Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замяніць тыя словы, якіх яна ніяк не можа знайсці, яна пачала спяваць «Звяры Брытаніі». Іншыя жывёлы, што сядзелі вакол яе, падхапілі спеў, і яны праспявалі яе тры разы — вельмі суладна, але павольна і жалобна, так, як ніколі раней не спявалі.
Не паспелі яны скончыць, як Віскун, у атачэнні двух сабакаў, падышоў да іх з выглядам, нібы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясціў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытаніі» адмененыя. З гэтага часу спяваць іх забаронена.
Жывёлы былі агаломшаныя.
— Чаму? — закрычала Мюрыэль.
— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Віскун. — «Звяры Брытаніі» былі песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднікаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер і знешнія і ўнутраныя ворагі разбітыя. У «Звярах Брытаніі» мы выказвалі свае мары аб лепшым грамадстве ў будучыні. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае ніякага сэнсу.
Хоць і спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглі б запратэставаць, але ў гэты момант авечкі завялі сваё звычайнае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», што цягнулася некалькі хвілін і паклала канец спрэчцы. Такім чынам, «Звяры Брытаніі» болей не спявалі. Замест іх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:
О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Ніколі табе не ўчыню я шкоды! —
і цяпер яе спявалі кожную нядзелю раніцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што ні мелодыя, ні словы яе ніяк не маглі зраўняцца з «Звярамі Брытаніі».
Праз некалькі дзён, калі страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (ці яму гэта толькі падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў». І хоць нікому і ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасці свінняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнія забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзі. Канюшынка папрасіла Бэнджаміна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, і калі Бэнджамін, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткія справы, яна схадзіла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнія словы выпалі з памяці жывёлаў. Але цяпер яны пабачылі, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмі важкая прычына, каб забіць здраднікаў, якія схаўрусаваліся з Сняжком.
Увесь гэты год жывёлы працавалі яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамі ўдвая таўсцейшымі і скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць і звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высілкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелі ўранку Віскун браў доўгі сувой паперы і чытаў ім спісы лічбаў, якія сведчылі, што вытворчасць усіх відаў харчовай прадукцыі ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават і на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было ніякіх падставаў яму не верыць, асабліва таму, што яны ўжо добра і не памяталі, у якіх умовах яны жылі да Паўстання. І ўсё ж былі дні, калі ім здавалася, што раней было менш лічбаў і болей ежы.
Усе загады цяпер абвяшчаліся праз Віскуна або яшчэ каго з свінняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыдні. Калі ён з'яўляўся, пры ім быў не толькі сабачы почт, але і чорны певень, які быў нібы за трубача і крычаў гучнае «кукарэку!» кожны раз перад тым, як Напалеон збіраўся нешта сказаць. Казалі, што нават у сядзібе Напалеон жыў у асобных ад усіх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над ім чуйнавалі два сабакі, і еў ён заўсёды з абеднага сервізу «Краўн Дарбі», які раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўні. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як і ў дзве іншыя гадавіны.
Пра Напалеона цяпер ніколі не казалі проста «Напалеон». Афіцыйна яго цяпер заўсёды называлі толькі «наш Правадыр таварыш Напалеон», і свінні любілі прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсіх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнік Авечага Статка, Сябра Качанятаў і падобнае. У сваіх прамовах Віскун, заліваючыся слязьмі замілавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца і пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсім свеце, асабліва ж да няшчасных жывёлаў, якія жылі ў няведанні і рабстве на іншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне і за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кіраўніцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоі радасна ўсклікалі: «Дзякуючы кіраўнічай ролі таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуцці на ферме былі добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» і гучала так:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу