Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскія справы, пра парадкі ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завіхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымі кольцамі парэзала каўбасу з пакунка, абчысціла селядца. Да гарэлкі, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставіла талеркі, напаследак дастала шклянку і невялічкі кілішак. Пархомаў добра не адмытымі ад мазуты пальцамі ўзяў кілішак, пакруціў у руках, незадаволена адставіў убок.
— А што ж гэта? Хіба большай няма?
— Няма, — схлусіла яна, зноў прысоўваючы кілішак. Ён з жартоўнай падазронасцю зірнуў на яе і ўзяўся за бутэльку.
— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасіў ён. Яна паслухмяна і няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпілі — ён паўшклянкі, яна са свайго кілішка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка і паціху жавала. Першы кілішак узняў у ёй цэлы рой добрых, імклівых пачуццяў, адразу стала радасна і светла, але яна хавала гэта ў сабе і толькі ўсміхалася. Ён ветліва падсоўваў ёй талерку з каўбасой і, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, і сала ўвакурат.
Пасля яны выпілі яшчэ…
Ніколі ў жыцці ёй не было так хораша і па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпітага і з’едзенага і з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзіўся з ёю. Ён нешта гаварыў і гаварыў усё, але яна дрэнна ўнікала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваіх пачуццяў — ціхага шчасця ад прывабнай цеплыні блізкай чалавечай душы.
Урэшце, відаць, наеўшыся і напіўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркі, адчыніў партабак. Яна, поўная замілавання да гэтага чалавека, усё пазірала на яго памаладзелы ўпарты твар, які заставаўся па — ранейшаму разважны і цвярозы, быццам гарэлка не мела ніякай улады над ім. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку бліжэй да яе табурэткі і раптам проста, упэўнена, але зусім не груба і не абразліва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супраціўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсім целам, прыціснулася да яго шырокіх, разагрэтых хатнім цяплом і гарэлкай грудзей і ўтуліла ў яго пінжак свой гэткі ж гарачы твар. Ён моўчкі і моцна туліў яе, гладзіў па плячах сваімі шорсткімі далонямі, а яна, здавалася, гатова была памерці за тыя хвіліны незвычайнага, ніколі не зведанага шчасця чалавечай блізкасці. Нейкая хваля шчаслівай бяздумнай знямогі ахапіла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух і панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе…
Уранку, ледзьве памыўшыся і дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся і пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, і скупа сказаў на развітанне:
— Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нічога. Харошая ты, праўда.
Яна начала наводзіць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялі ўзнёслыя, радасныя адчуванні ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткі просты і гэткі цудоўны чалавек на зямлі. Ёй вельмі прыемна было адчуваць, што яна, — як і ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдаліца, а таксама вось прывабная і любая мужчыне, што ён аддаў ей столькі пяшчоты і шкадуе яе. Ураз знікла тая застарэлая маркота, якая ў адзіноце гэтулькі год дапякала ёй, — Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.
З гэтымі новымі радаснымі адчуваннямі яна прыйшла на працу, змяніла ў вестыбюлі Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнікі і не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю імклівую энергію. Як заўсёды, за акном бразнулі дзверцы і паўз яе, важна сапучы, прайшоў Іван Кузьміч. Яна павіталася з ім, але ўжо не тым палахлівым голасам, а з нейкай годнасцю і незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацінаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, і ён не здаўся ёй сёння такім недасяжным і далёкім, як заўсёды. I калі, адстукаўшы абцасікамі на ганку, у вестыбюль з’явілася Нонка, Фрузына не вытрымала і на прывітанне ветліва адказала:
— З мінулым святам вас, Нона Васільеўна!
Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслівых вачэй усміхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спыніўся, загаманіў з ёю, нешта вялікае бруіла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, і жанчыне карцела падзяліцца з людзьмі радасцю, толькі дзяліцца не было з кім.
З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы — па-дзелавому строгі, заклапочаны, нават трошкі няласкавы — як і ўсе. Яна не падыходзіла ўжо да яго, як раней, толькі віталася пры сустрэчах — і ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася між імі, трэба берагчы ад старонняга вока, і не таму, што хтосьці можа перашкодзіць ім, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелі, калі ў яго і ў яе супадалі выхадныя, прыбірала ў пакоіку, апранала сваю сінюю з мярэжкамі сукенку і садзілася ля акна. Ён заўсёды прыходзіў перад вечарам, часам прыносіў бутэльку, а болей ішоў так. Яна ўсё па — ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоі, трымаў сябе роўна і ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваіх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток і ладзіў што — кольвечы па гаспадарцы — замасціў дзіркі ў падлозе, затуліў дах, паправіў лаўку на прызбе. Суседкі перашэптваліся і хітра ўсміхаліся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася іх. Наадварот, яна ціха таіла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе і за чалавека, які стаў поруч з ёю.
Читать дальше