Над сталом у хаце вісела з верхнім шчытком лямпа, якая ярка асвятляла пад сабой чайны посуд, пляшку з гарэлкаю, закусь і цагляныя сцены, на покуце ўвешаныя абразамі і па абодва бакі ад іх малюнкамі. На першым месцы за сталом сядзеў у адным чорным кажушку Васіль Андрэевіч, абсмоктваючы свае замёрзлыя вусы і аглядаючы вакол народ і хату сваімі пукатымі ястрабінымі вачыма. Апрача Васіля Андрэевіча, за сталом сядзеў лысы сівабароды стары гаспадар у белай саматканай кашулі; побач з ім, у тонкай паркалёвай кашулі, з шырознай спіной і плячмі,— сын, які прыехаў з Масквы на свята, і яшчэ другі сын, шыракаплечы — старэйшы брат, які гаспадарыў у доме, і хударлявы рыжы мужык — сусед.
Мужыкі паспелі выпіць і закусіць і цяпер збіраліся піць чай, самавар ужо шумеў, стоячы на падлозе ля печкі. На палатках і на печцы відаць былі дзеці. На палку сядзела баба з калыскаю. Старая гаспадыня са спярэшчаным ва ўсіх напрамках дробнымі маршчынкамі, якія моршчылі нават яе губы, тварам, частавала Васіля Андрэевіча.
У той час як Мікіта заходзіў у хату, яна ўжо наліла ў шклянку з тоўстага шкла гарэлкі і падносіла яе госцю.
— Не крыўдуй, Васіль Андрэевіч, нельга, павіншаваць трэба,— казала яна.— Выпі, галубок.
Выгляд і пах гарэлкі, асабліва цяпер, калі ён змерзнуў і стаміўся, моцна збянтэжылі Мікіту. Ён спахмурнеў і, скінуўшы з шапкі і кафтана снег, стаў насупраць абразоў і, нібы нікога не бачачы, тры разы перахрысціўся і пакланіўся абразам, потым, павярнуўшыся да гаспадара-старога, пакланіўся спярша яму, потым усім, хто быў за сталом, потым бабам, якія стаялі ля печы, і, сказаўшы: «Са святам»,— стаў распранацца, не пазіраючы на стол.
— Ну і заінеў жа ты, дзядзька,— сказаў старэйшы брат, пазіраючы на запушаны снегам твар, вочы і бараду Мікіты.
Мікіта зняў кафтан, яшчэ раз абтрэс яго, павесіў ля печы і падышоў да стала. Яму таксама прапанавалі гарэлкі. Была хвіліна пакутлівае барацьбы: ён ледзь не ўзяў шклянку і не перакуліў у рот духмяную светлую вільгаць; але ён зірнуў на Васіля Андрэевіча, успомніў пра зарок, успомніў прапітыя боты, успомніў бондара, успомніў малога, якому ён абяцаў к вясне купіць каня, уздыхнуў і адмовіўся.
— Не п’ю, шчыра дзякую,— сказаў ён, нахмурыўся і прысеў на лаўцы ля другога акна.
— Што ж гэта ты? — спытаў старэйшы брат.
— Не п’ю ды і ўсё тут,— сказаў Мікіта, не ўзнімаючы вачэй, касавурачыся на свае рэдкія вусы і бараду і вызваляючы іх ад ледзяшоў.
— Яму не выпадае,— сказаў Васіль Андрэевіч, закусваючы абаранкам выпітую шкляначку.
— Ну, дык чайку,— сказала ласкавая бабка.— Мусіць жа, змерзнуў, небарак. Што вы, бабы, з самаварам кешкаецеся?
— Гатовы,— адказвала маладзіца і, абмахнуўшы фіранкаю гарачы самавар, праз сілу данесла яго, падняла і паставіла на стол.
Тым часам Васіль Андрэевіч расказваў, як яны збіліся, як два разы вярталіся ў тую ж вёску, як блудзілі, як сустрэлі п’яных. Гаспадары дзівіліся, тлумачылі, дзе і чаму яны збіліся і хто былі п'яныя, якіх яны сустрэлі, і вучылі, як трэба ехаць.
— Тут да Малчанаўкі малое дзіця даедзе, толькі патрапіць на заваротку з бальшака,— куст тут відаць. А вы не даехалі! — казаў сусед.
— А то начавалі б. Бабы пасцелюць,— угаворвала бабка.
— Ранічкаю паехалі б, найлепш было б,— пацвярджаў стары.
— Нельга, браток, справы! — сказаў Васіль Андрэевіч.— Гадзіну ўпусціш, годам не нагоніш,— дадаў ён, прыгадваючы дзялянку і купцоў, якія маглі б перахапіць у яго гэтую пакупку.— Неяк жа даедзем? — звярнуўся ён да Мікіты.
Мікіта доўга не адказваў, усё як быццам заклапочаны мокраю барадою і вусамі.
— Не збіцца б зноў,— сказаў ён змрочна.
Мікіта быў змрочны таму, што яму страшэнна хацелася гарэлкі, і адно, што магло прыглушыць гэтае жаданне быў чай, а чаю яму не прапанавалі.
— Нам бы толькі да завароткі даехаць, а там ужо не саб’емся; лесам да самага месца,— сказаў Васіль Андрэевіч.
— Справа ваша, Васіль Андрэевіч; ехаць дык ехаць,— сказаў Мікіта і ўзяў шклянку чаю, які яму падалі.
— Пап’ем чайку, ды і ў дарогу.
Мікіта нічога не адказаў, толькі паківаў галавою, асцярожна выліў чай на сподачак і стаў грэць над параю свае рукі з заўсёды прыпухлымі ад працы пальцамі. Потым адкусіў маленькі кавалачак цукру, пакланіўся гаспадарам і сказаў:
— Будзьце здаровы,— і пацягнуў у сябе гарачую вадкасць.
— Каб хто правёў да завароткі,— сказаў Васіль Андрэевіч.
— Што ж, гэта можна,— сказаў старэйшы сын.— Пятруха запражэ ды і правядзе да завароткі.
Читать дальше