— Ну, і ўзялі.
Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. I туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. I што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.
— Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям’ю не адпусцілі? Тады як?
— Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў.— Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
— Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.
Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.
Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік.
Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.
Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх — паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.
— Ну, данёс? — усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў.— А то баяўся.
— Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, — сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.
У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір — восем гузікаў ад каўняра да дзягі — і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай мясціну, дзе і прысеў.
— Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.
Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.
Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, расперазаўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там па-ранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер — надвор’е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору — мабыць, да Маслакова. Сцёпка паляжаў трохі, пакуль спачыў, і зноў сеў. Пакрысе, але ўсё настойлівей пачала напамінаць аб сабе тужлівая пустата ў жываце: хацелася есці. Зашмальцаваная Данілава сумка ляжала ад яго за тры крокі. Мусіць, там нешта было з яды, і хлопец адвёў убок позірк, каб не глядзець на яе, не растраўляць марнага цяпер жадання. Ён толькі падумаў, што было б здорава пусціць дымам той мост ды заваліцца куды ў вёску — столькі наўкола знаёмых сялян, было дзе паесці кулічоў, яек ды і выпіць. Як бы там ні было, а ўсё ж вялікдзень, вёскі святкуюць, як святкавалі некалі, толькі вось ім, лесавым бадзягам, не да таго: заданне, дарога, праклятая гэта каністра замест толу, якая пагана і неадчэпна смярдзіць побач, атручваючы такія харошыя, не застарэлыя яшчэ пахі вясновай зямлі. Ну, але на каго крыўдаваць? Пайшоў сам, ніхто не прасіў, з першай ваеннай вясны ўцёк у лес, прыхапіўшы чужы карабін, напаткаў акружэнцаў, і з імі пачалося яго турботнае лесавое жыццё. Шкадаваў толькі, што не забіў таго падлюгу Валодзьку, які атруціў яму ўсё яго местачковае жыццё. Колькі ён начуўся ад яго пагроз і нацярпеўся здзеку, колькі перахадзіў для яго па гарэлку! Сам паліцай быў трусаваты, з мястэчка баяўся далёка паткнуцца, а яго, бязбацькавіча, прыблуднага чужака, якраз і прыгледзеў на гэтую справу.
Читать дальше