Між тым сямейныя сваркі не спыняліся, і паміж мужам і жонкаю разыгрываліся ўсё болей цяжкія сцэны; магчыма, незразумелая злосць Крэсчэнцы часткова была прычынаю раздражняльнасці баранесы, якая расла дзень у дзень. Занадта працяглае дзявоцтва, якое разладзіла яе нервы, горыч ад халоднасці да яе барона, задзірлівыя варожыя паводзіны слуг — усё гэта прывяло да таго, што разнерваваная ўсё болей траціла кантроль над сабою. Дарэмна яе шпігавалі бромам і вераналам; штучна стрыманае ўзбуджэнне з падвоенаю сілаю прарывалася ў час сутычак, і ўсё заканчвалася істэрычнымі прыпадкамі і плачам, прычым ніхто не спагадаў ёй і нават не спрабаваў паказаць, што шчыра хоча ёй дапамагчы. Нарэшце доктар, да якога звярнуліся за парадаю, параіў ёй паехаць на два месяцы ў санаторый. Звычайна вельмі няўважлівы муж з такою раптоўнаю заклапочанасцю адобрыў гэтую прапанову, што баранеса, якою зноў авалодаў недавер, спачатку не згадзілася ехаць. Але ўрэшце яе ўсё-такі пераканалі; было вырашана, што пакаёўка паедзе з гаспадыняю, а Крэсчэнца застанецца адна на ўсю вялікую кватэру абслугоўваць барона.
Вестка, што клопаты пра гаспадара будуць давераны ёй адной, уздзейнічала на непаваротлівы розум Крэсчэнцы як моцны ўзбуджальны сродак. Быццам усе жыццёвыя сокі гэтай жанчыны дагэтуль былі змешчаны ў чарадзейнай бутэлечцы, і цяпер, калі яе моцна страсянулі, з самых глыбінь яе істоты, з самага дна, паднялася затоеная страснасць і цалкам перайначыла яе. Ранейшую няўклюднасць як рукою зняло; ледзяны панцыр, які быццам скаваў яе, растаў, і рухі, хада ў яе сталі лёгкія і энергічныя. Наэлектрызаваная радаснаю весткаю, яна насілася па пакоях, бегала ўгору і ўніз па лесвіцы; не чакаючы распараджэнняў, памагала рыхтавацца да ад’езду, сама адна спакаваля ўсе чамаданы і занесла іх у карэту. А ўвечары, калі барон вярнуўся з вакзала і, аддаючы Крэсчэнцы палку і паліто, з уздыхам палёгкі сказаў: «Шчасліва выправадзіў!», адбылося нешта небывалае. Раптам вакол шчыльна сціснутых губ Крэсчэнцы, якія дагэтуль, як у жывёл, ніколі не смяяліся, пачалося нейкае дзіўнае пацепванне, рот скрывіўся, расцягнуўся, і нечакана яе твар асвяціўся такою дурнаватаю, радаснаю, жывёльна адкрытаю ўсмешкаю, што барона гэта непрыемна ўразіла, і ён моўчкі, саромеючыся сваёй недарэчнай фамільярнасці, пайшоў да сябе ў пакой.
Але гэтая мімалётная збянтэжанасць хутка знікла, і ўжо ў бліжэйшыя дні абодва, гаспадар і служанка, аднадушна цешыліся чароўным адчуваннем спакою і прыемнай свабоды. Ад’езд баранесы як бы разагнаў навіслыя над домам навальнічныя хмары; вольны муж, шчасліва збаўлены ад пастаяннага абавязку даваць справаздачу пра ўсе свае ўчынкі, ужо ў першы вечар прыйшоў дадому вельмі позна, і маўклівая паслужлівасць Крэсчэнцы незвычайна кантраставала з вельмі ўжо шматслоўным прыёмам, які звычайна аказвала яму жонка. Крэсчэнца ў сваю чаргу з вялікім стараннем завіхалася ў гаспадарцы: уставала на досвітку, да бляску начышчала ручкі і клямкі, як заведзеная, скрэбла і мыла, прыдумвала надзвычайна смачныя стравы, і ўжо ў першы дзень, за абедам, барон са здзіўленнем убачыў, што дзеля яго аднаго пастаўлены каштоўны сервіз са срэбра, які бралі з буфета толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Барон наогул не вызначаўся ўважлівымі адносінамі да свайго атачэння, але і ён не мог не заўважыць клапатлівай, амаль пяшчотнай паслужлівасці гэтай дзіўнай істоты; а таму што з характару ён быў чалавек дабрадушны, то і не скупіўся на пахвалу. Ён хваліў прыгатаваныя ёю стравы, час ад часу звяртаўся да яе з прыветлівымі словамі, а калі аднаго разу раніцаю ў дзень баронавых імянін на стале з’явіўся цудоўны торт з яго ініцыяламі і гербам, высыпаным цукрам, ён весела засмяяўся і сказаў:
— Ты ж мяне зусім збалуеш, Чэнці! А што я буду рабіць, калі, не дай бог, зноў вернецца мая жонка?
Аднак барон яшчэ некалькі дзён стрымліваўся і не даваў сабе поўнай волі. Але потым ён па многіх прызнаках пераканаўся, што Крэсчэнца яго не выдасць, і завёў у доме дашлюбныя халасцяцкія парадкі. На чацвёрты дзень свайго саламянага ўдаўства ён паклікаў да сябе Крэсчэнцу і без доўгіх тлумачэнняў абыякавым тонам распарадзіўся, каб яна ўвечары падрыхтавала халодную вячэру на дзве асобы, а сама ішла спаць, — астатняе ён усё зробіць без яе. Крэсчэнца выслухала яго моўчкі, не маргнуўшы вокам; нельга было вызначыць, што яна зразумела сэнс яго слоў, што ён дайшоў да яе нізкага лба. Аднак вельмі хутка барон з вясёлым здзіўленнем пераканаўся, што Крэсчэнца добра ведала, што меў на ўвазе яе гаспадар, бо калі ён позна ўвечары вярнуўся з тэатра дадому з маладзенькай вучаніцай опернай студыі, то не толькі стол быў вытанчана сервіраваны і ўпрыгожаны кветкамі, але і ў спальні побач з яго ложкам быў падрыхтаваны нанач яшчэ адзін і госцю чакалі пантофлі і шаўковы шлафрок баранесы. Муж, які вырваўся на волю, мусіў міжвольна ўсміхнуцца, пабачыўшы такую выключную стараннасць служанкі. Усякая сарамлівасць перад гэтай вернай саўдзельніцай знікла сама па сабе, і ўжо раніцай ён паклікаў яе званком, каб яна памагла адзецца даме яго сэрца; гэта канчаткова замацавала іх маўклівую згоду.
Читать дальше