Але вось — крокі таго, чый прыход немінучы.
У наваколлі нешта парушылася. Гэтак палена, якое, здавалася, загасла, нечакана з трэскам шпурляе ўгору сноп іскрынак. Якая таемная сіла прымусіла ўсю даліну імгненна зрэагаваць на нашу прысутнасць? Восенню дрэвы рассяваюць сваё насенне. Чаму яно раптам імкліва ляціць у нас і, здаецца, запаўняе сабой увесь свет?
Маё першае адчуванне — што я ў нечым схібіў. Я ўсё скасаваў. Калі раўнавага занадта няўстойлівая, дастаткова бывае міргнуць вокам ці варухнуць пальцам. Альпініст кашлянуў, і лавіна скранаецца з месца. А калі яна скранулася, літасці не чакай.
Мы з цяжкасцю брылі па гэтым сінім балоце, ужо затопленым цемрай. Мы ўзбаламуцілі спакойную твань, і вось яна ўскінулася да нас дзесяткамі тысяч залатых бурбалачак.
На сцэну выскачыла процьма жанглёраў. Процьма жанглёраў ускідвае ўгору дзесяткі тысяч шарыкаў, якія адзін за адным ляцяць у наш бок. 3-за адсутнасці вуглавога адхілення яны здаюцца нам нерухомымі, але потым, як тыя шарыкі, што хвацкі жанглёр не падкідвае, а нібы выпускае на волю, павольна ўзнімаюцца ўгору. Я бачу, як зіхоткія слёзы цякуць да мяне скрозь багністую цішыню. Цішыню, якая бласлаўляе выступленне жанглёраў.
Кожная кулямётная чарга ці залп хуткастрэльных зенітак вышпурвае сотні снарадаў ці трасіруючых куль, якія прасоўваюцца, як пацеркі ружанцаў. Тысячы гнуткіх ружанцаў цягнуцца да нас, іх пругкія ніткі напінаюцца з такой сілай, што рвуцца на нашай вышыні.
А калі паглядзець збоку, відно, што снарады, якія не пацэлілі ў нас, на самай справе ляцяць з галавакружнай хуткасцю. Слёзы ператвараюцца ў бліскавіцы. Я трапіў у бязмежнае поле траекторый, якія адліваюць золатам спелай пшаніцы. Я трапіў у непраходныя нетры ўскінутых коп'яў. Мне пагражае процьма іголак, якія ўчынілі нейкі галавакружны карагод. Уся даліна працягнула да мяне свае ніці і тчэ вакол мяне зіхоткі невад.
Калі я схіляюся над зямлёй, бачу столькі бліскучых бурбалак, якія ўзнімаюцца марудна, быццам плёнка туману. Я бачу павольнае віраванне насення: гэтак узлятае мякіна, калі малоціш сноп! Але калі глядзець па гарызанталі — вакол мяне адны коп'і, жмукі коп'яў! Агонь? Ды не ж! Мяне атакуюць халоднай зброяй! Я бачу адны зіхоткія мячы! Я адчуваю… Якая там небяспека! Я аслеплены дзівоснасцю наваколля!
— Тр-р-рах!
Мяне на дваццаць сантыметрау падкінула над сядзеннем. На самалёт быццам абрушыўся ўдар тарана. Ён раструшчаны, расцёрты ў парашок… Але не… не… я адчуваю, што ён яшчэ паддаецца кіраванню. Гэта толькі першы ўдар абяцальнага граду ўдараў. Аднак я зусім не заўважаю выбухаў. Відаць, дым зліваецца з цёмнай зямлёй: я ўзнімаю галаву і гляджу ўгору.
I бачу — ратунку няма.
Падаўшыся да зямлі, я не заўважыў, што пустая прастора паміж хмарамі і мной спакваля пашырылася. Трасіруючыя снарады праменіліся пшанічным святлом: адкуль было мне ведаць, што, дасягнуўшы сваёй вяршыні, яны ўтыкаюць у неба нешта цёмнае, быццам забіваюць цвікі? Я бачу, як гэтыя дымкі разрываў ужо збіраюцца ў кудлатыя піраміды, якія адплываюць назад, як цяжкія марудныя палярныя льдзіны. Калі глядзець на іх з такой адлегласці, здаецца, што сам ты нерухомы.
Я ведаю, што гэтыя збудаванні, ледзьве ўзнікнуўшы, страчваюць сваю небяспечную сілу. Кожны з гэтых камякоў мае ўладу над жыццём і смерцю толькі нейкую сотую долю секунды. Але неўпрыкмет яны атачылі мяне з усіх бакоў. 3 іхнім з'яўленнем над маёй галавой навіс цяжар грознага выраку.
Гэтыя бесперапынныя бясшумныя выбухі, заглушаныя рыкам матора, ствараюць ілюзію незвычайнай цішыні. Я нічога не адчуваю. Ува мне чорнае вока пустэчы чакання, быццам да мяне прыйшлі параіцца мае суседзі.
Я думаю… Я ўсё-такі думаю: «Яны бяруць занадта высока!» Я закідваю галаву і бачу, як, быццам з неахвотай, адлятае назад цэлая чарада арлоў. Яны адмовіліся ад здабычы. Але спадзявацца няма на што.
Гарматы пачынаюць прыстрэльвацца. Сцяна разрываў зноў вырастае ўжо на нашай вышыні. Кожная вогненная кропка за некалькі секунд стварае сваю піраміду выбухаў, але тут жа выракаецца яе, бескарыснай, каб стварыць новую ў іншым месцы. Агонь не шукае нас: ён бярэ нас у жменю.
— Дзютэртр, далёка яшчэ?
— Пратрымацца б яшчэ хоць тры хвіліны, мы б закончылі, але…
— Можа, праб'ёмся…
— Дзе там!
Якая яна злавесная, гэтая шараватая імгла, шэрая, быццам зваленае ў кучу рыззё. А даліна была сіняя. Бязмежна сіняя. Сіняя, як марское прадонне…
Колькі яшчэ я магу пратрымацца? Дзесяць секунд? Дваццаць? Выбуховыя хвалі калоцяць мяне цяпер няспынна. Самыя блізкія лупяць па самалёце, як каменне па бубне. I тады ўвесь самалёт азываецца амаль музычным водгуллем. Ненкі дзіўны стогн… Значыць, снарады праляцелі побач. Гэта як з бліскавіцай: чым яна бліжэй, тым усё прасцей. Часам я адчуваю саамы звычайны штуршок: значыць, нас зачапіла асколкам. Драпежны звер, забіваючы быка, не ўстрэсвае яго. Ён упэўнена, без абмашкі запускае ў яго кіпцюры. Ён з налёту завалодвае быком. Гэтак і прамыя пападанні проста ўпіваюцца ў самалёт, як у мускул.
Читать дальше