Аднойчы нядзельнай раніцай Віскун абвясціў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкі. Напалеон заключыў праз Уімпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа і мукі, каб пражыць да лета, калі жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.
Калі куры пачулі гэта, яны ўзнялі страшны лямант. Іх і раней папярэджвалі, што ім, магчыма, давядзецца пайсці на такую ахвяру, але яны не верылі, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтаваліся да вясновага выседжвання і скардзіліся, што забраць цяпер яйкі было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымі чорнымі міноркамі, куры зрабілі рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылі заляцець на кроквы і несці яйкі там, адкуль яны падалі і разбіваліся аб падлогу. Напалеон дзейнічаў хутка і бязлітасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу і папярэдзіў, што любая жывёліна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакі пільна сачылі за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалі пяць дзён, пасля здаліся і вярнуліся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Іх целы пахавалі ў садку, і было абвешчана, што яны памерлі ад какцыдыёзу. Уімпэр пра гэтую справу нічога не чуў, і яйкі дастаўляліся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка і завозіў іх у мястэчка.
Увесь гэты час Сняжка так ніхто і не бачыў. Хадзілі чуткі, што ён хаваўся на адной з суседніх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пінчфілдзе. Да гэтага часу дачыненні Напалеона з іншымі фермерамі крыху палепшалі. Неяк на панадворку знайшлі цэлы штабель драўніны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калі вычышчалі букавы гай. Дрэва было сухое, і Ўімпэр параіў Напалеону прадаць яго; містэр Пілкінгтан і містэр Фрэдэрык былі гатовыя яго купіць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупніка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цікава адзначыць, што, калі ён схіляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калі ж ён думаў спыніць выбар на Пілкінгтане, казалі, што Сняжок сядзіць у Пінчфілдзе.
Аднойчы ранняй вясною нечакана выявіўся трывожны факт. Сняжок начамі патаемна прыходзіў на ферму. Жывёлы былі так усхваляваныя, што не маглі спаць у сваіх стойлах. Казалі, што кожнае ночы ён прабіраецца на ферму пад покрывам цемры і чыніць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкі, біў яйкі, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькі на ферме што-небудзь не ладзілася, сталася звычаем прыпісваць віну Сняжку. Калі разбівалася шыбіна або забіваліся вадасцёкі, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок і зрабіў гэта, а калі згубіліся ключы ад свірна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закінуў іх у калодзеж. Дзіўна, што яны верылі ў гэта нават тады, калі ключы знайшліся пад мехам з мукою. Каровы ў адзін голас заяўлялі, што Сняжок пракраўся ў іх стойлы і даіў іх, пакуль яны спалі. Казалі таксама, што пацукі, якія прыносілі нямала клопату гэтай зімою, былі ў хаўрусе з Сняжком.
Напалеон заявіў, што неабходна правесці поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасці. Выйшаўшы ў суправаджэнні сабакаў, ён уважліва агледзеў усе гаспадарчыя будынкі, а ўсе астатнія жывёлы сачылі за імі на паважнай адлегласці. Праз кожныя некалькі крокаў Напалеон спыняўся і нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якія, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курніках, у гародзе, і знаходзіў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлі, колькі разоў глыбока ўдыхаў паветра і крычаў страшным голасам: «Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!», і, пачуўшы слова «Сняжок», сабакі гыркалі так, што кроў застывала ў жылах, і шчэрылі іклы.
Жывёлы былі не на жарт напалоханыя. Ім здавалася, што Сняжок напоўніў паветра вакол іх сваімі нябачнымі ўплывамі і пагражаў ім рознымі няшчасцямі. Увечары Віскун склікаў усіх разам і з трывогаю на твары сказаў, што мае паведаміць важную навіну.
— Таварышы! — закрычаў Віскун, нервова падскокваючы. — Выявілася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пінчфілд, які збіраецца напасці на нас і забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за правадніка, калі пачнецца наступ. Але ёсць і страшнейшая навіна. Мы думалі, што Сняжок узняўся на бунт толькі праз сваю фанабэрыю і ганарлівасць. Але мы памыляліся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявілася з дакументаў, якія засталіся пасля яго і якія мы знайшлі толькі цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Ці ж мы самі не бачылі, як ён спрабаваў — на шчасце, без поспеху — разбіць і знішчыць нас у Бітве пры Хляве?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу