Тым часам улады зразумелi, якая небяспека пагражае iм самiм, калi слабыя iскры абурэння выклiчуць крушэнне грамадскага парадку i мяцеж. Яны ўгаворваюць дэкурыёнаў не спяшацца, уцiхамiрваюць натоўп i дабiваюцца таго, каб судаводства праходзiла належным чынам i паводле звычаю продкаў, каб прыгавор быў вынесены юрыдычна правiльна.
Павiнны быць выслуханы абодва бакi, нi адзiн чалавек не можа быць асуджаны так, як у варварскiх краiнах, дзе пануюць лютасць i тыранская самаволя, без прыняцця пад увагу яго выказвання. Нельга даць прыкладу будучым стагоддзям такой дзiкай з'явай у мiрны час.
7. Разумная думка перамагла, i зараз жа было загадана вяшчальнiку, каб ён склiкаў сенатараў i курыю. Калi яны занялi свае месцы паводле чыну i звычаю, зноў праносiцца голас вяшчальнiка, i першы выступае абвiнаваўца. Тут жа выклiкалi i ўвялi абвiнавачанага, i, паводле закону Атыкi i Марсавага судзiлiшча, вяшчальнiк аб'яўляе абаронцам, каб яны паўстрымалiся ад выступленняў i не заклiкалi да лiтасцi.
Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якiя людзi вялi памiж сабой. Аднак у якiх выразах нападаў абвiнаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвiнавачаны i, наогул, якiя былi спрэчкi бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запiсваю толькi тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусiя юрыстаў, было вырашана, што справядлiвасць абвiнавачання павiнна быць пацверджана цвёрдымi доказамi i што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклiкаць таго нявольнiка, якi адзiн толькi напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга анi не быў збянтэжаны нi сумненнямi ў ходзе гэтай справы, нi вiдам сената ў поўным зборы, нi нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесцi свае выдумкi, нiбы чыстую праўду.
Ён казаў, што яго паклiкаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхi, i, каб адпомсцiць за абразу, даручыў яму забiць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплацiць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакiнуў пасудзiну як рэчавы доказ, i пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзiва падобнае на праўду, i пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.
8. Не было мiж дэкурыёнаў нi аднаго, хто б застаўся прыхiльным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана i прыгавор можа быць толькi адзiн: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусцiць у урну свае аднолькавыя рашэннi, бо кожны напiсаў тое самае. А калi галасы сабраныя — лёс падсуднага вырашаны, нiчога змянiць нельга, i ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукi ката.
I раптам адзiн са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлiвасцi, якi карыстаўся вялiкiм уплывам, закрыў рукой адтулiну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважлiва свайго прысуду, i звярнуўся да сената з такой прамовай:
"Я ганаруся, што за ўсё сваё жыццё здабыў ваша прызнанне, i не магу дапусцiць, каб, асудзiўшы абылганага падсуднага, мы здзейснiлi яўнае забойства i каб вы, звязаныя прысягай судзiць справядлiва, будучы ўведзенымi ў зман iлжывым рабом, зрабiлiся клятвапарушальнiкамi. I я сам, вынесшы заведама несправядлiвы прысуд, патаптаў бы сваю пашану да багоў i саграшыў бы супраць свайго сумлення. Дык даведайцеся ж ад мяне, як усё адбылося.
9. Не вельмi даўно гэты нягоднiк прыйшоў да мяне, каб купiць моцнай атруты, I прапанаваў мне ў плату сто наважкiх залатых. Ён мне тлумачыў, што яд патрэбен для нейкага хворага, якi знемагае ад цяжкой невылечнай хваробы i хоча пазбавiцца ад пакутлiвага iснавання. Балбатня гэтага падлюгi i яго няскладныя тлумачэннi выклiкалi ў мяне падазрэнне, дык, зразумеўшы, што рыхтуецца нейкае злачынства, атруту я даў, але ў прадбачаннi ў будучым магчымасцi допыту прапанаваную плату ўзяў не адразу, а сказаў яму: "Каб памiж тых залатнiкоў, якiя ты мне даеш, не аказалася фальшывых, ты пакладзi iх у гэту торбачку i запячатай сваiм пярсцёнкам, а заўтра мы iх у якога-небудзь мянялы праверым". Ён згадзiўся i запячатаў грошы. Як толькi прывялi яго ў суд, я адразу выправiў аднаго свайго слугу конна дахаты па тыя грошы. Цяпер iх прынеслi, i я магу вам iх паказаць. Скажыце, як можна абвiнавачваць брата ў гатаваннi атруты, якую купляў гэты подлы раб?"
10. Тут на гэтага нягоднiка нападае немалы страх, натуральны колер твару зменьваецца смяротнай бледнасцю, па ўсiм целе выступае халодны пот. А ён то няўпэўнена пераступае з нагi на нагу, то чэша лоб, то патылiцу, мармыча праз зубы нейкiя незразумелыя словы…
Читать дальше