23. Але тут адзiн з вясковай кампанii гаворыць: "Не выпадае дарма губiць такога вынослiвага асла толькi за тое, што ён абвiнавачваецца ў празмернай мужчынскай сiле i любоўнай нясталасцi. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работнiка, калi толькi варта вылегчаць яго, i ён не толькi не зможа распальвацца, а зробiцца гладзейшым i сыцейшым, i вам не трэба будзе баяцца нiякiх непрыемнасцяў. Даводзiлася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але i дзiкiх, вельмi гарачых жарабцоў, якiя пасля лягчання рабiлiся спакойнымi, рахманымi, здатнымi да перавозкi грузаў i да любой iншай працы. Дык калi вы не супраць маёй прапановы, тады трохi пачакайце, мне трэба схадзiць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы iнструменты i зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўнiку ляжкi, я вылегчаю яго, i ён зробiцца спакайнейшым за ягня".
24. Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў i пачаў аплакваць страту крайняй часткi свайго цела як поўную сваю пагiбель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай цi скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такiм спосабам я, вядома, загiну, але хоць не зазнаю абразлiвага калецтва.
Пакуль я так у думках выбiраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўраннi звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нiзкай галiны вялiкага дуба, адышоўся трохi далей, каб насекчы сукоў, якiя трэба было яму везцi. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля i ўся вылезла вялiкая мядзведзiха. Як толькi я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога вiдовiшча страху, усiм цяжарам цела асеў на заднiя ногi, задраў высока галаву i, парваўшы рэмень, якiм быў прывязаны, кiнуўся з усiх ног на ўцёкi, пусцiўшы ў ход не толькi капыты, але i ўсiм целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полi, якое рассцiлалася пад гарой, iмчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькi ад страшнай мядзведзiхi, але i ад горшага за яе паганага падлетка.
25. А тут нейкi прахожы, убачыўшы, што я бягу адзiн без нагляду, злавiў мяне i, спрытна ўскочыўшы мне на спiну, кiем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавiў кроку, аддаляючыся ад бязлiтаснага нажа, якi пагражаў мне пазбаўленнем мужчынскасцi. А што датычыць удараў, дык яны не вельмi мяне, прызвычаенага ў аслiнай службе да пабояў, трывожылi.
Аднак Фартуна, якая настойлiва мяне праследавала, надзiва хутка павярнула мне на шкоду магчымасць выратавання i пачала рыхтаваць новыя падкопы. У маiх пастухоў прапала цялушка, i яны ў пошуках яе, абыходзячы наваколле, выпадкова натрапiлi на нас. Яны пазналi мяне i, схапiўшы за аброць, пачынаюць цягнуць у свой бок. Але мой новы гаспадар напорыста пярэчыць, заклiкае багоў i людзей у сведкi: "Чаму хапаеце мяне? Чаго на мяне нападаеце?" "А мы з табой, адказваюць яму, — так няветлiва абыходзiмся таму, што ты ўкраў нашага асла i зводзiш яго. Лепш скажы, куды ты падзеў хлапчука, яго паганятага. Можа, ты яго забiў?"
Зараз жа сцягнулi яго на зямлю i пачалi акладваць кулакамi, таўхаць нагамi, а ён клянецца i божыцца, што нiякага паганятага не бачыў, а сустрэўшы мяне нестрыножанага i без нагляду, хацеў, спадзеючыся на ўзнагароду, вярнуць законнаму ўладальнiку. "Ах, каб гэты асёл, — сказаў ён, — валодаў людской мовай! Лепш бы нiколi мне з iм не сустрэцца! Ён апраўдаў бы маю невiнаватасць, i вам было б сорамна за такое абыходжанне са мной".
Аднак усе яго апраўданнi яму не памаглi. Незгаворлiвыя пастухi накiнулi яму на шыю пятлю i павялi ў той лес на гару, адкуль звычайна хлапец вазiў дровы.
26. Нiдзе яго не ўбачылi, а толькi знайшлi параскiданыя кавалкi цела. Я разумеў, што гэта работа мядзведзiхi, i, клянуся Геркулесам, каб мог гаварыць, дык расказаў бы ўсё, што ведаў. Толькi адно мог я рабiць — моўчкi радавацца хоць i запозненай адплаце. Тым часам параскiданыя часткi трупа былi сабраны, састаўлены i тут жа пахаваныя. А майго Белерафонта, канакрадства якога не выклiкала нiякiх сумненняў i якога, апроч таго, абвiнавацiлi ў крывавым забойстве, пастухi павялi звязанага да сваiх буданоў, каб назаўтра зранку завесцi, як казалi, уладам на пакаранне.
У тым часе, пакуль бацькi хлапчука бедавалi, плачучы i галосячы, з'яўляецца той селянiн, верны свайму абяцанню, i патрабуе, каб была зроблена мне прысуджаная раней аперацыя. Але нехта яму адказвае: "Не, сягоння напаткала нас бяда, i асёл тут нi пры чым. А вось заўтра, калi ласка, можаш адрэзаць гэтаму праклятаму аслу не толькi мужчынскiя прылады, але i галаву. I памочнiкi табе ў гэтай справе знойдуцца".
Читать дальше