— А гэта ж зноў Грышкава,— раптам выгукнуў Мікіта.
Сапраўды, цяпер злева ад іх быў той жа самы ток, з якога сыпаў снег, далей тая ж самая вяроўчына з замёрзлаю бялізнаю, кашулямі і порткамі, якія ўсё гэтак жа шалёна матляліся пад ветрам.
Зноў яны заехалі ў вуліцу, зноў стала ціха, цёпла, весела, зноў была відаць наперадзе дарога з кучамі гною, зноў пачуліся галасы, песні, зноў забрахаў сабака. Ужо гэтак сцямнела, што ў некаторых вокнах засвяціліся агеньчыкі.
Пасярод вуліцы Васіль Андрэевіч завярнуў каня да вялікага, у дзве цагліны, дома і спыніў яго ля ганка.
Мікіта падышоў да занесенага снегам, асветленага акна, у святле якога паблісквалі лёгкія сняжынкі, і пастукаў пугаў’ём.
— Хто там? — пачуўся голас.
— З Крыжоў, Брахуновы, добры чалавек,— адказаў Мікіта.— Выйдзі на хвілінку!
Ад акна адышлі, і праз хвіліны дзве — чуваць было — адліплі дзверы ў сенцах, потым бразнула зашчапка на знадворных дзвярах, і, прытрымліваючы дзверы ад ветру, высунуўся высокі стары з белаю барадою мужык у накінутым паўкажушку паўзверх белай святочнай кашулі і за ім хлапец у чырвонай кашулі і скураных ботах.
— Ці не ты гэта, Андрэевіч? — сказаў стары.
— Ды вось заблудзілі, браток,— сказаў Васіль Андрэевіч,— хацелі ў Гарачкава, а трапілі да вас. Ад’ехалі, зноў заблудзілі.
— Трэба ж гэтак збіцца,— сказаў стары.— Пятрушка, ідзі адчыні вароты! — загадаў ён хлапцу ў чырвонай кашулі.
— Гэта можна,— адказаў хлапец вясёлым голасам і пабег у сенцы.
— Ды мы, браток, не начаваць,— сказаў Васіль Андрэевіч.
— Куды ехаць — ноч на вуліцы, начуй!
— I рады быў бы начаваць, але ехаць трэба. Справы, браток, нельга.
— Ну, тады хоць пагрэйся, адразу да самавара,— сказаў стары.
— Пагрэцца — гэта можна,— сказаў Васіль Андрэевіч,— цямней не будзе, а месяц узыдзе — пасвятлее. Зойдзем, ці што, Мікіта, пагрэемся?
— Ну, што ж, і пагрэцца можна,— сказаў Мікіта, які моцна перамерзнуў і страшэнна хацеў хоць крышку адагрэцца ў цяпле.
Васіль Андрэевіч пайшоў са старым ў хату, а Мікіта заехаў праз адчыненыя Пятрушкам вароты на падворак і, згодна з ягоным указаннем, паставіў каня пад паветку хлева. Вакол хлева было шмат гною, і высокая дуга зачапіла за жэрдку, на якой ужо паселі куры з пеўнем,— яны нездаволена заквакталі і заварушыліся на жэрдцы. Патрывожаныя авечкі, тупаючы капытамі па мёрзлым гнаі, кінуліся ўбок. Сабака, шалёна павіскваючы, спалохана і злосна пашчанячы заліваўся-брахаў на чужога.
Мікіта пагаварыў з усімі: папрасіў прабачэння ў курэй, супакоіў іх, каб болей не патрывожыць, папракнуў авечак за тое, што яны палохаюцца, самі не ведаючы чаго і, не перастаючы сарамаціў сабачку, у той час як прывязваў каня.
— Ну, вось цяпер усё добра,— сказаў ён, абтрасаючы з сябе снег.— Чаго заліваешся! — зноў павярнуўся ён да сабакі.— Ды ўжо хопіць табе! Хопіць, дурань, хопіць. Толькі сябе непакоіш,— казаў ён.— Не злодзеі, свае...
— А гэта, як кажуць, тры хатнія дарадчыкі,— сказаў хлопец, закідваючы дужаю рукою пад паветку санкі.
— Як гэта дарадчыкі? — спытаў Мікіта.
— А так у Пульсоне надрукавана: злодзей падкрадаецца да хаты, сабака брэша,— не зявай, значыць, глядзі. Певень спявае — значыць, уставай. Кот мыецца — значыць, дарагі госць, рыхтуйся пачаставаць яго,— сказаў хлапец, усміхаючыся.
Пятруха быў пісьменны і ведаў амаль на памяць кнігу Паульсона, адзіную, якая была ў яго; ён любіў, асабліва калі быў крышку пад чаркаю, як і сёння, прыводзіць з яе выслоўі, якія на яго думку найбольш падыходзілі да таго ці іншага выпадку.
— Гэта так,— сказаў Мікіта.
— Змерз, пэўна, дзядзечка? — дадаў Пятруха.
— Так, ёсць-такі,— сказаў Мікіта, і яны пайшлі праз двор і сенцы ў хату.
Двор, куды паехаў Васіль Андрэевіч, быў адзін з самых заможных у вёсцы. Сям’я трымала пяць надзелаў і наймала яшчэ зямлю на старане. Коней у двары было шасцёра, тры каровы, два падцёлкі, штук дваццаць авечак. Усіх сямейных у двары было дваццаць дзве душы: чатыры сыны жанатыя, шасцёра ўнукаў, з якіх адзін Пятруха быў жанаты, два праўнукі, трое сірат і чатыры нявесткі з малымі. Гэта была адна з рэдкіх гаспадарак, якія аставаліся яшчэ непадзеленыя; але і ў ёй ужо вяліся глухія ўнутраныя, як заўсёды пачатыя між бабамі, нелады, якія немінуча павінны былі неўзабаве прывесці да падзелу. Два сыны жылі ў Маскве, былі вадавозы, адзін быў у салдатах. Дома цяпер былі стары, старая, другі сын — гаспадар і старэйшы сын, які прыехаў з Масквы на свята, і ўсе бабы і дзеці; апрача хатніх, быў яшчэ госць-сусед і кум.
Читать дальше