Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «I там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю…
— Халера, патухла. У цябе гарыць?
У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.
— Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў.— Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.
А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: гімнасцёрка ў хаце. Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.
Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў,— змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.
Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; а паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.
За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».
Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся і, яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
— Зноў патух! Што такое?
— Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.
— Да жонкі дажыць трэба.
На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
— Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі?А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа перакладчык — з баразны не разабраць. — Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб’ём». I тут — трах!
У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
I што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. I са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
Читать дальше