Стары чалавек убачыў адбіты ў акіяне водбліск агнёў горада тады, калі было, пэўна, гадзін дзесяць вечара. Напачатку ледзьве прыкметны, як святло, што бывае на небе перад узыходам месяца, водбліск стаўся пасля выразна бачны на паверхні акіяна, па якім вятрыска гнаў хвалі. Ён стырнаваў на гэтае зарыва і меркаваў, што неўзабаве будзе край плыні.
«Усё скончана, — думаў стары чалавек. — Праўдападобна, яны зноў нападуць на мяне. Але што проці іх можа зрабіць чалавек у цемры і без зброі?»
Скалелы, ён адчуваў сябе хворым, а ягоныя раны і найбольш натруджаныя часткі цела нылі на холадзе. «Усё ж я спадзяюся, што не давядзецца змагацца зноў, — падумаў ён. — Як я хачу спадзявацца на гэта!»
Але апоўначы ён змагаўся, хоць на гэты раз ведаў: змаганне бескарыснае. Яны з'явіліся гуртам, і ён мог угледзець толькі лініі, што крэслілі па вадзе плаўнікі, ды фосфарыстае свячэнне, якое сыходзіла ад акул, калі яны накінуліся на рыбіну. Ён лупасіў тых па галовах і чуў, як іхнія сківіцы адсякаюць кавалкі мяса і як скаланаецца човен, калі акулы спадыспаду шматуюць рыбіну. Стары чалавек адчайна лупасіў па тым, што ён толькі адчуваў і чуў, але не бачыў, і раптам тое штосьці схапіла дубінку, і больш яе не было.
Вырваўшы румпель са стырна, ён біў і цяў ім, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў і зноў. Але яны падабраліся ўжо да носа лодкі, налятаючы на рыбіну то паасобку, то гурмой, ірвучы кавалкі мяса, і стары чалавек бачыў, як тыя кавалкі блішчалі ўнізе ў вадзе, калі акулы заварочваліся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз.
Нарэшце адна падплыла і ўсадзіла зубы ў галаву рыбіны, і стары чалавек падумаў: усё, па змаганні. Ён гваздануў румпелем туды, дзе акуліны зубы завязлі ў цвёрдай галаве марліна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два і тры разы. Ён пачуў, як трэснуў румпель, і тады памкнуў наперад з расшчэпленым дзяржальнам. Адчуўшы, як той працяў мяса акулы, і ведаючы вастрыню ягоную, стары чалавек загнаў дзяржальна ў акулу ізноў. Тая, пакінуўшы рэшткі свае ахвяры, павалюхала ад чоўна. Гэта была апошняя акула з гурта, які прыходзіў. Больш ім не было чаго есці.
Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў і адчуваў у роце дзіўную нейкую, з прысмакам медзі саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасці гэтай было небагата.
Ён сплюнуў у акіян і сказаў:
— Ешце гэта, galanos, і хай вам трызніцца, што вы забілі чалавека.
Ён разумеў, што разбіты канчаткова і непапраўна, і пайшоў назад на карму. Уставіўшы ў адтуліну стырна няроўны зламаны канец румпеля, ён пераканаўся, што зможа больш-менш няблага кіраваць стырном. Стары чалавек акрыў мяшком плечы і ўзяў ранейшы курс. Зараз ён плыў лёгка, а ў галаве ягонай не было ані пачуццяў, ані думак. Нічога ўжо яго не абыходзіла, і ён вёў свой човен дадому, да прыстані, пільна і ўмела, як толькі мог. Уночы акулы накідваліся на шкілет, усё адно як прыбіралі са стала крошкі. Стары чалавек не зважаў ні на іх, ні на што яшчэ апрача стырнавання. Ён адно заўважыў, як лёгка і плаўна кіруе зараз човен, калі побач з ім няма вялізнага цяжару.
«Яна спраўная [40] Для старога чалавека човен — разумная істота жаночага роду.
, — падумаў ён. — Цэлая і зусім не пашкоджаная, калі не лічыць румпеля. Але той няцяжка змяніць».
Стары чалавек адчуваў, што зараз ён усярэдзіне плыні, адсюль яму былі відаць агні паселішчаў уздоўж берага. Стары чалавек ведаў, дзе ён, адгэтуль было рукой падаць дадому.
«Вецер — вось хто наш сябра, — падумаў ён. — Часамі, — дадаў ён. — І вялікае мора з нашымі прыяцелямі і ворагамі, і пасцель. Пасцель будзе найвялікшай асалодай. Як лёгка пераможанаму, — падумаў ён. — Я ніколі не ведаў гэтага. І што ж цябе перамагло?» — задаў ён сабе пытанне.
— Ды нічога, — вымавіў ён уголас. — Проста я занадта далёка заплыў.
Калі ён заходзіў у маленькую бухту, агні на «Тэрасе» ўжо не гарэлі, і ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набіраў сілу і цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гавані было спакойна, і ён падплыў да малой лапіны галькі пад скаламі. Навокал не было нікога, каб яму дапамагчы, дык ён і павеславаў, як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкі ды прывязаў яе да скалы.
Стары чалавек выцягнуў мачту, скруціў ветразь і завязаў яго. Узваліўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькі тады ён уведаў усю глыбіню свае стомы. Стары чалавек прыпыніўся на момант і зірнуў назад, і ўбачыў у водбліску вулічнага святла вялізны хвост рыбіны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лінію ягонай хрыбетніцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галізну рэшты.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу