I Фрузына пакрысе супакоілася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой — у час паесці, не заседжвацца начамі, у меру хадзіць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы — яны так патрэбны ёй будуць тады, як з’явіцца ён. Жанчына зноў, як калісьці ў шчаслівую пару яе адносін з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як і ўсе задаволеныя жыццём людзі. Пра свой новы стан яна не сказала нікому, як мага глыбей тоячы свае надзеі. Яе цяпер вельмі цікавілі дзеці, і яна часта, ідучы дадому, спынялася дзе ў скверы і падоўгу пазірала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках маці.
Так ішоў час, і надышла пара, калі людзі пачалі прыкмячаць перамены ў яе абліччы. Неяк у час зменкі Драздова ўважліва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот і з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцівай гэтай жанчыне, спытала:
— Што гэта ты растаўсцела? Ці не дзіцёнак? Фрузына сканфузілася, затуліла далонямі жывот, але хіба можна было ўтаіць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсміхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах і паведаміла, як найвялікшую сваю таямніцу:
— Ага, дзіцёначак.
— Ах, каб ты правалілася! — са знарочыстай злосцю загаманіла Драздова. — Што ж гэта ты дапусціла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна і нядорага… Ах, каб цябе!..
— Навошта? — зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. — Хай.
— Хай?! — здзівілася тая. — Вось дык гунора! Хай! Што ты сабе думает, баба? Як жа так можна? Не замужам і хай! Ты думаеш, гэта што — дзіця? Гэта катарга, жызні сваёй няўзлюбіш, свет праклянеш! Гэта ты ненавучаная, вядома. А я ўжо шасцярых вырадзіла, хай ім дно з прарэхай — дзецям гэтым. Праз іх да часу ў магілу ляжаш…
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спадніцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, ні ад каго не таілася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваім маленькім і да часу яшчэ ганарылася ім.
А Драздова ніяк не магла ўгаманіцца і кожную раніцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, і за вочы таксама), лаялаўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
— Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабіў бабе! — не зважаючы на людзей, што праходзілі міма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. — Я яму вочы выдрала б, фізіяномію расквасіла. Папомніў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так ціха-гладка. Што стаіш? — крычала яна на Фрузыну. — Ідзі да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягодніка, жаніцца прымусяць.
Але яна не ішла ні да кога, нікому не скардзілася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваіх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылілася ў ім, што залішне панадзеялася на яго прыхільнасць да яе, але хіба ён учыніў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамінах, было добрае і светлае, і калі ён перамяніўся да яе пасля, дык што ж… Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не які там жаніх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як і да яго, жыла марамі аб маленькім, — цяпер ужо ёй не страшна была адзінота і не дужа патрэбны і Пархомаў.
Але хоць яна і замкнулася ў сабе, у сваіх надзеях і клопатах, людзі ўсё ж не перасталі турбаваць яе. Жонка Пархомава, відаць, нешта дачулася ў Баранавічах і неўзабаве балюча нагадала аб сабе. Аднойчы ў пагодны дзень, толькі што заступіўшы на дзяжурства, Фрузына захацела нечага выйсці і ў тых скрыпучых дзвярах спаткалася з дырэктарам. Жанчына спаважна саступіла ўбок, павіталася, імкнучыся як найхутчэй размінуцца. Але дырэктар, невыразна буркнуўшы нешта на яе «дзень добры», нечакана спыніўся, перахапіў у руцэ жоўтую папку і, гледзячы зверху ўніз, з затоенай пагардай у строгіх вачах сказаў:
— Ага, дарэчы, таварыш Сямашка, што гэта ў вас з Пархомавым? Жонка ліст прыслала, судом пагражае. Яго я ўчора зволіў па ўласнаму жаданню, але вы што сабе думаеце?
I, нахмурыўшы касмылявыя крутыя бровы на выгаленым укормленым твары, ён утаропіўся ў жанчыну і чакаў, што яна скажа. А Фрузына раптам адчула, што ёй замінаюць рукі, пачала церабіць аборку кофты на вялікім ужо жываце і гатова была праваліцца ў зямлю ад гэтага яго дапытлівага позірку. Ёй зрабілася млосна і крыўдна, у горле захраслі ўсе словы, і яна нічога не магла адказаць, толькі думала, каб як перабароць сябе, не хвалявацца, бо гэта шкодна яму, маленькаму. Добра, што дырэктар не настойваў, пастаяў троху, паўзіраўся ў яе збянтэжаны твар і, пакруціўшы галавой, падаўся да лесвіцы.
Читать дальше