— Дрэнь справы, пан капітан…
Ты чуеш, Паўла? Справы дрэнь. I ўсё-такі я не магу не здзіўляцца сінечы гэтага вечара. Яна такая незвычайная! Колер да таго глыбокі! І гэтыя імклівыя садовыя дрэвы, — магчыма, слівы. Я ўпісаўся ў гэты пейзаж. Бывайце, вітрыны! Я злодзей, які пераскочыў цераз агароджу. Шырока ступаю я па ўраселай канюшыне і краду слівы. Паўла, гэта бязглуздая вайна. Тужлівая і такая сіняя вайна! Я трошкі разгублены. Я знайшоў гэтую дзівосную краіну пад старасць… О не, я не баюся. Трошкі сумна, толькі ўсяго.
— Манеўруйце, капітан!
Гэта новая гульня, Паўла! Націснеш правай нагой, націснеш левай — і артылерыя збіта з панталыку. Калі я падаў, я набіваў сабе шышкі. Ты, канечне, загойвала мне іх прымочкамі. Хутка мне пазарэз спатрэбяцца твае прымочкі. I ўсё-такі, ведаеш… Яна проста казачная, гэтая вечаровая сінеча!
Там, наперадзе, я заўважаю тры пушчаныя ў разлёт коп'і. Тры вертыкальныя сцябліны, доўгія і зіхоткія. Сляды трасіруючых куль ці снарадаў малога калібру. I такія залачавыя. Я раптам бачу, як у сінечы вечара ўгору ўзносіцца асляпляльны бляск патройнага кандэлябра…
— Капітан! Злева страшэнны агонь! Бярыце ўправа!
Цісну на педаль.
— О, дрэнь справы…
Справы дрэнь, але я не выбіваюся па-за межы свайго свету. Са мной усе мае ўспаміны, усе надбаныя скарбы, усе, каго я люблю. Са мной маё маленства, якое, нібы корань, губляецца ў змроку. Я пачаў жыццё тугой успамінаў… Справа дрэнь, але я зусім не адчуваю таго, што меркаваў адчуць у кіпцюрах гэтых знічак.
Я ў любай майму сэрцу краіне. Вечарэе. Злева вялікія прагалы святла між навальнічнымі хмарамі ўтвараюць прамавугольныя вокны храма. Я амаль кранаюся рукой усіх гэтых дзівосаў — яны за два крокі ад мяне. Вось дрэвы, усыпаныя слівамі. Вось зямля — яна пахне зямлёй. Як хораша, мусіць, хадзіць па расе. Ведаеш, Паўла, я лячу ціха-ціха, перавальваюся з боку на бок, нібы воз з сенам. Здаецца, што самалёт ляціць імкліва… Канечне, калі ты думаеш пра гэта! Але калі забыць пра машыну, калі глядзець па баках, тады гэта — як прагулянка за ваколіцай…
— Арас…
Так. Там, на даляглядзе. Але Арас — не горад. Арас — гэта ўсяго толькі чырвоны кнот на фоне начной сіні. На фоне навальніцы. Бо ўжо ясна — злева і спераду насоўваецца залева. Адным змярканнем гэткую цямнечу не вытлумачыць. Такая цемра магчыма толькі пад агромністым скопішчам хмар…
Зарава Араса пабольшала. Гэта не зарава пажару. Пажар распаўзае ўшыркі, як язва, акаймаваная жывым мясам. А гэты чырвоны кнот, бесперапынна сілкаваны гаручым, нагадвае кнот трошкі чаднай лямпы. Гэтае полымя гарыць спакойна, упэўненае, што не згасне, што гаручага дастаткова. У ім адчуваецца кампактная, амаль важкая плоць, якую часам пакалыхвае вецер, раскачвае, нібы дрэва. Вось іменна, дрэва… Гэтае дрэва апляло Арас сеццю сваіх каранёў. І ўсё, што ёсць у Арасе, усе запасы Араса, усе скарбы Араса ўздымаюцца ўгору, ператвораныя ў сокі, якія сілкуюць дрэва.
Я бачу, як гэтае, часам надта цяжкае полымя, хілячыся то ўправа, то ўлева, выплёўвае клубы чорнага дыму, потым зноў выпростваецца. Але я ўсё яшчэ не магу разгледзець горада. У гэтым зараве — уся вайна. Дзютэртр кажа, што справы дрэнь. Спераду відней. А мяне болей за ўсё здзіўляе паблажлівасць лёсу, ці што: гэтая атрутная даліна шпурляе ў нас не так ужо й шмат пагібельных зор.
Так, але…
Ты ведаеш, Паўла, у дзівосных казках майго маленства рыцар на шляху да таямнічага зачараванага замка праходзіў праз страшныя выпрабаванні. Ён узбіраўся на ледавікі. Пераадольваў прорвы, разгадваў задумы здраднікаў. Нарэшце перад ягонымі вачыма паўставаў замак пасярод блакітнай даліны, па якой, як па алеі, мякка скакаў ягоны конь. Рыцар ужо лічыў сябе пераможцам… Ах, Паўла, таго, хто ведае, што такое казка, не ашукаеш! Менавіта тут заўсёды і пачыналася самае цяжкае!..
Я таксама лячу скрозь вечаровую сінь да свайго вогненнага замка, як некалі… Ты з'ехала ад нас надта рана і не ведаеш нашых гульняў, табе не надарылася гуляць з намі ў «рыцара Аклена». Мы самі прыдумалі гэтую гульню, бо мы пагарджалі звычайнымі забавамі. У гэтую гульню мы гулялі ў тыя дні, калі насоўвалася цяжкая навальніца, калі пасля першых маланак па своеасабліваму водару і раптоўнаму трымценню лістоты мы адчувалі, што вось-вось хлыне лівень. Лістота ператвараецца тады на момант у лёгкую, шумную пену. Гэта было сігналам… Нішто ўжо не магло нас тады ўтрымаць!
3 глыбіні парку праз шырокія палянкі мы штосілы ляцім дахаты. Першыя кроплі навальнічнага ліўню падаюць цяжка і рэдка. Першы, у каго пацэльвае кропля, лічыцца пераможаным. Потым другі. Пасля трэці. Затым і ўсе астатнія. Той, хто даўжэй за ўсіх заставаўся нечапаным, быў, безумоўна, улюбёнцам багоў, ён быў непаражальны! I яму даставалася права — аж да наступнай навальніцы — насіць імя «рыцара Аклена»…
Читать дальше