«Падумаю і пра душу, але выратуйце!»
«Павел Іванавіч!..» сказаў стары Муразаў і спыніўся. «Выратаваць вас не ў маёй уладзе, — вы самі бачыце. Але прыкладу намаганні, якія здолею, каб зрабіць лягчэйшай вашу долю і вызваліць. Не ведаю, ці ўдасца гэта зрабіць, але буду старацца. Калі-ж, пачэ чаянія, удасца, Павел Іванавіч, — я папрашу ў вас узнагароды за працу: кіньце ўсе гэтыя замеры на гэтае прыдабыванне. Гавару вам сумленна, што калі-б я і ўсю страціў маю маёмасць, — а ў мяне яе больш, чым у вас, — я-б не заплакаў. Дальбог, [справа] не ў гэтай маёмасці, якую могуць у мяне канфіскаваць, а ў той, якую ніхто не можа ўкрасці і адабраць! Вы пажылі ўжо на свеце досыць. Вы самі называеце жыццё сваё суднам сярод хваль. У вас ёсць ужо чым пражыць рэшту дзён. Пасяліцеся сабе ў ціхім кутку, бліжэй да царквы і да простых, добрых людзей; або, калі карціць моцнае жаданне пакінуць пасля сябе патомкаў, жаніцеся з небагатай добрай дзяўчынай, якая прывыкла да памяркоўнасці і да простай гаспадаркі. Забудзьце гэты шумны свет і ўсю яго павабную прыхамаць; няхай і ён вас забудзе: у ім няма заспакаення. Вы бачыце: усё ў ім вораг, спакушальнік або здраднік...
«Абавязкова, абавязкова! Я ўжо хацеў, ужо меў намер павесці жыццё, як след, думаў заняцца гаспадаркай, абмежаваць жыццё. Дэман-спакушальнік збіў, звёў з тропу, шайтан, чорт, вылюдак!»
Нейкія невядомыя дагэтуль, незнаёмыя пачуцці, яму няўцямныя, прышлі да яго, як быццам хацела ў ім штосьці прачнуцца, штосьці далёкае, штосьці..., штосьці прыгнечанае з маленства суровым, мёртвым павучаннем, беспрыветнасцю нуднага маленства, пустэчай роднага жытла, бессямейнай адзінотай, галечай і беднасцю першапачатковых уражанняў і як быццам тое, што....... суровым позіркам лёсу, які глянуў на яго нудна, праз нейкае цьмянае, занесенае зімовай завеяй акно, хацела вырвацца на волю. Енк вырваўся з яго вуснаў і, паклаўшы абедзве далоні на твар свой, смутным голасам сказаў ён: «Праўда, праўда!»
«I веданне людзей, і спрактыкаванасць не дапамаглі на незаконнай падставе. А калі-б да гэтага ды падстава законная!.. Эх, Павел Іванавіч, нашто вы сябе загубілі? Прачніцеся: яшчэ не позна, яшчэ ёсць час...»
«Не, позна, позна!» застагнаў ён голасам, ад якога ў Муразава ледзь не разарвалася сэрца. «Пачынаю адчуваць, чую, што не так, не так іду, і што далёка адступіўся ад простага [шляху], але ўжо не магу! Не, не так выхаваны. Бацька мне ўдзёўбваў настаўленні, біў, прымушаў перапісваць з маральных правілаў, а сам краў пры мне ў суседзяў лес і мяне яшчэ прымушаў дапамагаць яму. Распачаў пры мне несправядлівую судовую справу; разбэсціў сіротку, якой ён быў апекуном. Прыклад мацней правілаў. Бачу, адчуваю, Афанасій Васільевіч, што жыццё вяду не такое, але няма вялікай агіды да пароку: агрубела натура; няма любві да дабра, гэтага цудоўнага нахілу да спраў богаўгодных, які ператвараецца ў натуру, у звычку...
Няма такой ахвоты падвізацца для дабра, якая ёсць для атрымання маёмасці. Кажу праўду — што-ж рабіць!..»
Моцна ўздыхнуў стары...
«Павел Іванавіч! у вас столькі волі, столькі цярплівасці. Лякарства горкае, але-ж хворы прымае, ведаючы, што інакш не адужае. У вас няма любві да дабра, — рабіце дабро сілком без любві да яго. Вам гэта залічыцца яшчэ ў больш вялікую заслугу, чым таму, хто робіць дабро праз любоў да яго. Прымусьце [сябе] толькі некалькі разоў, — потым набудзецца і любоў. Паверце, усё робіцца. Царство нудится [ 118 118 Здабываецца працай.
], сказана нам. Толькі сілком прабіраючыся да яго... сілком трэба прабірацца, браць яго сілком. Эх, Павел Іванавіч! [у] вас-жа ёсць гэтая сіла, якой няма ў іншых, гэта жалезная цярплівасць. I ці вам не адолець? Ды вы, мне здаецца, былі-б волат. Бо цяпер людзі — без волі, усе — слабыя».
Прыкметна было, што словы гэтыя ўбіліся ў самую душу Чычыкава і закранулі штосьці славалюбнае на дне яе. Калі не рашучасць, дык штосьці моцнае і да яе падобнае бліснула ў яго вачах...
«Афанасій Васільевіч!» сказаў ён цвёрда: «калі толькі вымаліце мне збавенне і сродкі выехаць адсюль з якой-небудзь маёмасцю, я даю вам слова пачаць іншае [жыццё]: куплю вёсачку, зраблюся гаспадаром, буду збіраць грошы не для сябе, але для таго, каб дапамагаць іншым, буду рабіць дабро, колькі хопіць сілы; забуду сябе і ўсялякія гарадскія аб’яданні, і баляванні, буду весці простае, цвярозае жыццё».
«Хай умацуе вас бог у гэтым намеры!» сказаў узрадаваны стары. «Буду старацца з усяе сілы, каб вымаліць у князя ваша вызваленне. Удасца ці не ўдасца, гэта бог [ведае]. У кожным выпадку, лёс ваш, пэўна, будзе лягчэйшы. Ах, божа мой! абніміце-ж, дазвольце мне вас абняць. Як вы мяне, дапраўды, узрадавалі! Ну, з богам, зараз-жа іду да князя».
Читать дальше