Я пільна паглядзеў у люстэрка, люстэрка ў руцэ, у якім патузваўся Гары-воўк. На момант нешта ўва мне ўздрыгнула, глыбока ўсярэдзіне, ціха, але балюча, як успамін, як нудзьга па доме, як каянне. Потым лёгкая ніякаватасць змянілася новым пачуццём, падобным на тое, якое перажываеш, калі ў цябе са сківіцы, замарожанай какаінам, вырвуць хворы зуб, - адчуванне глыбокай палёгкі і разам з тым здзіўлення, што, бач, зусім яно і не балела. І да гэтага адчування дамешвалася нейкая бадзёрая весялосць і смехатлівасць, якой я не мог супрацівіцца, а таму і запаў у ратавальны смех.
Цьмяная карцінка ў люстэрку ўздрыгнула і патухла, яго маленькая круглая паверхня раптам зрабілася як бы выгаралай - шэрай, мутнай і непразрыстай. Пабла са смехам шпурнуў гэтую шкліну, яна пакацілася і згубілася недзе ўнізе на падлозе бясконцага калідора.
- Смяяўся ты хораша, Гары, - усклікнуў Пабла, - ты яшчэ навучышся смяяцца, як несмяротныя. Ну вось, нарэшце ты забіў Стэпавага ваўка. Брытвамі тут рады не дасі, глядзі, каб ён мёртвым і заставаўся! Зараз ты зможаш пакінуць дурную рэальнасць. Пры самай блізкай нагодзе мы вып'ем на брудэршафт. Ніколі, дарагі, ты не падабаўся мне так, як сёння. І калі пасля табе гэта мецьме значэнне, мы зможам з табой і пафіласофнічаць, і падыспутаваць, і пагаварыць пра музыку, і пра Моцарта, і пра Глюка, і пра Платона, і пра Гётэ, колькі табе захочацца. Зараз ты зразумееш, чаму гэта раней не выходзіла... Трэба спадзявацца, табе пашанцуе, і ад Стэпавага ваўка ты на сёння пазбавішся. Бо тваё ж самазабойства, вядома, не канчатковае. Мы цяпер у магічным тэатры, тут ёсць толькі карціны, а не рэальная рэчавасць. Выберы сабе якія-небудзь харошыя і вясёлыя карціны і дакажы, што ты і насамрэч ужо не закаханы ў сваю сумніўную асобу! Але калі ты ўсё-такі хочаш вярнуць яе, табе дастаткова зноў зірнуць у люстэрка, якое я табе зараз пакажу. Ты ж ведаеш старую мудрую прымаўку: лепш адно люстэрка ў руцэ, аніж два на сцяне. Ха-ха! (Ён зноў засмяяўся так прыгожа і страшна.) Ну вось, а цяпер застаецца нам яшчэ адна зусім маленькая, вясёлая цырымонія. Цяпер ты адкінуў акуляры сваёй асобы, дык жа зірні раз у сапраўднае люстра! Мецьмеш асалоду.
Смеючыся і пацешна пагладжваючы, ён павярнуў мяне так, што я апынуўся перад вялікім насценным люстрам. І ўбачыў самога сябе.
Нейкае імгненне я бачыў знаёмага мне Гары, толькі з незвычайна вясёлым, светлым, усмешлівым тварам. Але не паспеў я пазнаць яго, як ён распаўся, ад яго аддзялілася другая постаць, трэцяя, дзесятая, дваццатая, і ўсё велізарнае люстра запоўнілася суцэльным Гары альбо кавалкамі Гары, незлічонымі Гары, кожнага з якіх я ведаў і пазнаваў толькі за нейкія імгненныя долі секунды. Некаторыя з гэтага мноства Гары былі майго ўзросту, іншыя старэйшыя, а тыя былі проста старажытамі, а каторыя зусім маладымі, юнакамі, хлапчукамі, школьнікамі, падлеткамі, дзецьмі. Пяцідзесяцігадовыя і дваццацігадовыя Гары бегалі і скакалі ўперамешку, трыццацігадовыя і пяцігадовыя, сур'ёзныя і вясёлыя, спаважныя і смяшлівыя, добра апранутыя і абадранцы, а то і зусім голыя, безвалосыя і касматыя, і ўсе былі мною, і кожнага я бачыў адно імгненне і імгненна ж пазнаваў, і кожны знікаў, яны разбягаліся ва ўсе бакі, налева, направа, уцякалі ўглыбіню люстра, выбягалі з люстра. Адзін элегантны хлопец, кінуўся са смехам на грудзі Пабла, абняў яго і з ім уцёк. А другі, які асабліва мне спадабаўся, прыгожы, міленькі хлопец шаснаццаці-сямнаццаці гадоў маланкай вылецеў на калідор, пачаў чытаць надпісы на ўсіх дзвярах, я пабег за ім, перад аднымі дзвярмі ён спыніўся, я прачытаў надпіс:
Усе дзяўчаты твае!
