— Бяры вінтоўку і глядзі. Чакай, — сказаў афіцэр, устаў і пакульгікаў у лес.
Турок трошкі суняў свае адчуванні, насцярожыўся, узяў у рукі вінтоўку. Капітан адразу ж прапаў, бы растаў у змроку — нейкі нядоўгі час чутны былі яго крокі, патрэсквалі галінкі ў доле, прашархацелі прыаўражныя кусты. Потым усё змоўкла.
Хлопец з асаблівай самотаю адчуў сваю адзіноту і аж схамянуўся ад няпэўнага таямнічага страху. Стаіўшыся ў імшарыне, ён стараўся не паварушыцца, каб не парушыць цішыні, а сам глядзеў да болю ў вачах і слухаў. Паблізу было ціха, але аднекуль здалёк, з лесавой чашчобы, вынікалі загадкавыя гукі — нешта ціхенька заляскала ў галлі, разы тры піснула, пасля рыпнула, бы якая сухадрэвіна або дзяркач. Аднойчы ў тым баку, за аўрагам, залапатала крыламі нейкая патрывожаная птушка. Сярпок месяца сеў на выгінастую сукавіну елкі і то хаваўся за ашмоцце растрэсеных ветрам хмар, то зноў сціпла блішчаў на небе. Насцярожыўшыся і ўжо забыўшыся на знямогу, хлопец стаіўся, прыціх, нават запыніў дыханне і чакаў.
I ў гэтай яго насцярожанасці да загадкавых, таямнічых і падазроных спраў лесу зусім блізка ля хлопца ўсім целам трапятнуўся немец.
Гэта было так нечакана, што Турок таксама ажно здрыгануўся і ледзьве не крыкнуў. Хлопец падаўся назад, ухапіўшыся за ложа вінтоўкі, але немец ляжаў і не ўскокваў. Яшчэ праз якіх пяць хвілін Турок крыху ачуняў ад спалоху і падумаў, што немец заварушыўся ў непрытомнасці. Хлопец вельмі хацеў, каб «язык» не апрытомнеў цяпер, калі не было капітана; ён проста не ведаў, што рабіць яму, калі вораг усё ж ачнецца.
Вельмі непакоячыся, салдат паціху падняўся і, асцярожна ступаючы, падышоў да немца. Месяц якраз выбег з-за хмар і трохі асвяціў змрочную ў доле постаць, гузікі на шынялі, адарваны пагон, звернуты набок твар з глыбокімі цёмнымі плямамі замест вачэй. З роту ворага ўсё тырчаў кляп — ягоная пілотка.
Трошкі нагнуўшыся, Турок асцярожна зазірнуў зверху ў гэты прыцьмелы твар, як раптам немец зноў варухнуўся, крутнуў галавой і замычаў нешта. Турок адскочыў, інстынктыўна скіраваўшы на яго дула вінтоўкі, але немец, відаць, уставаць не збіраўся. Ён толькі закруціў галавой, замычаў нешта, і Турка ахапіў отарап.
Пэўна, немцу дапякала нешта, — можа, боль ці якая патрэба, бо калі б ён хацеў устаць, дык зрабіў бы гэта. Але ён толькі пераваліўся на бок, скорчыўся з падкручанымі назад рукамі і мычаў, умольна, як здалося Турку, узіраючыся ў вартавога. Турок не ведаў, што яму рабіць, і напружана ўслухоўваўся ў начныя шолахі. Ён вельмі чакаў капітана.
А немец тым часам пачаў жаласна неяк скуголіць. Бы малое шчанё, круціў ён галавой і сяк і так, быццам стараючыся выкінуць з рота кляп. Стоячы праз тры крокі ад яго, Турок з кожнай хвілінай адчуваў усё больш непакою. Бездапаможныя енкі немца неяк аслабілі ў хлопца страх, ён апусціў долу вінтоўку і падумаў, ці не выцягнуць у яго кляп. Яшчэ каб не задушыўся. Скрозь было ціха, немец здаваўся дужа аслабелым, да таго ж рукі яго былі звязаны. I хлопец, нядоўга павагаўшыся, ступіў бліжэй і тузануў з варожага рота пілотку.
I ў тое ж імгненне нешта ўдарыла яго па нагах. Турок не паспеў нават войкнуць, як апынуўся ў доле, а немец, крутнуўшыся побач, нечым тупым і цяжкім, напэўна ботам, ляпнуў яго ў скроню. З хлапечых вачэй пырснулі іскры, і ў свядомасці бліснула кароценькая жахлівая думка — прапаў! Але Турок разгубіўся не болей як на імгненне. Услед за здзіўленнем шыбанула ў адчуванні злосць на гэтага злыдня-ворага, і хлопец, ледзьве не заплакаўшы ад крыўды, ухапіў у цемры яго за адзежыну і не даў хутка ўскочыць на ногі. Затым, разграбаючы чаравікам імшарыну, Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Ворагу заміналі звязаныя рукі, але затое немалая сіла з’явілася ў ягоных плячах, да таго ж ён шалёна брыкаўся ў цемры нагамі. «Э не, зладзюга», — задышліва прастагнаў Турок, ашчаперваючы ягоныя плечы. Затым ён яшчэ намогся і ўссеўся на яго, як мядзведзь, прыгнуў да зямлі. Немец яшчэ рвануўся, але падняцца не здолеў і сцішыўся.
Так ён апынуўся пад хлопцам, яшчэ не скароны і напружаны, хрыпата і злосна дыхаючы, а Турок, таксама сапучы, са страхам чакаў яго новых спроб вызваліцца. Але немец, відаць, не дужа спяшаўся, ён чакаў, выбіраючы лепшы для таго момант, і хлопец мусіў трымаць. Пастаяннае напружанне адбірала шмат сілы, да таго ж салдат адчуваў, што вораг усё ж дужэйшы за яго. Добра, што капітан моцна скруціў яго рукі — развязаць іх немцу пакуль не ўдалося, але хто ведае, што будзе далей.
Читать дальше