Зрэшты, Маркіна можна было зразумець: не кожны на вайне, трапіўшы ў такія свалачныя выкруты лёсу, як ягоны начштаба, здолеў захаваць душэўную нязломнасць. Камбат ужо ведаў з жыцця і з свае камандзірскае практыкі, што людзі ёсць людзі і патрабаваць ад іх таго, на што яны менш за ўсё здольны, недарэчна па меншай меры. Мусіць, трэба прымаць іх такімі, як іх стварыла жыццё, скарыстоўваючы для справы тыя з іх дзелавых якасцей, якія толькі і можна выкарыстаць.
Стоячы ў выкапаным праходзе, Валошын прыслухаўся, знізу ўгору агледзеўся па баках — непадалёк, здаецца, хтосьці маячыў на ледзь-ледзь светлаватым фоне. Той, мусіць, пазнаў камбата і азваўся сіплым прастуджаным голасам:
— Яны там, ля сяржанта. Камроты там і начальнік штаба.
Камбат паціху пайшоў уздоўж ланцуга ад аднае адзіночнай ячэйкі да наступнай. Амаль ва ўсіх іх варушыліся байцы, дзе-колечы іх было па двое — сышліся пакурыць ды пагрэцца. Бадай ніводзін не спаў — зрэшты, мудрона было заснуць на такой халадэчы. Аднак гэта звечара. Камбат ведаў: пад ранак нават і тут іх адолее сон, наколькі хопіць трывання, пачнуць драмаць, змагаючыся са сцюжай. Зусім без сну чалавеку нельга, нават і тады, калі ён на вайне і сядзіць у ста кроках ад немцаў.
Урэшце ля пятай ці шостай ячэйкі ён пачуў стрыманую размову, якая, як толькі яго заўважылі ў цемры, адразу прыціхла. У доле ля бруствера цямнела некалькі постацей — ён падышоў бліжай і спыніўся.
— Ну што, лейтэнант Маркін?
Маркін таропка ўстаў, падняўся таксама Муратаў і яшчэ нехта з байцоў восьмай.
— Паслалі, таварыш камбат. Траіх. Праз гадзіну-паўтары павінны вярнуцца.
— Так. А з сёмай не чуваць нічога?
— Не, не чуваць.
— Пашліце байца да лейтэнанта Самохіна. Хай перадасць: я чакаю вынікаў разведкі.
— Ёсць!
Муратаў крута павярнуўся і некуды пабег, Валошыну гэта не спадабалася: куды ён бегае? Ці ў яго няма ардынарца або хоць сувязнога, каб паслаць некага выклікаць. Аднак той факт, што сам ён прыйшоў сюды адзін, устрымаў яго ад папроку ротнаму. Маркін, быццам чагось чакаючы, стаяў насупраць.
— Вы адпраўляйцеся на КП, — сказаў яму Валошын. — Калі што — я буду тут.
Начштаба зрабіў крок убок, але перш чым пайсці, растлумачыў, нібыта баючыся, каб камбат што-небудзь зразумеў не так:
— Тых я добра праінструктаваў. У роце назначылі слухачоў назіральнікаў. Так што ўсё павінна быць у парадку.
— Добра.
Маркін няспешна, неяк быццам апанураны чымсь, патупаў ад акопчыка на пагорак і хутка знік у цемры. Не паварочваючыся ў той бок, камбат нейкі час яшчэ чуў ягоныя крокі ў мерзлым доле, адзін раз нават моцна дзёўбнула штось, — мабыць, Маркін спатыкнуўся, затым усё сціхла. Маркін ніколі асабліва не злаваў яго, ніколі не аспрэчваў яго распараджэнняў, спраўна выконваў усе патрабаванні з палка, але заставацца дзе-небудзь удвух з ім Валошыну часам было амаль непрыемна. Чымсь начальнік штаба выклікаў да сябе нейкую неўсвядомленую насцярожанасць, недаўменнасць, было такое ўражанне, нібы чакаў што ад камбата, але што — той не мог зразумець. Праўда, Валошын мала думаў над тым, але прыцьмелая непрыемнасць, што ішла ад лейтэнанта, стала амаль звыклай у яго пачуццях да Маркіна, хоць Валошын яшчэ нічым не выказаў яё.
Затуліўшыся ад ветру, камбат ціха стаяў ля бруствера, агорнуты ноччу, сцюжай і цішынёй. У дваццаці кроках наперадзе скупа бялеў у хмыззі лёд — шэрыя, аплаўленыя, з умерзлай травой плахі паміж куп’я, за якім на голым крутаватым схіле, прытаіўшыся, рабілі сваю справу немцы. I, дзіўная справа, тут, дзе было куды бліжэй да іх, чым ад яго КП, камбату адчувалася куды як спакайней, тут знікала адзінота, заступала адчуванне туташнасці з уласцівай яму ўтульнай надзейнасцю, якую магчыма адчуць толькі дома. Так, ягоны батальён здаўна і звыкла быў яму домам, ягонай крэпасцю і аховай — іншага для сябе прытулку на вайне ён не ведаў.
Калі вярнуўся Муратаў, ён ціха стаяў ля ягонага акопчыка, і лейтэнант, мусіць, падумаўшы, што камбат нешта слухае, сціпла спыніўся побач. Валошын сапраўды ўслухоўваўся, чакаючы якога сігналу з-пад змрочных гарбоў за балотам, але адтуль не далятала ні гуку, адно толькі на балоце шастаў голым кустоўем вецер. Разведчыкі нібы прапалі — ці то яшчэ дабіраліся да нямецкай пазіцыі, ці, можа, ляжалі дзе каля яе.
Валошын няспешна пайшоў па-над ланцугом у напрамку да роты Кізевіча, Муратаў са зважлівай маўклівасцю скіраваў следам.
— Як вы размеркавалі папаўненне? — напаўголаса запытаў камбат.
Читать дальше