Апусці адну марку
Гэты мілы хлопчык падскокнуў, узвіўся галавой наперад, кінуўся ў шчыліну і знік за дзвярыма.
Пабла таксама знік, ды і само люстра нібыта знікла, а з ім і ўсе гэтыя безлічныя вобразы Гары. Я адчуў, што цяпер сам з сабою і з тэатрам і пачаў з цікаўнасцю хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй і чытаць на кожных надпісы, - пакуса, абяцанне.
Надпіс:
Запрашаем на вясёлае паляванне!
Вялікая дзічына - аўтамабілі -
павабіў мяне, я адчыніў вузкія дзверы і ўвайшоў.
Мяне адразу турнула ў нейкі шумны і ўсхваляваны свет. Па вуліцах снавалі аўтамабілі, часткова браніраваныя, і палявалі на пешаходаў, душылі коламі, плюшчылі аб сцены дамоў. Я адразу скеміў: гэта была вайна паміж людзьмі і машынамі, якая даўно рыхтавалася, даўно чакалася, даўно палохала і нарэшце грымнула. Усюды валяліся трупы і кавалкі разадраных цел, паўсюль разбітыя, скарэжаныя, паўзгарэлыя аўтамабілі, над гэтым хаосам круціліся і шнуравалі самалёты, па іх таксама лупілі з дахаў і з вокнаў з вінтовак і кулямётаў. Дзікія, цудоўна-палымяныя плакаты на ўсіх сценах велізарнымі, вогненнымі, як факелы, літарамі заклікалі нацыю выступіць нарэшце на баку людзей супроць машын, перабіць нарэшце тлустых, добра апранутых, укормленых багацеяў, якія з дапамогаю машын выціскаюць тлушч з іншых, а заадно і іх вялікія аўтамабілі, якія кашляюць, злосна рыкаюць, па-сатанінску гудуць, папаліць нарэшце фабрыкі і крыху ачысціць, крыху спустошыць сплюгаўленую зямлю, каб зноў расла трава, каб запылены цэментны свет зноў ператварыўся ў лясы, лугі, палі, ручаі і балоты. Затое іншыя плакаты, выдатна зробленыя, цудоўна стылізаваныя, вытрыманыя ў больш пяшчотнай, не такой дзіцячай колеравай гаме, складзеныя незвычайна разумна і таленавіта, наадварот - усхвалявана перасцерагалі ўсіх маёмасных і добранамераных ад пагрозы хаосу, анархіі, малюючы проста-такі кранальнае шчасце парадку, працы, уласнасці, культуры, права і славілі машыны як найвышэйшае і апошняе дасягненне людзей, дзякуючы якому яны могуць ператварыцца ў багоў. Задуменна і з захапленнем чытаў я гэтыя плакаты, чырвоныя і зялёныя, дзівоснае ўздзеянне рабілі на мяне іх палымянае красамоўства, іх жалезная логіка, яны мелі рацыю, і, глыбока перакананы прачытаным стаяў я то перад адным, то перад другім, хоць даволі-такі густая страляніна вакол мне ўсё-такі моцна назаляла. Што ж, галоўнае было ясна: гэта была вайна, гарачая, шыкарная і ў найвышэйшай ступені сімпатычная вайна, дзе ішлося не пра імператара, не пра рэспубліку, межы, не пра сцягі, партыі і да таго падобныя дэкаратыўныя і тэатральныя рэчы, па сутнасці дробязі, а дзе кожны, каму не хапала паветра і прыелася жыццё, выказваў сваю незадаволенасць і дамагаўся ўсеагульнага разбурэння металічнага цывілізаванага свету. Я бачыў, як звонка і як шчыра і адкрыта смяецца ў вачах ва ўсіх жарасная асалода забойства і разбурэння, і ўва мне самім пышна распусціліся дзікія кветкі і зарагаталі зусім не цішэй. Я радасна ўтачыўся ў барацьбу.
Читать дальше