«Ледзь толькі срабрыстыя росы заблішчаць пад першымі промнямі летняга сонца, пастух Іван Свірыдаў выводзіць на пашу свой статак. Ужо з ранку ён поўны клопату пра сваіх бялушак і чарнавак, а яны, відаць, разумеюць гэта і без звычайных злосных крыкаў слухаюць яго».
Далей ішло падрабязнае апісанне пастуховых намаганняў, каб лепш даглядзець жывёлу, накарміць, напаіць і не ўпусціць у шкоду. І калі мой допіс знік у паштовай скрынцы і я вярнуўся дадому, дык столькі радасці свяцілася на маім твары, што ў гаспадыні, у якой кватараваў я, узнікла пытанне, у каго з вясковых прыгажунь закахаўся яе кватарант.
Не ў стане саўладаць з нецярплівасцю, я кожны дзень з ранку бегаў у калгасную кантору і самотна чакаў паштальёна. Ён звычайна з’яўляўся пад поўдзень і клаў на стол добры абярэмак пошты. Шмат рук цягнулася да гэтага абярэмка. Многія адразу бралі цэнтральныя выданні, а я хапаўся за невялікі аркушык раённай газеткі, маланкавым позіркам прабягаў па яе старонках, прачытваў загалоўкі розных артыкулаў, а праз момант ужо сумна і без цікавасці разглядаў незнаёмыя прозвішчы шчаслівых аўтараў.
Аднойчы ў канцы ліпеня давялося мне трапіць у наш раённы цэнтр. Уладкаваўшы свае школьныя справы, я накіраваўся ў бакавую зялёную вулічку, дзе змяшчалася рэдакцыя раённай газеты. Над платамі густа стаялі вялізныя старыя вербы і клёны, яны шчыльна хавалі неба, а маладая мураўка рабіла нячутнымі мае крокі. Было ўтульна і лагодна. Аднак нейкая няёмкасць дапякала мяне ўвесь час, пакуль я набліжаўся да ганка рэдакцыі. І пэўна я вярнуўся б назад, калі б у гэты час на парозе не з’явіўся высокі, вельмі худы і амаль жоўты чалавек у акулярах, які здаўся мне хворым. Я вытлумачыў яму сваю патрэбу. Ён моўчкі і абыякава выслухаў і параіў зайсці ў рэдакцыю, дзе са мной «разбяруцца».
Я зайшоў. Кусты бэзу засланялі шыбы пакоя, у якім было змрочна і прахладна. Ля трох сталоў, заваленых падшыўкамі, сядзелі маладыя, пэўна маіх год, людзі і нешта чыркалі ў паперках; на чацвёртым, нібы кулямёт, стракатала машынка. На стале, што стаяў у куце, чмялём гудзеў вентылятар, варушачы валасы на галаве чарнявага хлапца. Я павітаўся, пастаяў крыху і затым накіраваўся да чалавека, ля якога гудзеў той вентылятар.
Чарнявы аказаўся здагадлівым хлопцам. Я толькі яшчэ пачаў выкладаць яму маю справу, а ён палез ужо ў стол, перавярнуў кучу папер у адной скрынцы, потым у другой, у трэцяй і, нарэшце, недзе з самага дна ці мо’ з-пад стала выцяг мае лінаваныя старонкі. Увесь час, пакуль рукі яго корпаліся ў шуфлядах, ён мармытаў:
— Калгасны пастух, калгасны пастух, дзе ж гэты пастух?..
І вось мае шматпакутныя лісткі распласталіся на тоўстым шкле рэдакцыйнага стала, і чарнявы, ухапіўшы тоўстую пластмасавую ручку, узлёг грудзьмі на край сталешніцы.
Цяжка перадаць, што рабілася тады ў маёй душы. Бадай, ніколі яшчэ з таго часу, як з’явілася ў мяне гэтая задума з пастухом, не дасягалі мае пачуцці такога напружання. Я амаль быў упэўнены ў той час, што гэты чарнявы праз хвіліну адарвецца ад рукапісу і скажа што-небудзь накшталт: «Ну і здорава, брат! Вось малайчына!». Я ўжо загадзя бянтэжыўся ад такой пахвалы, але чарнявы не адрываўся, а неяк нібы драмаў, наваліўшыся на стол. Нарэшце яго рука з пластмасавай ручкай мільганула ў паветры, і я ледзь не крыкнуў: тупое спісанае пяро крамзанула ўпоперак старонкі, і сіняя крывая лінія закрэсліла цэлы радок у лепшым маім абзацы. Потым гэтакая ж лінія, толькі карацейшая крыху, знішчыла кавалак маёй, у пакутах народжанай, думкі ў наступным радку, потым яшчэ і яшчэ…
З нянавісцю пазіраючы на свайго ката, я думаў аб тым, якія бязлітасныя людзі існуюць на зямлі. Але я маўчаў, згадваючы, што, пэўна, з такім чалавекам лепш не пачынаць сваркі. А ён тым часам крэсліў, нешта дапісваў над знішчанымі радкамі, паставіў крыж на некалькіх абзацах. Нарэшце, калі справа катавання майго няшчаснага твора наблізілася да аўтарскага подпісу, які, бадай, адзін толькі і заставаўся некранутым, я нясмела, дрыжачым голасам заўважыў:
— Як вы, аднак, пакрэслілі!
Замест таго, каб абурыцца, ён неспадзявана гэтак ветліва і па-сяброўску ўсміхнуўся, што я зусім збіўся з панталыку.
— Гэта нічога. Гэта толькі беглая праўка. Вось рэдактар у нас, той сапраўды грунтоўна правіць.
Тым часам вярнуўся чалавек, якога я сустрэў на ганку. Расчыніўшы дзверы ў пакой, ён з калідора загадаў прынесці ў яго кабінет «допіс вось гэтага аўтара» і пры тым паказаў на мяне. Чарнявы панёс да яго мае пашматаныя старонкі, а я, не вытрымаўшы больш уласных пакут, паплёўся дадому.
Читать дальше