Але вось надвячоркам, калі негарачае восенскае сонца паклала на белай тынкоўцы шэсць доўгіх бліскучых палос, у калідоры загрукалі падкутыя боты, застукалі дзверы, і застаялую цішу будынка скалыхнула каманда:
— Строіцца ўсім!
Людзі на падлозе заварушыліся. 3 немачнай паспешнасцю і стогнамі тыя, што яшчэ былі жывыя і маглі ўстаць, пачалі ўзнімацца на ногі, — заварушыліся твары, спіны, скарэлыя бінты павязак — усе падаліся ў дзверы. Лейтэнант пад дошкай таксама варухнуўся, з яго вачэй ураз знікла зацятая самота, і ў глыбіні мільгануў цень трывожнае думкі. Ён узняўся разам з усімі і ў незашпіленай і непадпяразанай суконнай гімнасцёрцы з чорнымі пятліцамі на каўняры накіраваўся к выхаду. Яго левы рукаў з камандзірскім шаўронам матляўся пусты ўздоўж тулава, а пад гімнасцёркай на вузкай почапцы, якая белым шрамам уядалася ў худую юнацкую шыю, вісела параненая рука.
3 калідора тым часам ляцела звычайнае тут, як пакуты і смерць, прывычнае «шнэль, шнэль», і людзі, стрымана тоўпячыся на парозе, выбіраліся ў дзверы. Яны ўжо ведалі, навошта іх строяць, што будзе далей — гэтая жахлівая завядзёнка паўтаралася тут штодзень роўна ў сем вечара.
Выпхнуты ў калідор цесным натоўпам людскіх цел, лейтэнант як — кольвечы засцерагаў ад штурханіны параненую руку і ціснуўся між людзей да акна. Праз падвойнае спляценне рам яму відаць быў цесны панадворак, з трох бакоў сціснуты сценамі, а з чацвёртага адгароджаны суцэльным шэрагам парт, заследжаных ботамі, паламаных, з адарванымі вечкамі. 3 таго боку бар’ера ўжо збіраліся немцы — афіцэры тутэйшага гарнізона, якія акуратна штодзень сходзіліся на відовішча гэтай нялюдскай экзекуцыі. Сярод іх быў і малады, пэўна лейтэнантавых год, афіцэр, у такой, як і ўсе, чорнай эсэсаўскай форме, — белатвары, маўклівы і нават пануры. Бы Гамлет на сцэне, стаяў ён крышачку ўбаку ад усіх, скрыжаваўшы на грудзях белыя рукі, і, таксама, як учора, як і ўсе ранейшыя дні, нерухомым затоеным позіркам глядзеў у акно. Ён быццам кагосьці шукаў і неўзабаве, напаткаўшы лейтэнантаў твар, уставіўся ў яго, нібы ў самую душу, — глядзеў і глядзеў, і невядома, што займала яго — леная цікаўнасць ці змрочная злая зацятасць.
Аднак сёння ўглядацца адзін ў аднаго ім давялося нядоўга. Праз якую хвіліну ў калідоры прагучаў сярдзіты нямецкі вокліч, за ім — лаянка. Людскі натоўп здрыгануўся і таропка пачаў выстройвацца ў цесны няроўны рад. Лейтэнанта адпіхнулі да акна, пацяснілі, балюча прыціснулі руку, і ён апынуўся ў першай шарэнзе. У вузкім праходзе між людзьмі і сцяной з зацятай таемнасцю на ўкормленых тварах ішлі двое афіцэраў з салдатамі аховы. Яны выбіралі дужэйшых.
…Праз чвэрць гадзіны чацвярых з гэтай нялічанай грамады пакутнікаў вывелі са школы.
Па знаёмай, пратаптанай другімі сцяжыне яны — лейтэнант, баец у сподняй кашулі з пустым, выбітым вокам, пажылы вусаты капітан-сапёр і жылісты чарнагаловы ўзбек — увайшлі за бар’ер і спыніліся. Лейтэнант прагна ўдыхнуў вячэрняй свежасці, агледзеўся — трэба было неяк рыхтавацца да стычкі, і нічога цяпер так не жадаў ён, як мець здаровыя рукі. Побач, прыхінуўшыся адзін да аднаго цёплымі целамі, стаялі тыя, з кім яму суджана было хутка загінуць, і гэтая непазбежнасць канца без слоў і поглядаў таемнаю сілай з’ядноўвала іх.
А на дварэ — над немцамі, людскімі пакутамі і блізкаю смерцю — ціха лунаў надвячорак цудоўнай восеньскай пары — бабінага лета… Недзе за шыферным дахам школы садзілася яшчэ і ўвечары цёплае прыветнае сонца, двор атуліла доўгая палоса ценю, а ўгары цагляныя каміны, верхавіны клёнаў і ліп з жоўтым парадзелым лісцем ззялі журботай пагоднага захаду. Нейкі час было ціха. Немцы, стоячы купкамі, прымоўклі і з цікаўнай цярплівасцю прыглядаліся да ахвяр, мераючы іх вачыма і вызначаючы іх фізічныя здольнасці. Яны скіравалі на гэтых чацвярых усю ўвагу, а тыя з перадсмяротнай прагнасцю пазіралі, як над галовамі ворагаў ззяў, свяціўся бляскамі восені стары разложысты клён. Ужо набліжаўся канец яго прыгажосці, і з галля адвечным сваім парадкам з ціхім, развітальным шэптам-жальбаю сыпаліся долу кляновыя лісткі. Усё менела і менела іх на галінах, а яны ўсё падалі і падалі, бы залатыя вялізныя кроплі, важкія і нетаропкія ў цішы вечара, на прыветны дол ля камля, на сцяжыну, у мураву. Тыя, што з верхавіны доўга прабіраліся праз галлё і, бы матылі, адляталі далёка — пад сцены будынка, на парты, к гнуткім блішчастым ножкам прынесенага аднекуль стала.
3а сталом, адхінуўшыся на спінку крэсла, бы цвік, роўна тырчаў даўгашыі сухі оберштурмфюрар — не стары, кастлявы чалавек з падцятымі тонкімі вуснамі і схаванымі пад бровы вачыма. Бліскаючы сіняй іскрынкай пярсцёнка, выстукваў ён на стале нейкі матыў, старанна выпінаючы свае напрасаваныя грудзі з круглым нацысцкім значком і тоўстым «жалезным» крыжам. 3а яго спіной стаялі астатнія афіцэры і збоку ад усіх — той малады. Ён па — ранейшаму насцярожана і пільна глядзеў на ахвяры і найбольш — на лейтэнанта.
Читать дальше