Аднаго разу ў іх быў нават вечар, танцавалі. I Івану Ільічу было весела, і ўсё было добра, толькі ўзгарэлася вялікая сварка з жонкаю праз тарты і цукеркі: у Праскоўі Федараўны быў свой план, а Іван Ільіч настояў на тым, каб узяць усё ў дарагога кандытара, і ўзяў шмат тартоў, і сварка ўзгарэлася праз тое, што тарты асталіся, а кандытараў рахунак быў на сорак пяць рублёў. Сварка была вялікая і непрыемная, Праскоўя Федараўна нават кінула яму: «Дурань, кісляй». А ён схапіў сябе за галаву і злосна сказаў штосьці пра развод. Але сам вечар быў вясёлы. Была лепшая кампанія, і Іван Ільіч танцаваў з княгіняю Труфанавай, сястрою той, якая была вядома заснаваннем таварыства «Унеси ты мое горе». Радасці службовыя былі радасцямі самалюбства; радасці грамадскія былі радасцямі пыхлівасці; аднак сапраўднымі радасцямі Івана Ільіча былі радасці гульні ў вінт. Ён прызнаваўся, што пасля ўсяго, пасля ўсіх падзей, невясёлых у ягоным жыцці, радасць, якая, як свечка, гарэла перад усімі іншымі,— гэта сесці з добрымі ігракамі і некрыкунамі-партнёрамі ў вінт, і абавязкова ўчатырох (упяцёх надта ж балюча выходзіць, хоць і прыкідваешся, што я дужа люблю), і весці разумную, сур’ёзную гульню (калі карты ідуць), потым павячэраць і выпіць шклянку віна. А спаць пасля вінту, асабліва калі ў невялічкім выйгрышы (вялікі — непрыемна), Іван Ільіч клаўся ў асабліва добрым настроі.
Гэтак яны жылі. Таварыскае кола было ў іх самае лепшае, ездзілі і паважныя людзі і маладыя людзі.
У поглядах на кола сваіх знаёмых муж, жонка і дачка былі аднадушныя і, не згаворваючыся, аднолькава пазбаўляліся розных прыяцеляў і сваякоў, мурзаў, якія зляталіся да іх з пяшчотамі ў гасціную з японскімі блюдамі на сценах. Неўзабаве гэтыя сябры мурзы перасталі злятацца, і ў Галавіных асталася кампанія адна самая лепшая. Маладыя людзі заляцаліся да Лізанькі, і Пятрышчаў, сын Дзмітрыя Іванавіча Пятрышчава і адзіны спадчыннік ягонага багацця, судовы следчы, пачаў заляцацца да Лізы, таму Іван Ільіч ужо гаварыў аб гэтым з Праскоўяй Федараўнай: ці не звесці іх катацца на тройках, ці наладзіць спектакль. Гэтак яны жылі. I ўсё ішло гэтак, без перамен, і ўсё было вельмі добра.
Усе былі здаровыя. Нельга было назваць нездароўем тое, што Іван Ільіч казаў часам, што ў яго дзіўны смак у роце і штось непрыемна ў левым баку жывата.
Аднак атрымалася, што непрыемнасць гэтая стала расці і пераходзіць яшчэ не ў боль, але ў разуменне пастаяннага цяжару ў баку і ў кепскі настрой. Гэты кепскі настрой ўсё больш і больш пагаршаўся і стаў псаваць прыемнасць лёгкага і спакойнага жыцця, якое было ўсталявалася ў сям'і Галавіных. Муж з жонкаю пачалі часцей і часцей сварыцца, і неўзабаве гэтая лёгкасць, гэты спакой зніклі і з цяжкасцю захоўвалася адна прыстойнасць. Зноў пачасціліся сцэны. Зноў асталіся адны астраўкі, ды і тых мала, на якіх бы муж з жонкаю маглі сыходзіцца без выбуху.
I Праскоўя Федараўна цяпер не без падставы казала, што ў яе мужа цяжкі характар. З уласціваю ёй звычкаю пераўвялічваць яна казала, што заўсёды і быў такі жахлівы характар, што трэба мець яе сэрца, каб цярпець гэта дваццаць гадоў. Праўда была ў тым, што сваркі цяпер пачыналіся ад яго. Пачыналіся ягоныя прычапкі заўжды перад самым абедам і часта, менавіта калі ён пачынаў есці, за супам. То ён заўважаў якую-небудзь папсаваную пасуду, то страва была не такая, то сын паклаў локці на стол, то доччына прычоска. I ва ўсім ён абвінавачваў Праскоўю Федараўну. Праскоўя Федараўна спачатку пярэчыла і гаварыла яму непрыемнасці, але ён разы два ў самым пачатку абеду гэтак раз'юшваўся, што яна зразумела, што гэта хваравіты стан, які выклікаецца ў яго прынятай стравай, і супакоіла сябе; ужо не пярэчыла, а толькі прыспешвала абедаць. Пакорлівасць сваю Праскоўя Федараўна паставіла сабе ў вялікую заслугу. Як толькі яна зразумела, што яе муж мае жахлівы характар і што ён зрабіў яе няшчаснай у жыцці, яна пачала шкадаваць сябе. I чым болей яна шкадавала сябе, тым больш ненавідзела мужа. Яна ўжо хацела, каб ён памёр, але не магла гэтага хацець, таму, што тады не было б пэнсіі. I гэта яшчэ болей раздражняла яе супроць яго. Яна лічыла сябе страшэнна няшчаснай менавіта праз тое, што нават ягоная смерць не магла выратаваць яе, і яна раздражнялася, хавала гэта, і гэта прытоенае яе раздражненне яшчэ больш павялічвала ягонае раздражненне.
Пасля аднае сцэны, у часе якой Іван Ільіч быў асабліва несправядлівы і пасля якой ён сказаў, што ён сапраўды зласлівы, аднак гэта праз хваробу, яна адказала яму, што калі ён хворы, дык трэба лячыцца, і патрабавала ад яго, каб ён паехаў да славутага доктара.
Читать дальше