18. Не здаволiўшыся маiмi пакутамi пад непамерным грузам, калi мы пераходзiлi рэчку, якая сустракалася па дарозе, ён, каб не замачыць абутку, яшчэ i сам ускокваў мне на спiну — нязначны дадатак да грузу, цi ж не праўда? А калi пад такiм непасiльным цяжарам здаралася мне, паслiзнуўшыся на глiнiстай сцежцы, упасцi, ён i не думаў, як належыць добраму паганятаму, выцягнуць у мой бок руку, пацягнуць за аброць, падняць за хвост або скiнўць частку грузу, каб я хоць мог устаць на ногi. Нiякай дапамогi знясiленаму аслу ён не даваў, а пачынаючы з галавы, ад вушэй, паласаваў мяне сваёй дубiнкай па ўсiм целе, пакуль гэты супакойлiвы сродак не прымушаў мяне падняцца. I вось што прыдумаў ён мне на загубу: скруцiць вострыя калючкi з ядавiтымi iголкамi ў пучок i прывяжа мне да хваста вiсячай прыладай катавання, каб, матляючыся, яна балюча калола мяне пры хадзьбе сваiмi забойчымi шыпамi.
19. Так пакутаваў я ад падвойнай бяды, бо калi пушчуся бегчы, каб пазбегнуць уколаў, тады яшчэ мацней раняць мяне тыя калючкi, а калi спынюся, каб суцiшыць боль, тады ўдары прымушаюць бегчы. Выходзiла, што гэты паганы хлапец вырашыў так цi iнакш звесцi мяне са свету, чым ён мне не раз i пагражаў. А неяк здарылася, што, калi маё цярпенне лопнула, я моцна ўбрыкнуў яго капытамi. Тады ён прыдумаў супраць мяне такую подласць. Навалiўшы на мяне цэлую гару пакулля i моцна ўвязаўшы яго вяроўкай, пагнаў мяне наперад, а сам падхапiў у блiзкай сялiбе гарачы вугаль i ўсунуў яго ўсярэдзiну паклажы. I вось агонь, знайшоўшы сабе адпаведную спажыву, пачынае разгарацца, тлее i нарэшце выбухае полымем. Мяне пачало пякельна смалiць, i я не бачыў у гэтай бядзе нiякага ратунку.
Не было нiякай надзеi на выратаванне, а страшны пажар не дапускаў найменшага замаруджвання i выбiў у мяне з галавы ўсякую здольнасць да разумнага дзеяння.
20. Аднак у тых жорсткiх абставiнах Фартуна ласкава да мяне ўсмiхнулася (магчыма, каб захаваць мяне для яшчэ большых пакут) i выратавала ад немiнучай смерцi, якая ўжо стаяла ў мяне перад вачыма. Убачыўшы лужыну, што засталася ад учарашняга лiўня, я кiнуўся ў брудную ваду i ўвесь у яе апусцiўся.
Затушыўшы такiм спосабам полымя i вызвалiўшыся ад грузу i смерцi, выходжу на дарогу. Але i тут гэты паганы хлопец звалiў усю вiну на мяне i змог пераканаць усiх пастухоў, што я, праходзячы каля запаленых лаўжоў, наўмысна паслiзнуўся i запалiў пакулле. А ў канцы дабавiў: "Дакуль жа мы будзем дарма кармiць гэтага агняносца?"
Праз некалькi дзён пасля таго ён прыдумаў на маю бяду яшчэ падлейшую хiтрасць. Прадаўшы каля першай напатканай хаты дровы, якiя я вёз, i прыгнаўшы мяне ўлегцы, пачаў жалiцца, што не можа даць рады майму гнюснаму нораву i адмаўляецца ад няшчаснай службы пры мне. А для свайго апраўдання склаў такую выдумку:
21. "Зiрнiце на гэтага непаваротлiвага гультая, двойчы асла! Апрача ўсякiх iншых правiнак ён пачаў дапякаць мяне новымi небяспечнымi выбрыкамi. Як толькi ўбачыць, што нехта праходзiць, цi гэта будзе прыгожанькая маладзiчка, цi дзяўчына на выданнi, або сцiплы падлетак, у той жа момант скiне паклажу, а часам нават i гуньку, i пусцiцца, як вар'ят, даганяць, а дагнаўшы, накiнецца, павалiць i стараецца задаволiць сваю надзвычайную похаць, iмкнучыся даць выйсце сваiм жывёльным ненармальным захапленням. Хочучы пацалаваць, тыцкае бруднай пысай i кусаецца. З гэтакiх спраў могуць узнiкнуць у нас вялiкiя непрыемнасцi i спрэчкi i можа нават дайсцi да крымiнальнага злачынства. Вось i цяпер, убачыўшы на дарозе нейкую маладую прыстойнага выгляду дзяўчыну, звалiў з сябе дровы, параскiдаў iх на ўсе бакi, а сам шалёна напаў на яе i, як спрактыкаваны самец, на вачах ва ўсiх стараўся ўзлезцi на яе, распасцёртую ў бруднай лужы. I каб на крык i лямант жанчыны не збеглiся на дапамогу прахожыя i не вырвалi яе з аслiных абдымкаў, няшчасная была б растрапаная i парваная i скончыла б жыццё ў пакутах, а нам давялося б галавой адказваць перад законам".
22. Дапаўняючы гэту ману i iншымi выдумкамi, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзiн са слухачоў выкрыкнуў: "А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносiн, гэтага прынароднага самца цi, дакладней кажучы, вельмi небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кiшкi кiнь нашым сабакам, мяса прыхавай работнiкам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясi гаспадарам, без цяжкасцi звалiўшы вiну на ваўка".
I вось тут жа няўрымслiвы мой абвiнаваўца i ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маiм няшчасцем i не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.
Читать дальше