Ад таго разу не пайшоў болей Зубрыцкі да Заблоцкіх. Але і не спраўдзілася Прузыніна слова. Не абыходзіў настаўнік Юстапа. Разоў з два за ўсё лета стрэліся былі яны. І абодва разы пра Савосту ўспамінаў Зубрыцкі.
— Ну, як жа ваш малы?
Усякі раз не забываўся сказаць:
— Вам яго, канечне, трэба аддаць у навуку. Проста грэх будзе, калі вы яго пры сабе будзеце трымаць.
Хлюпскае гарадское лепш, як Несвіжскую семінарыю, раіў ён. Казаў:
— Скончыўшы гарадское, многа прастарнейшы яму будзе свет.
Усё лета было ціха ў Заблоцкіх, а як прыйшла восень, дык і сварка знайшлася ў іх хаце. Толькі як ні бралася Прузына, а Юстапа яна не пераставіла. Як наважыў, свайго такі дамогся ён. Калі прыйшоў верасень, аддаў Юстап Заблоцкі свайго Савосту ў гарадское да Хлюпска. Хоць і не любіла Прузына слухаць яго мовы пра Савоставу навуку, але была ў Юстапа прывычка хваліцца ёй, што ён калі надумаўся рабіць, і чаму сама лепш зрабіць так, як ён хоча. От што казаў гэтага разу багатыр Заблоцкі.
— Яно, можа, і праўду казаў настаўнік, што прастарнейшы яму ў гарадскім будзе свет. Ды тут і нам спрытней. Праўда, старая? Усё бліжэй, як у Несвіжы на настаўніка вучыць. Тут і яду, і адзежу зручней падаць, а там — у Несвіжы — усё з капейкі жыць трэба.
Ды не так з ядою, як з адзежаю цяжкавата было баркаўскому багатыру. Даўней значылі вучняў, як тых авец: баяліся — каб хаця дзе яны не адбіліся ды да другога, няшкольнага, статку не прысталі, каб, калі гэта і здарыцца, спрытней было іх вылучыць адтуль. Авечкам вушы рэжуць, знакі чапляюць, а вучняў значылі адменнаю шапкаю, аднастайным палітонам. І ўсё гэта бацьку за свае грошы справіць трэ было. Прыйшлося небалазе Юстапавай багатырскай кішэні.
Доўгі падаўся Прузыне першы тыдзень без Савосты. Як дзень міне, то — год, адлічвала яна. І на пятым годзе, што па-даўнейшаму так і зваўся — пятніца, пачала яна ганяць Юстапа.
— З’ездзі ты, прывязі яго. Хаця я пагляджу, які ён цяпер.
Але без пары не паехаў Юстап. Пачакаў ён заўтрашняга дня. А заўтра як раз была субота. От тады, як ужо з паўдня звярнула сонца, запрог каня Заблоцкі. З’ездзіў ён да Хлюпску, прывёз на нядзелю Савосту дадому.
Згледзеў Зубрыцкі з школы праз вакно Савосту дадому едучы, ды зараз прыйшоў і ён да Заблоцкіх. Цікава было настаўніку, у малога распытаўшыся, успамянуць свае семінарскія, дураўныя гады.
— Ну што? Як табе паводзіцца?
— А што мне?! Прыйдзе настаўнік — кніжку расхінеш або сшытак наверх дастанеш. А званок зазвоніць — выйдзеш у калідор. Крычаць, бегаць там у нас няможна.
Куды больш пачуў Зубрыцкі, як Савоста сказаў. І пачуў, і ўбачыў сваю семінарыю ён. Там было гэтаксама: і расхінёная кніжка, і сшытак, і настаўнік, і званок, і калідор. Не аднакая кніжка, не адзін сшытак, шмат усякіх настаўнікаў было. Не аднакі званок з лекцыі і на лекцыю званіў. Святлеў, прастарнеў, намружысты, вузкі калідор у суботу па апошняй лекцыі.
— Ну, а як жа табе? Не цяжка?
— Не. Які там цяжар?! Гадзіны са дзве, дык у мяне і гатова ўсё, — любіў пахваліцца Савоста Юстапчык.
— А тады што?
— Тады нічога. Ніхто ка мне не ходзіць, і я ні да каго не ведаю дарогі. Сяджу на кватэры.
— To падыдзі ка мне заўтра пад вечар — я табе добры занятак дам.
Яшчэ не выкамячыў добра Савосту гарадскі «курч» на панскі кволы капыл. У нядзелю з раніцы як пайшоў на вёску, дык да вечара ўсё сваё таварыства, што разам у «пікара» гулялі, абышоў. Пахваліўся, як яму там, у гарадскім, паводзілася. Не мінуў ён і Зубрыцкага. Не гуляў са сваім настаўнікам Савоста ў «пікара», дык да яго да апошняга перад самым змярканнем зайшоў.
— Дык дзе ж ваш той занятак?
— Пачакай. Зараз дабяру.
Доўга капаўся ў кніжках Зубрыцкі — з месца на месца дармовыя дадаткі перакідаў. І нічога не знайшоў-такі пад імі. Мусіў тых дадаткаў адабраць цэлы стос.
— От вазьмі хоць гэтыя. Няма лепшых… Якія ёсць.
Курчыў Савосту курч у гарадскім, а цяпер яшчэ і дома па сваёй ахвоце пачаў гнуцца ў крук над тымі, ад настаўніка ўзятымі дармовымі дадаткамі. Так шмат ён іх т?ды прывалок ад Зубрыцкага, так надоўга было яму іх чытаць, што аж нехаця ехаў ужо Савоста ў Баркаўцы. Як калі прыедзе па яго Юстап у суботу, дык:
— Дарма вы, тата, толькі коні ганяеце, — скажа на бацьку крыху падвучаны сын. Шкода яму пераездкі — усё б прачытаў балонак колькі. Але, каб не саўсім марна сцерліся святочныя дні, ён возьме з сабою дадаткаў.
Бывае, мала іх возьме. Прачытае, ды і выб’ецца з работы Юстапчык.
— Можа б, ты, Савоста, дзе на вёску схадзіў, — параіць яму Прузына, як убачыць, што ные малы. — A то табе збрыдае дома аднаму.
Читать дальше