дывізіёна прасіць! I так ужо ашчаджаеш, як скупы рыцар. Над кожным снарадам трасешся.
— Гэта так. Ну што ж, дружа, добра ў цябе, але трэба ісці. Паслаў разведчыкаў — чакаю выніку. Хоць бы касагор не замініравалі. А то заўтра будзе нечаканка.
Валошын угледзеўся ў свой швейцарскі гадзіннік — было два трыццаць.
— Не дай бог — міны, — сказаў Іваноў — Ведаю.
— Пад агнём паспрабуй тады, размініруй.
— «Шпрынгены» гэтыя — чорт бы іх узяў. У мяне ж во камандзір узвода ўпраўлення на міне падарваўся. Цяпер узводам Мацяйчук камандуе.
Валошын устаў, зашчапіў на кручок каўнер шыняля. Томік вершаў Ясеніна з заламанай старонкай ляжаў на лапніку, і ён раптам згроб яго вялікай рукой.
— Знаеш, ты ўсё роўна спаць будзеш, а мне не да сну. Хоць, можа, душу адвяду, — прабачліва сказаў ён. Іваноў паморшчыўся, але не запярэчыў.
— Толькі з умовай: вярнуць. А то тут у мяне чарга…
Яны абодва выйшлі з зямлянкі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.
— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку, — сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра. — Заўтра іншая гутарка будзе.
— Заўтра іншая, — пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.
3 НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам пачуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.
— Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.
— Не трэба на КП, — сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей. — Усе вярнуліся?
— Усе, таварыш камбат, — ціха азваўся Муратаў.— На фланговым пагорку нашы.
Валошын падышоў бліжай, трое байцоў у шапках з адтапыранымі вушамі насцярожана стаялі з вінтоўкамі ля нагі.
— Былі на вышыні? — запытаў ён.
— Не, таварыш камбат. Да вышыні не далезлі, дрыгва там. I так во па калена, — сказаў адзін з байцоў і, расхінуўшы полы шыняля, паказаў цёмныя, мусіць, мокрыя, сцёгны. — Але мы чулі.
— Што вы чулі?
— Нашыя там. Капаюць акоп. Чулі, лаюцца, і ўсё такое. Па-нашаму, па-руску.
Валошын прымоўк. Тое, што там нашы, а не немцы, было няблага, але такі метад разведкі гэтых разведчыкаў — на слых — яўна не задавольваў яго. Мусіць, заўважыўшы недавер камбата да вынікаў свае работы, усё той жа баец з жывасцю расказаў:
— Улезлі ў кусты, сядзім, чуем, яны там зямлю дзяўбуць. Хацелі ўжо вылезці па вадзе, ды чуем, па-нашаму размаўляюць: «Валодзя, куды ты, кажа, падсумкі дзяваў?» — «На шынялі, кажа, мае і твае». Ну, ведама ж, нашы, — з упэўненасцю скончыў баец.
— Калі нашы, тады трэба ўстанавіць з імі сувязь, — сказаў камбат. — Дамовіцца пра ўзаемадзеянне на заўтра. Паклічце мне лейтэнанта Кізевіча.
— Ёсць!
Баец пабег у кірунку да дзевятай роты, а Валошын задуменна паўзіраўся ў той бок, за балотца. Ведама, у цемры ён нічога не ўбачыў, але ён ведаў, што пагорак там быў маленькі, сілу на ім вялікую не размесціш, хіба які ўзвод мог бы там акапацца і памагчы батальёну агнём па вышыні «Вялікай». Толькі хто яго мог заняць — няўжо падышоў авангард суседняй арміі? Гэта было б здорава.
Чакаючы Кізевіча, Валошын прысеў на цвёрдыя камякі бруствера адзіночнай ячэйкі, некалькі байцоў, што стаялі каля яго, пачалі стукаць ціхенька, але настойліва чаравікамі — грэць ногі.
— Што там, сапраўды нельга прайсці? — запытаў камбат.
— Вада там, таварыш капітан. Не ўмерзла. Мы пайшлі — праваліліся, насілу вылезлі.
— А як жа тыя прайшлі?
— А хто знае? Можа, дзе і ёсць праход. А ўночы як знойдзеш?
«Так, так, — думаў камбат. — Наўрад ці іх там многа. Можа, сакрэт ад суседзяў? Але ўсё роўна трэба звязацца. Трэба кагось паслаць».
Читать дальше