І раптам зусім блізка наперадзе надрыўны вокліч скалануў цішыню. Ад нечаканасці спалохана захраплі коні, а ў Максіма, здаецца, адарвалася сэрца і жудаснае здранцвенне на якую секунду адабрала розум і сілы. Мімаволі сама па сабе шыбанула ў голаў страшная здагадка — немцы!
На другі такі ж вокліч Максім рвануў лейцы, — коні, адчуўшы нядобрае, паслухмяна кінуліся ўбок, але ў тое ж імгненне з цемры ўдарыла аўтаматная чарга. Максім адчуў толькі, як, лязгнуўшы па коле, рыкашэтам зыўкнула куля. Коні знянацку рвануліся, а ён, не ўтрымаўшыся на краі сядзення, нязграбна бразнуўся з брычкі.
«Вось і ўсё, канец!»
Ні жалю, ні думкі, адно самотнае прадчуванне пагібелі ахапіла ездавога. Жах скаваў розум, цела апанаваў халодны панылы боль. Максім не кратаўся, у смяротнай роспачы сутаргава ўпіліся ў імшыстую мякаць пожні яго вузлаватыя пальцы.
Без руху з паўхвіліны Максім усёй істотай чакаў апошніх стрэлаў, якія прыкончылі б яго, але стрэлаў чамусьці не было. Тады паволі пачала вяртацца развага.
Яшчэ не адчутае да канца нешта новае, падобнае на злосць, з’явілася ў яго настроі. Максім крануўся — моцна балела плячо і нага, але асаблівых пашкоджанняў, здаецца, не было. Ён хацеў ужо ўставаць, ды пачуў непадалёку таропкія крокі і цяжкае чалавечае дыханне. На зорным фоне відаць было, як зусім блізка, баязліва прыгнуўшыся, прабеглі ўслед коням дзве цьмяныя постаці. Максім адразу пазнаў гэтыя ненавісныя постаці: надоўга адбіліся яны ў памяці чалавека. «Яны ж забяруць фурманку», — шыбанула новая думка, і крыўда хлынула ў сэрца старога.
Праз нейкі час, калі крыху суняўся першы спалох, у пачуццях чалавека ўзнікла адчуванне адказнасці за свой абавязак салдата. Перамагаючы боль, ездавы павярнуўся на бок і дастаў з-за спіны вінтоўку. Рукі яго дрыжалі і ўсё не маглі зладзіць з тугім затворам, і наогул ён не ведаў, што зробіць зараз, толькі жаданне неяк супраціўляцца ўсё болей мацнела ў ім.
Максім узняўся і, згорбіўшыся, кульгаючы на правую нагу, падаўся ўслед за ворагамі. Зараджаную вінтоўку ён ухапіў за канец ствала і бяссільна цягнуў яе, нібы цяжкую і нязручную прыладу.
Збянтэжаны і ўзрушаны здарэннем, у гарачцы хвалявання ён дрэнна ўяўляў сэнс падзей і, бадай, трапіў бы ў рукі ворагаў, калі б тыя першыя заўважылі яго. Але гітлераўцы, злавіўшы напалоханых коней, пэўна, рашылі, што ездавы ўцёк, і, пачакаўшы крыху, павярнулі ў свой бок. Максім тады і сустрэў іх.
Адчуўшы спрыт і асцярогу, што раптам з’явіліся ў ім, ездавы адскочыў убок і прытуліўся да зямлі. Зноў перад ім, непрыкмечаным, прайшлі немцы: адзін вёў за павады яго коней, а другі, што ішоў ззаду, спыніўся і пастаяў, хвіліну прыслухоўваючыся.
Максім узняў вінтоўку. Яму з долу добра бачны быў варожы сілуэт, які чорным ценем засланіў край зорнага небасхілу. Максім наставіў стрэльбу на ворага, але стрэліць так і не адважыўся. У апошняе імгненне, калі трэба было ціснуць курок, смеласць пакінула яго. Задні гітлеравец, відаць, нічога падазронага не ўчуўшы, сказаў нешта таму, што вёў коней, і яны абодва ўзлезлі на былое Максімава месца на возе.
Так ворагі, коні і фурманка з ротным дабром зніклі ў начной цемры.
Тады ездавы, абапёршыся аб дол рукамі, сеў на травяністай імшарыне побач са сваёй вінтоўкай і ўжо не спрабаваў стрымацца. Канчаткова ахапіўшая яго роспач выціснула з грудзей цяжкі, пакутлівы енк. Гэты енк, спалохаўшы ў цішы самога Максіма, нечакана абудзіў яго, прымусіў зірнуць на сяб е аднекуль збоку, вачыма другога чалавека, чалавека разумнейшага ў жыцці і мацнейшага ў барацьбе. Потым ён адчуў асуджэнне і дакор сабе, агідна бездапаможнаму ў такі рашаючы час. Цяжкія няўцешныя думкі, поўныя бязлітаснай насмешкі над сабой, паплылі ў немаладой яго галаве. Хоць і не першы раз у жыцці напаткала Максіма бяда, але гэтая была зусім іншага складу, чым усе перажытыя. Яна агіднай ганьбай запляміла чалавечую яго вартасць, падсекла надзеі, дарэшты зняславіла ранейшае жыццё чалавека. Як было пасля такога здарэння ісці ў батальён, дзе кожны дзень паміралі людзі, маладыя і больш вартыя, чым ён? Як было жыць, калі пасля гэтага ўжо нічога не заставалася ў душы, апрача вечнай агіды да сябе?
Дык няўжо гэта канец? Няўжо толькі пагібель з’явіцца справядлівай збаўцай ад нясцерпных пакут? Чаму ж тады ён павінен так недарэчна, пагана памерці, а злачынцы-ворагі застануцца жыць і ўчыняць яшчэ не адну смерць добрым людзям.
Усвядоміўшы глыбіню сваёй бяды, ездавы зразумеў, што ёсць у ім нешта мацнейшае за звычайную чалавечую смерць. Пачуццё салдата паступова, але рашуча пачало браць верх, заглушыўшы ўсё іншае, асабістае, якое цяпер выявілася ў ім самым благім чынам.
Читать дальше