16. Паднятыя спакойным подыхам эфiра, вяртаюцца яны дамоў i такую вядуць гутарку: "Што ты думаеш, сястра, — кажа адна, — пра такую несусветную хлусню гэтай пустышкi, якая стараецца нас абдурыць. То муж яе юнак, шчокi якога пакрывае першы пушок, то гэта чалавек сярэдняга веку, у якога паказваецца сiвiзна. Хто ж гэта такi, што за той кароткi час мог зрабiцца старым i пасiвелым?"
"Мне, сястра, — адказвае другая, — здаецца, што альбо нягоднiца нам нахлусiла, альбо не бачыла свайго мужа ў вочы. Як бы нi было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калi яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога i рыхтуецца нарадзiць боскае дзiця. А калi яна (няхай гэта не здзейснiцца) праславiцца маткай боскага дзiцяцi, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў i ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркi спляцём адпаведную хлусню".
17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамi, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны ранiцай да скалы i адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўнiз. Пры сустрэчы з сястрой выцiскаюць з сябе слёзы i пачынаюць казаць так: "Вось ты, шчаслiвая, сядзiш i не ведаеш, якая навiсла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялi вачэй, думаючы пра твае справы, i горка пакутавалi ад тваёй бяды. Мы даведалiся напэўна i не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спiць з табой уночы велiчэзны змей, вывiваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крывi згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомнi прадказанне пiфiйскага аракула, якi вываражыў табе шлюб з дзiкай пачварай. I вось шмат якiя паляўнiчыя i сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылi, як ён пад вечар вяртаўся з пашы i перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.
18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормлiваць цябе, лiслiва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне. Цяпер выбiрай: альбо паслухаешся сваiх сёстраў, якiя клапоцяцца пра твой ратунак, i, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намi ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлiтаснага гада. А калi табе падабаецца адзiнота, напоўненая толькi нябачнымi галасамi, цi тайныя спалучэннi прасмердлага кахання i абдымкi гэтага ядавiтага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскi абавязак выканалi".
Бедную, простую душой i кволую Псiхею ахапiла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, i вылецелi з галавы ўсе павучаннi мужа. Забылiся i ўсе яе абяцаннi, яна гатова была кiнуцца ў бездань i, запалоханая, збялелая, трасучыся i заiкаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:
19. "Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як i трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, i тыя, хто вам аб гэтым паведамiў, напэўна не схлусiлi. Я ж нiколi свайго мужа не бачыла, зусiм не ведаю, як ён выглядае, толькi начамi чую яго голас, i мне даводзiцца мiрыцца з тым, што перад свiтаннем ён уцякае. Такiм чынам, я цалкам магу згадзiцца з вамi, што ён нейкая пачвара. Ён часта i сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць i пагражаў вялiкай бядой, калi я пацiкаўлюся яго выглядам. Калi вы можаце зрабiць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнiчайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знiшчыла вынiкаў пачатковай прадбачлiвасцi".
Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наiўнай сястры, злачынныя бабы адкiдаюць усякае прыкрыванне тайных хiтрыкаў i, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлiвае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.
20. Адна з iх гаворыць: "Дзеля таго што кроўныя повязi змушаюць нас забыцца пра якую б нi было небяспеку, мы даўно прыдумалi для твайго выратавання адзiн спосаб. Вазьмi навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, i з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялiкiм сакрэце, а тады, як ён, вывiваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца i засне глыбокiм сном, ссунься з ложка босая, i, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, i пры святле высока ўзнiмi правую руку з двухбаковавострай брытвай, i моцным ударам адсячы галаву ненавiснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькi выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбiраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як i ты".
21. Гэтымi палымянымi словамi распальваюць яны душу збянтэжанай сястры i, баючыся аказацца занадта блiзка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешлiва ўцякаюць i тут жа, сеўшы на караблi, адплываюць.
Читать дальше