З таго часу з’явіўся ў яго на лобе чорны вузенькі ра-меньчык.
— Нягожа, нягожа так хлеб шпурлянь, — нязлосна кажа Змітрук, кідаючы непрыкметныя позіркі на скрыўлены болем, пакутны Спяпанаў твар. — Хлеб — гэта божая сіла. Ад хлеба, брат, жысць на зямлі…
Лёнік, валюхаючы тугімі, як у бацькі, плячыма, нясе падабраны кавалак і, не ведаючы, што зрабіць з ім, кідае на разасланую ля Сцяпана газеціну.
— Падумаеш!.. — прыцішана буркае ён, трошкі боязна пазіраючы на дзядзьку Сцяпана. А той ужо крыху адышоў ад сваёй нервовасці, бярэцца за каўбасу, але ўсё яшчэ су-рова, амаль з нянавісцю, адным сваім уцалелым вокам глядзіць на Лёніка. Чорны раменьчык глыбока ўрэзваецца ў яго набраклы ад гневу лоб.
— Эх-хе! — падмацаваўшыся, месціцца на траве дзед Змітрук. — Маладыя, дзе ім хлеб шанаваць, працу… Маладота-дурнота, хіба яна цяміць…
Дзядзька Спяпан на тое злосна паварочваецца да яго і кідае коратка і сурова, як прысуд:
— Разумень трэба! Не маленькі!
1960 г.
То была цяжкая работа.
Хай бы лепш ужо трапіўся глей, яго як — ніяк можна быіло б надзяўбці кіркай ды паціху павыкідаць рыдлёўкай. У гэтай жа праклятай лесавой зямлі, скрозь перавітай тоўстымі, як бізуны, і цвёрдымі, як дрот, яловымі каранямі, мала карысці ад кіркі, лома ці звычайнай штыхавой рыдлёўкі. Адно, што як-колечы памагала Турку капаць гэты акопчык, была сякера. Салдат раз — пораз выпростваўся з ямы, якая патроху, але ўсё ж глыбела, браўся за гразкае тапарышча і блішчастым затупленым лязом сек у цвёрдай зямлі непадаткія смаляныя карані. Пасля ён браў з кута рыдлёўку і кідаў ёю цераз плячо земляныя ацяробкі. Буйнейшыя камякі шасталі непадалёк у альховым кусце, а рассыпістая драбяза, падхопленая ветрам, пыльна трусіла на яго спіну, шыю, пілотку. Ад такой турботнае працы хлопец неўзабаве змарыўся. Не зважаючы на слоту асенняга надвор’я, ён расперазаў сваю трафейную дзягу з «гот міт унс» на алюмініевай спражцы, сцягнуў за рукавы шынель і выкінуў яго з акопа далей на мокрую, засыпаную зямлёй траву. За паўхвіліны тае перадышкі ён паспеў паглядзець назад, туды, на тэлефаністаў, што мясціліся з апаратамі на ўскрайку гэтай травяністай лясной прагаліны. Праўда, цікавілі Турка не тэлефаністы, а яго камандзір — старшы на батарэі лейтэнант Гаркавенка. Якраз было ціха, батарэя маўчала, і лейтэнант, расставіўшы калені, сядзеў на шырокім пні ля сваёй бусланогай бусолі і курыў. Позіркі іх сустрэліся.
— Ну што, пяхота? Уходаўся? — праз дым ад цыгаркі знарок зласнавата гукнуў лейтэнант, але Турок згледзеў, што вочы ў камандзіра ўжо добрыя, нават смяшлівыя, а ад былое злосці не засталося і следу. За мянушку ж тую — пяхота! — Турок ужо даўно перастаў крыўдаваць на лейтэнанта і на хлопцаў, можа таму, што прывык, а можа адтаго, што не адчуваў тут ніякай сваёй віны. Хіба ён быў вінаваты, што яго перадалі гэтай батарэі са стралковага батальёна, у якім ён пачынаў франтавую службу, і таму ў артылерыйскай навуцы не дужа што, як кажуць, кумекаў. Ад лейтэнантавай адмякчэласці хлопцу трохі палепшала ў гэтай пераплеценай каранямі яме; ён уздыхнуў, папляваў на далоні і з новаю сілай узяўся за цёплы, адслізганы тронак рыдлёўкі.
З самага ранку гэтага слотнага дня паваліліся на радавога Турка дробныя і вялікія няўдачы. Пачалося з таго, што на старой агнявой пазіцыі, з якой яны на світанні зняліся, ён забыўся сваю тарбінку з сякім — такім салдацкім набыткам. Праўда, дужа каштоўнага там не было нічога, хіба толькі новыя байкавыя анучы, ні разу яшчэ не абутыя і беражоныя на самы неабходны выпадак. Турок пабедаваў крыху ды можа і забыўся б на тую няўдачу, калі б праз якую гадзіну не напаткала яго другая. Збіраючыся паснедаць і ўжо дастаючы з-за абмоткі сваю пагнутую лыжку, ён незнарок перакуліў кацялок і выліў у траву ўвесь крупнік. Пакуль хлопцы рагаталі з яго, Турок усухамятку зжаваў сваю хлебную пайку, нявесела пазіраючы ў той бок, дзе батарэйны кухар мыў у ручаіне парожнія тэрмасы.
Трэцяе ж ліха было куды горшае. Батарэя вяла агонь, лейтэнант Гаркавенка сваім заўсягдашнім нейкім злосным голасам крычаў ад бусолі каманды. Раз — пораз тузаючыся, бы прысядаючы на высокіх гумовых колах, гахалі гаўбіцы — недзе за лесам нашых атакоўвалі немцы. Турок быў зарадным — седзячы ў папараці каля гарматы, выдзіраў з гільз парафінавыя донцы і, слухаючы каманду Гаркавенкі, «рабіў зарад».
— Зарад трэці! — крычаў Гаркавенка, і Турок вымаў з шырокай, бы глечык, гільзы тры мяшэчкі дробнага пораху.
Читать дальше