— Што тут адбываецца? — спытаў Кёстэр.
Суседка-бландзінка абсыпала нас жменяй канфеці.
— Адкуль вы зваліліся? — засмяялася яна. — Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?
— Ах, вось што, — сказаў я. — Тады прыйдзецца вымыць рукі.
Мне трэба было прайсці праз усю залу, каб трапіць да ўмывальнікаў. На нейкі час дарогу мне заступілі п'яныя, якія ўздымалі на стол жанчыну, каб яна спела ім. Жанчына з віскам супраціўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалі і людзі. Я пачакаў, пакуль вызваліцца праход, ды раптам мяне нібы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знікла — і шум, і музыка, — засталіся толькі невыразныя мігатлівыя цені. Але выразна, незвычайна рэзка і ясна мне бачыўся стол, адзіны стол, а за сталом — малады чалавек у блазнерскім каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпітку. Шкляны тупы позірк, вельмі тонкія губы, а пад сталом — светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагі.
Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п'яны, адышоўся крыху і зноў спыніўся. Зрабілася невыносна горача, я калаціўся ўвесь, далоні мае ўзмакрэлі. Цяпер я ўжо бачыў і астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымі тварамі хорам спявалі нейкую песню, адбіваючы па стале такт куфлямі. Мяне зноў нехта штурхнуў.
— Не заступайце ж праход, — прабурчаў нехта.
Я механічна прайшоў далей, знайшоў умывальнікі, памыў рукі. Толькі цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукі гарачай вадой. Я вярнуўся.
— Што з табой? — спытаў Кёстэр.
Я не мог нічога вымавіць.
— Табе кепска? — спытаў ён.
Я пахітаў галавой і глянуў на суседні столік, адкуль скоса пазірала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузіліся. Ён нахіліўся над сталом.
— Ён? — ціха спытаў.
— Ён, — адказаў я.
— Дзе?
Я паказаў позіркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.
— Асцярожна, — шапнуў я. — Не тут, Ота!
Ён адмахнуўся кароткім жэстам і паціху пайшоў наперад. Я быў гатовы кінуцца за ім. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, і яна адчапілася ад яго, здзіўлена гледзячы яму ўслед. Зрабіўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.
— Яго ўжо няма.
Я ўстаў і глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.
— Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? — спытаў я.
Кёстэр паціснуў плячыма. Толькі цяпер ён заўважыў каўпак на галаве і скінуў яго.
— Не разумею. Я ж мыў рукі адну-дзве хвіліны.
— Цябе не было хвілін пятнаццаць.
— Няўжо? — Я яшчэ раз зірнуў на той стол. — Астатнія таксама пайшлі. З імі была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калі б ён пазнаў мяне, ён знік бы, пэўна, адзін.
Кёстэр паклікаў кельнера.
— Тут ёсць другі выхад?
— Ёсць, з другога боку, на вуліцу Гардэнберга.
Кёстэр дастаў з кішэні грошы і падаў кельнеру.
— Пайшлі, — сказаў ён.
— Шкада, — сказала дзяўчына за суседнім столікам і ўсміхнулася. — Такія сур'ёзныя кавалеры.
На вуліцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кавярні ён здаўся ледзяным.
— Ідзі дадому, — сказаў Кёстэр.
— Ён быў не адзін, — адказаў я і сеў у машыну.
Машына панеслася. Мы прачасалі ўсе вуліцы вакол кавярні, усё шырэй і шырэй, але нікога не ўбачылі. Нарэшце Кёстэр спыніўся.
— Выслізнуў, — сказаў ён. — Але нічога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.
— Ота, — сказаў я, — давай пакінем яго.
Ён зірнуў на мяне.
— Готфрыд мёртвы, — працягваў я на здзіўленне самому сабе. — Ад гэтага ён не ўваскрэсне.
Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.
— Робі, — павольна адказаў ён, — я ўжо не памятаю, колькі я забіў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забіў маладога ангельца. У яго заела патрон, і ён нічога не мог зрабіць. Я быў са сваім кулямётам за некалькі метраў ад яго і бачыў яго спуджаны дзіцячы твар зусім блізка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведаліся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год — і ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзіцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу… Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабіў мне нічога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне гэтым заклятым апраўданнем: вайна ёсць вайна. Але я кажу табе: калі я не заб'ю таго, хто забіў Готфрыда, хто застрэліў яго, як сабаку, без усялякай прычыны, тады эпізод з ангельцам — жахлівае злачынства, ты разумееш?
— Разумею, — сказаў я.
— А цяпер ідзі дадому. Я хачу давесці справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсці, не разбурыўшы яе.
Читать дальше