З таго ўскраіннага квартала, дзе жыла Дзіна Васільеўна, машына выкаціла на цэнтральную гарадскую магістраль і шпарка шыбавала ў напрамку да цэнтра. Люся ніколі не ездзіла ў легкавой машыне і цяпер трошкі павесялела ад той асалоды, якую дае хуткая язда. Бы ў зыбцы, яна мерна пагойдвалася, на паваротах яе млосна хінула ўбок і прыемна круцілася ў галаве. Наперадзе, ля шафёра, з прывычным выразам уласнай важнасці сядзела яе новая гаспадыня.
На люднай шырокай вуліцы яны звярнулі ў пад’езд вялікага дома. У ладным, упарадкаваным двары з клумбамі і кустамі бэзу пад сценамі машына спынілася, і Маргарыта Яўгеньеўна нязграбна вылезла ў вузкаватыя для яе дзверы. Люся таксама пачала мацаць нейкія ручкі збоку, але дзверцы не слухаліся, і дзяўчыну мусіў выпусціць шафёр. Пасля яна дагнала гаспадыню, якая, ужо астудзіўшы прыветную лас. кавасць у вачах, узнімалася па прыступках ганка.
— Вось наша кватэра, прыкмячай. Тут веранда, дзе мы п’ем чай. Дарэчы, трэба падвязаць галіны вінаграду — гэта ты ўвечары зробіш. Тут калідорчык, пярэдняя. Дываны і дарожкі будзеш выбіваць кожны ранак. Выбіваць будзеш вунь там, — паказала яна некуды ў кут двара. — Тут у нас ванная, тут гасціная.
Кватэра была вялікая і багатая. На блішчастай паркетнай падлозе ляжалі дарожкі і прыгожыя стракатыя дываны (прыбіраць будзе лёгка, міжвольна зазначыла Люся), у гасцінай стаяла дарагая канапа і два мяккія крэслы, са сцен хіліліся нейкія цёмныя карціны ў тоўстых пазалочаных рамах. У пакоі на кожным кроку стаялі нейкія столікі і шафкі, на якіх, бы ў музеі, блішчэлі фарфоравыя і медныя фігуркі людзей і звяроў… Дзяўчына аж здзівілася, колькі тут было іх, і падумала; «Вось бы сюды Наташку — столькі цацак!». Яна спынілася ў парозе, разглядаючы багатае ўбранства кватэры, а Маргарыта Яўгеньеўна кінула на канапу плашч, спіхнула нагой з нагі басаножкі і стомлена расселася ў крэсле.
— Упарылася — такая духата! Як толькі пачынаецца лета, дык з ім і мае пакуты. Хвораму сэрцу асабліва супроцьпаказана гарачыня, — скардзілася яна, абмахваючыся хустачкай. — Хоць бы ўжо хутчэй тую пуцёўку… Толькі ля мора і паратунак. Ігаро-о-ок! — раптам з маладымі звонкімі ноткамі пяшчотна паклікала яна.
Недзе ў глыбіні кватэры бразнулі дзверы, нешта рыпнула, і на парозе паказаўся той, каго назвала гаспадыня Ігарком. Гэта быў высокі юнак, крыху старэйшы за Люсю, з худым бледным тварам і грывай пакручастых валасоў на невялікай галаве. Ён спыніўся на парозе, засунуў голыя па локаць рукі ў кішэні вузкіх і караткавых блакітных штаноў і, пагойдваючыся ўзад-уперад, ляніва пацікавіўся;
— Гэта яна?
— Вось, Ігарок, гэта Люся, пазнаёмцеся, — лагодна сказала Маргарыта Яўгеньеўна і па чарзе паглядзела на абодвух, быццам параўноўваючы. Ігарок, аднак, не крануўся з месца, і не дастаў з кішэняў рук, толькі неяк бессаромна, з нахабным выразам у прыгожых, як у маці, вачах, агледзеў Люсю. Ад яго погляду дзяўчыне стала ніякавата, і нешта падобнае на злосць і прыкрасць прымусілі яе панурыцца і прыкусіць губу.
— Ну што ж, хай будзе так!.. — зноў гэтак ляніва і сама-задаволена зазначыў Ігар. Выцягнуўшы з кішэні руку і гулліва падкінуўшы на далоні нейкую манету, ён лянівай паходкай знік у калідоры.
— Ігар — студэнт інстытута. Цяпер толькі прыехаў з Харкава на канікулы, — растлумачыла Маргарыта Яўгеньеўна, чагосьці заклапочана ўздыхнула і ўзнялася з крэсла. — Ну, што ты стаіш там, праходзь. Спаць будзеш тут, на раскладушцы. Свае рэчы можаш пакласці ў тумбачку.
Дарэчы, скінь свой мяшчанскі сарафан, — гаспадыня тыцнула пальцам у Люсін квяцісты пашыты ёю (самой) штапельны сарафанчык. — Для хатняй работы я табе дам нешта прыгажэйшае. Ідзі сюды.
Яна падалася ў бакавыя дзверы, Люся нясмела пайшла за ёй. Дзяўчыне было чагосьці трывожна ў гэтай кватэры. Яе пачынаў прыгнятаць самаўпэўнены тон гаспадыні і прысутнасць паблізу яе сына з нахабна-пагардлівым позіркам. Здавалася, што яна тут нейкая дужа маленькая, слабая і неразумная.
— Вось трымай, — сказала тым часам Маргарыта Яўгеньеўна і кінула ёй на рукі агніста-чырвоны кітайскі халацік. Хоць ён быў стары і сям — там дзіравы, але ад яго нельга было адвесці вачэй. Па яго чырвоным фоне распластвалі крылы імклівыя ластаўкі і, бы жывыя, цвілі нейкія дзівосныя кветкі. Люся баязліва разгарнула дарагую адзежыну, а гаспадыня, бачачы яе збянтэжанасць, падахвоціла;
— Адзявай, адзявай, ён якраз табе будзе. Крышку зашыеш толькі ў баках… А вось яшчэ бяры. Гэта калі ў горад прыйдзецца збегаць, у магазін ці на рынак, — і яна падала Люсі таксама паношанае светла-блакітнае плацце. — У нас не будзеш сірацінай, калі станеш старацца…
Читать дальше