Якраз прыблізна гэтым часам свінні нечакана перабраліся ў сядзібу і сталі жыць там. Зноў жывёлам падалося, нібы яны памятаюць пастанову, што была прынятая ў сама першыя дні, і зноў Віскун здолеў пераканаць іх, што яны памыляюцца. Было абсалютна неабходна, казаў ён, каб свінні, якія былі розумам фермы, мелі спакойнае памяшканне для працы. Дый годнасці Правадыра (нядаўна ён пачаў ужываць тытул «Правадыр», гаворачы пра Напалеона) больш пасуе жыць у доме, чым у простым свінушніку. Тым не меней некаторыя жывёлы збянтэжыліся, пачуўшы, што свінні не толькі ядуць на кухні і адпачываюць у гасцёўні, але і спяць у ложках. Баксёр не звярнуў на гэта ніякай увагі, сказаўшы, як звычайна: «Напалеон заўсёды кажа праўду!», але Канюшынка, якой здавалася, што яна дакладна памятае пастанову наконт ложкаў, пайшла да гумна і паспрабавала разабраць Сем Запаведзяў, што былі напісаныя на сцяне. Не здолеўшы прачытаць нічога, апроч паасобных літар, яна схадзіла па Мюрыэль.
— Мюрыэль, — сказала яна, — прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Ці няма ў ёй пра тое, каб ніколі не спаць у ложку?
Мюрыэль з цяжкасцю праслібізавала.
— Тут напісана: «Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку на прасціне», — урэшце паведаміла яна.
Дзіўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасціну; але калі гэта было напісана на сцяне, значыць, гэтак яно і мусіла быць. І Віскун, які якраз у гэты момант праходзіў міма ў суправаджэнні двух сабакаў, здолеў выкласці гэтую справу ў патрэбным святле.
— Дык вы, таварышы, чулі, — сказаў ён, — што мы, свінні, спім цяпер у ложках у сядзібе? А чаму не? Вы ж, пэўна, не думаеце, што некалі была пастанова супраць ложкаў? Ложак проста значыць месца, на якім спяць. Куча саломы ў стойле, калі разглядаць гэта адпаведным чынам, таксама ложак. Закон быў супраць прасцінаў, бо гэта ўжо чалавечая выдумка. Мы падаставалі прасціны з ложкаў у сядзібе і спім, закруціўшыся ў коўдры. І гэта вельмі ўтульныя ложкі! Але не больш утульныя, чым нам патрэбна пры той разумовай працы, якую мы мусім рабіць сёння, вось што я вам скажу, таварышы. Вы не пазбавіце нас права на адпачынак, праўда ж, таварышы? Вы ж не зробіце так, каб нам было зусім цяжка выконваць свае абавязкі? Ніхто ж з вас не хоча, каб вярнуўся Джоўнз?
У гэтым жывёлы запэўнілі яго без лішніх развагаў, і больш ужо ніхто не гаварыў, што свінні спяць у ложках у сядзібе. А калі праз некалькі дзён было абвешчана, што ад таго часу свінні будуць уставаць раніцай на гадзіну пазней за астатніх жывёлаў, ніхто ўжо і не падумаў паскардзіцца.
Калі надышла восень, жывёлы былі змораныя, але шчаслівыя. У іх быў цяжкі год, а пасля продажу часткі сена і збожжа запасы ежы на зіму былі не такія ўжо і багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жніва выдалася яшчэ колькі пагодлівых сухіх дзянькоў, і жывёлы працавалі з большым напружаннем, лічачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялізныя камяні, калі гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзін фут. Баксёр часам нават выходзіў начамі і працаваў гадзіну ці дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвіліны жывёлы хадзілі вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю і перпендыкулярнасцю сцен і дзівячыся, што яны самі здолелі зрабіць нешта гэткае незвычайнае. І толькі стары Бэнджамін не выяўляў ніякага энтузіязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нічога, апрача загадкавай заўвагі, што аслы жывуць доўга.
Настаў лістапад з лютымі паўднёва-заходнімі вятрамі. Будаўніцтва давялося спыніць, бо было занадта мокра, каб разводзіць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калі вецер быў такі моцны, што будынкі фермы хісталіся на сваіх падмурках і некалькі плітак дахоўкі зляцела з гуменнага даху. Куры прачнуліся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснілі адначасова, што чулі, як недзе непадалёку стрэліла гармата. Калі раніцаю жывёлы павыходзілі са стойлаў, яны ўбачылі, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краі саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелі яны агледзець гэта, як з усіх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад імі адкрылася страшнае відовішча. Вятрак ляжаў у руінах.
Не згаворваючыся, яны кінуліся да яго. Напалеон, які ніколі не паскараў хады, бег наперадзе ўсіх. Так, увесь плён іх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камяні, якія яны з такімі намаганнямі разбівалі і зацягвалі на ўзгорак, рассыпаліся на ўсе бакі. Не могучы спачатку вымавіць ні слова, яны стаялі, жалобна пазіраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкі хадзіў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся і нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спыніўся, быццам нешта вырашыўшы.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу